Арменія: Зрабіць немагчымае, як і Беларусі


Больш за семдзесят адсоткаў галасоў выбаршчыкаў – вынік амаль на ўзроўні тых постсавецкіх уладароў, якія так зацята крытыкавалі Пашыньяна падчас першых месяцаў ва ўладзе. Чакаецца, што ўчорашняга лідэра вулічнай рэвалюцыі абяруць прэм’ерам і яму прыйдзецца сутыкнуцца з новымі выклікамі.

«Галоўная задача на першыя сто дзён Пашыньяна гэта дэманстрацыя таго, што ён палітык новага пакалення, што ён не ператворыцца ў дыктатара, бо такія асцярогі гучаць. І што яго вядомы радыкалізм не будзе замінаць яму весці Арменію абраным шляхам», лічыць беларускі палітолаг Яўген Красулін.

Якім жа будзе гэты новы паслярэвалюцыйныя шлях? Сам Пашыньян ўжо пасля электаральнага трыумфу заявіў, што Ерэван збіраецца актыўна супрацоўнічаць і з Еўразвязам і з Расеяй. У НАТА Арменія не збіраецца, затое плануе развіваць адносіны з АДКБ. Гучыць знаёма падобную рыторыку чуюць беларусы вось ужо на працягу двух дзесяцігоддзяў. У Менску гэта атрымліваецца з усё большай цяжкасцю, а якія шанцы на армянскую шматвектарнасць?

«Армянскаму кіраўніцтву трэба зрабіць нешта немагчымае, каб засцерагчы краіну ад узрушэнняў на фоне тых турбулентных працэсаў і ў рэгіёне і вакол яго. А ўсё таму, што ў нас няма такога запасу трываласці, як у Украіны», кажа палітолаг з Армянскага інстытуту міжнародных адносін і бяспекі Рубэн Меграбян.

Гэта значыць, як і Беларусі, Арменіі прыйдзецца лавіраваць у межах ўсё больш жорсткай расейскай інтэграцыі. З іншага боку той жа Лукашэнка рэгулярна крытыкуе дзеянне расейскіх інтэграцыйных праектаў – маўляў і мытны саюз ледзь працуе і ў ЕАЭС Расія ўціскае партнёраў. Яго часта падтрымлівае і Нурсултан Назарбаеў. На гэтым фоне Ерэван мог бы супрацоўнічаць з Менскам і Астаной… калі б не Баку.

«На шляху збліжэння Пашыньяна і Лукашэнкі стаіць такі важны фактар, як асабістыя адносіны паміж Лукашэнкам і Аліевым. А мяркуючы па радыкальным заявах Пашыньяна, ён не мае намеру шукаць вырашэння карабахскага канфлікту і спрэчка з Азербайджанам будзе працягвацца», – працягвае Красулін.

У Ерэване згодныя з беларускiм экспертам, што справа не толькі ў асабістай непрыязнасці посткамуністычных аксакалаў Назарбаева і Лукашэнкі да Пашыньяна. Хутчэй тутсвоеасаблівая палітычная рэўнасць да Крамля.

«Як гэта ў Арменіі дазволіла Масква рэвалюцыю, а калі тое ж самае дазволіць і ў нас. У кіруючых дакументах АДКБ каляровыя рэвалюцыі ідуць у спісе галоўных пагроз і ідуць у адным спісе з арганізаванай злачыннасцю і тэрарызмам», – сцвярджае Рубэн Меграбян.

Нядзіўна, што той амаль тэрарыст, у разуменні лідэраў краін АДКБ ледзь толькі паспеў прыйсці да ўлады, як выклікаў незадаволенасць Менску і Астаны праз нежаданне аддаць Беларусі старшынства ў АДКБ.

«Былі такія канфлікты і ў Сержа Саргсяна з Назарбаевым напрыклад. І Пашыньян працягвае дзейнічаць у тым жа рэчышчы – ён спрабуе прасоўваць інтарэсы Арменіі і спрабуе зрабіць усё, каб прынесці карысць Арменіі, застаючыся ў гэтых міжнародных арганізацыях», – тлумачыць эксперт у сферы міжнародных канфліктаў Артак Аюнтс.

А інакш – ніяк, разводзяць рукамі эксперты. Нават калі прыняць за чыстую манету праеўрапейскія памкненні Пашыньяна, Ерэван за гэтыя гады занадта зблізіўся з Масквой.

«Калі Азербайджан і Турцыя абвясцілі Арменіі фактычную эканамічную блакаду, адзінае, што стрымлівала Арменію на плыву – гэта адносіны з Расеяй. Таму разрываць адносіны з Масквой, на што намякаў Пашыньян будучы шараговым сябрам парламенту – проста немагчыма», – лічыць Яўген Красулін.

З Азербайджанам Арменія знаходзіцца дэ-факта ў стане вайны з-за Нагорнага Карабаха. Баку ў гэтым пытанні актыўна падтрымлівае Стамбул, які зачыніў мяжу з Арменіяй яшчэ чвэрць стагоддзя таму назад. Пашыньян на днях прапанаваў Эрдагану сесці за стол перамоваў без нейкіх папярэдніх умоў.

«Адказ быў такі, маўляў – не будзе ніякага прагрэсу паміж Арменіяй і Турцыяй, пакуль Арменія не вызваліць акупаваныя тэрыторыі Азербайджана. Гэта такі адказ, які кажа, што ў бліжэйшы час нейкіх пазітыўных зменаў чакаць немагчыма», – кажа канфлікталогіі Артак Аюнтс.

Армяне з пачатку дзевяностых займаюць і лічаць сваімі шэраг тэрыторый, якія належалі савецкаму Азербайджану. Але ў гэтай гістарычнай спрэчцы прайграюць не ўсё…

«Мы жывем у рэгіёне, які магчыма з’яўляецца самым фрагментаваным на глобусе, у сілу нявырашаных канфліктаў. І бенефіцыярам такога становішча з’яўляецца выключна Расія. Усе тут прайгралі», – падкрэслівае Рубэн Меграбян.

Крэмль уцягнуў краіны-ўдзельніцы канфлікту ў сваю сферу ўплыву. Расея і Беларусь прадаюць зброю Азербайджану, з’яўляючыся ваенным саюзнікам Арменіі. Мінск настолькі залежыць ад Крамля, што адмовіцца ад такой навязанай дружбы – проста не можа.

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Алінай Коўшык:

Фота: REUTERS / Hayk Baghdasaryan / Photolure / FORUM

Стужка навінаў