Арменія і Азербайджан зноў абвінавацілі адно аднаго ў парушэнні перамір'я ў Нагорным Карабаху


Міністэрства абароны Азербайджана заявіла, што Арменія парушыла гуманітарнае перамір’е. Мінабароны Арменіі выступіла з аналагічнай заявай. Рэжым спынення агню павінен быў пачацца сёння ў 00:00.

«Нягледзячы на абвяшчэнне новага рэжыму гуманітарнага спынення агню з 00:00 гадзін 18 кастрычніка, узброеныя сілы Арменіі чарговым разам груба парушылі пагадненне. На працягу ночы праціўнік з мінамётаў і артылерыі абстраляў наваколлі горада Джебраіл, а таксама вызваленыя ад акупацыі вёскі гэтага раёна, размешчаныя ўздоўж ракі Араз. Страт сярод асабістага складу няма. Падраздзяленні азербайджанскай арміі здзейснілі адэкватныя захады ў адказ. Войскі азербайджанскай арміі робяць адпаведныя дзеянні на выгадных рубяжах, важных вышынях і пазіцыях на ўсёй працягласці фронту», – заявілі ў мінабароны Азербайджана.

У Мінабароны Арменіі іншая інфармацыя: «Нягледзячы на аб’яву аб новым гуманітарным спыненні агню, узброеныя сілы Азербайджана ў чарговы раз груба парушылі пагадненне. Да 07:20, з выкарыстаннем артылерыйскага агню, праціўнік распачаў наступ на паўднёвым напрамку (Худаферынскае вадасховішча) з мэтай заняць выгадныя пазіцыі. Абодва бакі нясуць страты».
Мужчына, які страціў дом у выніку ўдару азербайджанскай арміяй, трымае абломкі ракеты. Вёскі Мартуні ў Нагорным Карабаху, 1 кастрычніка 2020 г.
Фота: Celestino Arce Lavin / Zuma Press / Forum

Нагадаем, Арменія і Азербайджан ужо дамаўляліся раней аб гуманітарным перамір’і – яно павінна было распачацца 10 кастрычніка ў 12:00, аднак праз некалькі хвілін пасля яго афіцыйнага пачатку бвкі канфлікту абвінавацілі адзін аднаго ў парушэнні перамір’я.

Чарговая хваля эскалацыі канфлікту ў Нагорным Карабаху пачалася 27 верасня з узаемных абвінавачванняў Арменіі і Азербайджана ў абстрэле памежных тэрыторый. У Арменіі абвешчаныя ваеннае становішча і ўсеагульная мабілізацыя мужчын да 55 гадоў. У Азэрбайджане абвешчаная частковая мабілізацыя.

Vot Tak TV

Стужка навінаў