Арменія выбірае. Ці ёсць альтэрнатыва Пашыньяну?




Аксамітная рэвалюцыя ў Арменіі дала магчымасць паўдзельнічаць у палітыцы кожнаму – і з яе скарысталіся. Паралельна з рухам Пашыньяна і старымі сіламі ў выбарах удзельнічаюць новыя партыі, што з’явіліся літаральна ўчора. А некаторыя яшчэ не гатовыя біцца за парламент. Яны не любяць распавядаць пра свае шанцы на перамогу, але поўняцца надзеяй змяніць Арменію да лепшага.

Лозунг «калі ты не займаешся палітыкаю, то яна займаецца табою» армяне ўспрынялі літаральна – у выбарах удзельнічае нават карэспандэнтка «Белсату» у Ерэване. Ад гэтага часу – сацыял-дэмакратка з экалагічным ухілам.

«Пасля рэвалюцыі студэнты арганізавалі групу «Рэстарт». Вось іхны знак», – распавядае кандыдатка ў дэпутаты, партыя «Рашэнне грамадзяніна» Тэймінэ Енак’ян.

Падчас вясновых пратэстаў у Арменіі студэнты патрабавалі адстаўкі рэктара Ерэванскага ўніверсітэту (і давялі яго да шпіталя), цяпер – назіраюць за пазачарговымі парламенцкімі выбарамі, у якіх бяруць удзел 11 партыяў, тры з якіх з’явіліся літаральна тыдзень таму.

«Мы арганізавалі гэтую партыю пасля рэвалюцыі. Мы стварылі яе, каб змяніць сітуацыю ў Арменіі, прывесці дэмакратыю ў Арменію», – працягвае Енак’ян.

Новыя партыі звычайна ўхваляюць тое, што адбылося вясной, але ў той ці іншай ступені не згодныя з далейшым развіццём падзеяў.

Створаная ў верасні партыя «Сасна Црэр» (гэта назва эпасу пра бітву армянскіх волатаў з арабскімі захопнікамі на гістарычных землях Арменіі, што знаходзяцца цяпер у Турцыі) прапануе гэтыя самыя землі вярнуць.

«Арменія акупаваная ад 1920-21-га году. Мы павінны прайсці шлях дэакупацыі», – упэўнены лідар партыі «Сасна Црэр» Варуджан Авэтысьян.

У 2016-м Авэцісьян з трыма дзясяткамі ўзброеных людзей захапіў паліцэйскі полк, які яны ўтрымлівалі цягам двух тыдняў. Удзельнікі групоўкі атрымалі тэрміны, але гэтым летам дзякуючы паруцы фракцыі алігарха Царук’яна шмат хто выйшаў на свабоду – як палітвязні.

Вярнуць гістарычныя зямлі «Сасна Црэр» хоча не сілавым, а дыпламатычным шляхам. Пасля гэтага армяне з усяго свету заселяць іх, каб служыць місіі, якую Авэцісʼян фармулюе коратка.

«Забеспячэнне шчаслівага творчага жыцця – гэта значыць, жыцця, у якім і асоба, і агулам нацыя могуць развіваць свае творчыя магчымасці», – працягвае Варуджан Авэтысьян.

Не толькі палітыкі хочуць займацца творчасцю, але і творчыя людзі – палітыкай. Лідар «Еўрапейскай партыі» Тыгран Хзмальян, вядомы кінарэжысёр і публіцыст, лічыць, што пасля травеньскай рэвалюцыі народ працягвае наступаць на старыя граблі, а рэвалюцыя – ніякая і не рэвалюцыя зусім: армяне, маўляў, не вырашаюць галоўнага пытання – залежнасці ад Расеі: эканамічнай, палітычнай і ваеннай.

«Мяжа з Іранам і Турцыяй, а таксама міжнародны аэрапорт у Ерэване кантралююць войскі ФСБ. Казаць пра нейкі суверэнітэт – несур’ёзна і смешна», – лічыць лідар Еўрапейскай партыі Арменіі Тыгран Хзмальян.

Еўрапейскай партыі – роўна месяц, але задачаў у яе – на дзясяткі гадоў. Для пачатку – «Армекзіт» (па аналогіі з брэкзітам), выхад з «варожых Арменіі» ЕўрАзЭС і АДКБ.

«Другі крок – «Армянтэр»: умоўна кажучы, паралельная з «Армекзітам» інтэграцыя Арменіі ў Еўрасаюз і NATO. Трэцяе – вялікі «еўрарамонт», – працягвае Хзмальян.

Зрабіць яго – гэта значыць, падвесці краіну да нормаў Еўразвязу – дапаможа, на думку Хзмальяна, сярэдні клас.

«Праграмісты, адвакаты, бізнесмены, менеджары, брокеры і маладыя навукоўцы. Гэта людзі, якія разумеюць сітуацыю самастойна, а не атрымліваюць свае веды толькі праз выданні тэлевізійных навінаў», – кажа палітык.

Тэлевізар у гэтай кампаніі канчаткова страціў манаполію на ўдзельніка палітычнага працэсу: за чатыры дні да выбараў Пашыньян праехаў у аўтобусе, спусціўся ў метро і нават прайшоўся па кватэрах – транслюючы ўсё ў «Фэйсбуку».

Тэлебачанне аднак не здаецца і працягвае фармаваць свядомасць народа. Сацыялогія мяняецца штодня, дагэтуль шмат што залежыць ад частаты з’яўлення палітыкаў у эфіры.

«Для таго, каб цябе больш згадвалі ў СМІ, трэба зрабіць нешта экстравагантнае – кагосьці абразіць, пакрыўдзіць, зрабіць нешта такое, што не зʼяўляецца нормаю», – лічыць Ірына Аганэсьян з партыі «Выбар грамадзяніна».

«Выбар грамадзяніна» заяўляе, што самасцвярджацца коштам гэтых выбараў яны не збіраюцца і абіраюць «інтэлігентную» барацьбу. Падчас дэбатаў сябры партыі частуюць праціўнікаў мандарынамі.

«Для нас мандарын – па-першае, сімвал салідарнасці. Па-другое, калі вы яго раскрываеце, вы бачыце, што там усё [долькі] амаль аднолькавыя, але, з іншага боку, яны розныя. Па-трэцяе, калі вы раскрываеце мандарын, вы абавязкова хочаце з кімсьці падзяліцца. І гэта таксама сімвалізуе тое, чаго мы хочам і тое, што мы бачым у будучыні», – тлумачыць Аганэсьян.

Будучыня наступіць ужо ў нядзелю. «Мандарынавая» партыя на ўсялякі выпадак паабяцала, што калі не патрапіць у парламент, усё роўна «працягне працаваць».

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Алінаю Коўшык:

Стужка навінаў