Арменія прапануе выгнаць Беларусь з АДКБ праз выдадзенага Азербайджану Лапшына


Кіраўнік парламенцкай фракцыі кіруючай Рэспубліканскай партыі Арменіі Ваграм Багдасаран заявіў 8 лютага, што Беларусь трэба выключыць з Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспеке (АДКБ) праз экстрадыцыю Лапшына ў Азербайджан.

«Гэта не першы выпадак, калі Беларусь дэманструе прадузятае стаўленне да армянскага баку. Экстрадыцыя блогера Аляксандра Лапшына з Менску ў Баку зʼяўляецца здзелкай у абмен на атрыманы ордэн (29 лістапада 2016 года Аляксандр Лукашэнка ў Баку быў узнагароджаны прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым вышэйшай узнагародай рэспублікі – ордэнам Гайдара Аліева рэд.)», – абураўся Багдасаран.

Напярэдадні тэма выдачы Лапшына абмяркоўвалася ў армянскім парламенце. У ходзе дэбатаў дэпутат Тыгран Уріханян падкрэсліў, што блогер Лапшын мае і расейскае грамадзянства. Таму, на яго думку, рашэнне беларускага суда пра яго перадачу Азербайджану – гэта крок і супраць Расеі.

«Расея абавязана даказаць, што калі парушаюцца ўсе агульначалавечыя прававыя нормы супраць яе грамадзяніна, яна можа адэкватна адказаць», – заявіў Уріханян.

Блогера Аляксандра Лапшына экстрадавалі з Беларусі ў Азербайджан. Ён быў дастаўлены ў Баку спецыяльным рэйсам з Менску ўвечары ў аўторак, 7 лютага.

15 траўня 1992 года Арменія, Казахстан, Кіргізія, Расея, Таджыкістан і Узбекістан падпісалі ў Ташкенце дамову аб калектыўнай бяспецы (ДКБ), так званы «Ташкенцкі пакт», ці «Ташкенцкая дамова». Азербайджан падпісаў дамову 24 верасня 1993 года, Грузія – 9 верасня 1993 года, Беларусь – 31 снежня 1993 года.

Задачай АДКБ зʼяўляецца абарона тэрытарыяльна-эканамічнай прасторы краін-удзельніц дамовы сумеснымі намаганнямі армій і дапаможных падраздзяленняў ад любых вонкавых ваенна-палітычных агрэсараў, міжнародных тэрарыстаў, а таксама ад прыродных катастроф буйнога маштабу.

ВД, паводле svpressa.ru

Стужка навінаў