«Хатыняў з боку Арміі Краёвай не было». Мельнікаў пра казытлівыя моманты беларуска-польскай гісторыі


[vc_row][vc_column][vc_video link=”https://youtu.be/LRVl6RqlLQI?t=7m6s”][vc_column_text]На сустрэчы з маршалам польскага сенату Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў абедзвюх краінах – «блізкая, а часам – агульная гісторыя», а Беларусь будзе «заўсёды адкрытай» да заходніх суседняў. Пра Армію Краёвую, Бярозу-Картузскую і беларускіх дэсантнікаў у польскім войску Сяргей Пеляса гутарыць з гісторыкам Ігарам Мельнікавым.

Якія пытанні да супольнага мінулага могуць узнікаць як у палякаў, гэтак і ў беларусаў?

Самае галоўнае – гэта 20-е стагоддзе, Другая сусветная вайна і тое, што папярэднічала гэтай вайне: перш за ўсё, падзеі верасня 1939 года, беларускі катынскі спіс – трагедыя амаль трох тысячаў грамадзянаў Другой Рэчыпаспалітай, якія зніклі на тэрыторыі Беларусі. Мноства людзей былі дэпартаваныя, выселена. Гісторыя гэтых людзей сёння цікавіць палякаў і, безумоўна, беларусаў.

Варта памятаць, што Армія Краёвая і яе дзейнасць – актуальная для Беларусі тэма да сёння.

У беларускім дапаможніку па гісторыі для 10-га класа напісана, што Армія Краёвая спаліла дзве вёскі, а яе ахвярамі сталі каля 10 тыс. беларусаў. Частка гісторыкаў, аднак, лічыць, што гэта – няпраўда, што такой колькасці ахвяраў АК не было. Ці гісторыя АК асветленая ў Беларусі абʼектыўна?

Гэта спадчына СССР: міфы, якія існавалі ў савецкай гістарыяграфіі, проста перайшлі ў сучасную беларускую гістарыяграфію.

Злачынствы з боку партызанаў – польскіх і савецкіх – былі: гэта была партызанская вайна. Калі казаць пра гэтую канкрэтную сітуацыю, яе трэба вывучаць і глядзець, што там адбывалася. «Акаўцы» ўчынялі злачынствы і забівалі ў тым ліку беларусаў. Але трэба збіраць факты, каб не казаць галаслоўна, што «палілі вёскі».

Калі мы кажам «спаленая вёска», перад вачыма ўсплывае Хатынь, а насамрэч «акаўскіх» хатыняў не было. Былі злачынствы, але варта памятаць, што былі правакацыі: савецкі бок не ўспрымаў польскую партызанку як удзельніка барацьбы з нацызмам, і Панамарэнка адкрыта заклікаў да барацьбы з «акаўцамі». Пра гэта ў беларускіх падручніках не пішуць, а варта было б.

17 верасня 1939 года для палякаў стала ўдарам у спіну, для беларусаў – аб’яднаннем Заходняй і Усходняй БССР. Ці гэтая справа выклікае спрэчкі паміж беларускімі і польскімі гісторыкамі?

Гісторыкі ўжо разумеюць, што гэта была за падзея, і я заўсёды кажу, што без 17 верасня сённяшняй Беларусі банальна б не было. Але варта памятаць, якім коштам адбывалася гэтае ўз’яднанне: колькі людзей было забілі і дэпартавалі. Хоць, з другога боку, мы сталі 10-мільённай рэспублікай і з намі пачалі лічыцца нават у Крамлі.

Мы сталі 10-мільённай рэспублікай і з намі пачалі лічыцца нават у Крамлі.

Цяпер самае галоўнае – каб беларускае і польскае грамадства пачалі разумець, што гэта была трагедыя, звязаная з Другой сусветнай вайной, але гэтыя тэрыторыі, хоць і звязаныя з Польшчай, – усё ж такі беларускія.

У міжваеннай Польшчы афіцыйна жыло каля мільёна беларусаў, неафіцыйна – магчыма, значна болей. Гэта выклікала пэўную напружанасць: не была да канца вызначаная палітыка ў дачыненні да беларускай меншасці, з боку тагачаснага ўраду былі рэпрэсіі, сімвалам якіх стала Бяроза-Картузская. Колькі ў гістарыяграфіі праўды, а колькі – фэйку, калі мы кажам пра гэты канцлагер?

Цяпер ты закрануў той балючым момант, які польскія гісторыкі адзначаюць, як наш супольны спрэчны момант.

Бяроза – той міф, які актыўна выкарыстоўваўся ў савецкай беларускай прапагандзе. Гэта не прыўкрасная старонка гісторыі Польшчы, але гэта быў не канцэнтрацыйны, а ізаляцыйны лагер: там людзей трымалі не гадамі, а цягам некалькіх месяцаў. Там, сапраўды, памерлі некалькі чалавек: людзі знаходзіліся там у цяжкіх умовах. Але варта памятаць, што ў БССР у той час быў Гулаг. Калі беларуская інтэлігенцыя трапляла ў Бярозу-Картузскую, яны маглі перасядзець і жыць далей. Калі беларускі інтэлігент трапляў у рукі НКУС, ён заканчваў жыццё ў Курапатах бо Гулазе.

Калі беларускі інтэлігент трапляў у рукі НКУС, ён заканчваў жыццё ў Курапатах бо Гулазе.

Гэтую тэму варта даследаваць і асвятляць шырэй: у Бярозе-Картузскай сядзелі як крымінальнікі, якія потым выходзілі і помсцілі палякам, гэтак і інтэлігенты – беларускія і польскія зрэшты – якія былі вымушаныя прасці праз гэты жах.

Сёлета на дзяржаўным узроўні адбыўся пералом – Макей перадаў міністру замежных справаў Польшчы шэраг дакументаў, якія датычаць лёсаў мноства палякаў на тэрыторыі Беларусі. Што ў гэтай справе можна зрабіць яшчэ?

Цяпер Інстытут нацыянальнай памяці зацікавіўся, каб паставіць мемарыяльную табліцу кургане на тэрыторыі Бабруйскай крэпасці – месцы пахавання «даўбурчыкаў» (жаўнераў 1-га корпусу Польшчы ў Расеі, які генерал Юзафа Доўбар-Мусніцкі стварыў з польскіх жаўнераў расейскага войска ў 1917 годзе – Заўв. «Белсат»).

Цяпер ты пішаш новую кнігу – пра беларусаў, якія ўдзельнічалі ў вызваленні Галандыі ад нацыстаў у складзе польскай паветрана-дэсантнай брыгады. Распавядзі пра гэты праект.

Гэта досыць цікавы момант нашай гісторыі. Мы шмат ведаем пра «андэрсаўцаў» і 2-і польскі корпус, але ўдзел нашых суайчыннікаў у аперацыі «Market Garden» і вызваленні Галандыі ў верасні 1944-га выпаў з беларускага гістарыяграфічнага кантэксту. Мноства беларусаў засталіся назаўсёды ў галандскай зямлі.

Польскі кантэкст гэтай гісторыі стаў ужо вядомым, пра беларускі пачатак я закладаю ў сваёй новай кнізе, якая выйдзе ўвесну. Там будзе шмат матэрыялаў і здымкаў – спадзяюся, яна выкліча цікавасць з боку беларусаў.

Поўную размову Сяргея Пелясы з Ігарам Мельнікавым глядзіце ў відэа.

Стужка навінаў