Арменія. Ад 2019 жыццё зменіцца. Што цяпер галоўнае?


Дэпутаты блоку «Мой крок» адсвяткавалі перамогу і рыхтуюцца рэалізоўваць свае перадвыбарчыя абяцанні і будаваць новую Арменію. Першыя 7 месяцаў пасля рэвалюцыі прынеслі першы плён, але праблемаў усцяж шмат. Якія выклікі стаяць перад новымі дэпутатамі?

Ларыйская вобласць – адна з самых бедных і праблемных у Арменіі. Выбары супалі з 30 гадавінай Спітаксага землятрусу, што пакінула без прытулку над галавой каля паўмільёна армянаў. Для Арпінэ Даваян гэта таксама асабістая трагедыя.

«Падчас землятрусу загінула мая цётка з дзвюма дочкамі. Гэта вялікая трагедыя для нас. І гэтая трагедыя ніколі не сканчаецца. Ніхто не забывае ні пра што. У Спітаку такая трагедыя амаль ва ўсіх сем’яў », – распавядае дарадчыца прэмʼер-міністра Арменіі, абраная дэпутатка Арпінэ Даваян.

Менавіта таму для Арпінэ так важна дапамагчы людзям у гэтым рэгіёне. Беспрацоўе – адная з тых праблем, якія новая ўлада павінна вырашыць у першую чаргу.

«Я ўдзячная ўсім, хто абраў мяне, таму што лічбы, якія былі там на дошцы, мяне вельмі пацешылі», – кажа Даваян.

4 месца ў Ларыйскай вобласці ў спісе блоку. Апошнія дні сваёй кампаніі Арпінэ Даваян правяла ў паездках, і гэта прынесла свой плён. Новаабраная дэпутатка распавядае:

«Людзі пазнавалі мяне падчас кампаніі. Я з імі пазнаёмілася, я размаўляла з імі па душах. Яны зразумелі, што я адна з іх, таму што да мяне, да нас, такіх сустрэчаў не было, калі кандыдаты сустракаліся з людзьмі, слухалі пра іхныя праблемы, а мы зрабілі тое, што не рабілі ніколі іншыя».

І працягвае пра тое, што цяпер самае галоўнае:

«Трэба адкрыць працоўныя месцы, таму што там людзі – хоць не толькі там, а ўва ўсёй краіне – вераць, што ад наступнага году ўсё зменіцца. І мы абавязаныя гэта рабіць».

Такі шанец даюць першыя ў гісторыі краіны выбары без фальсіфікацыяў. Працэс галасавання ў Арменіі мае сваю спецыфіку. Напрыклад, у выбарніка бяруць адбітак пальца. Таксама ён атрымлівае бюлетэні ўсіх партыяў, пасля чаго выбірае тую, за якую будзе галасаваць. Бюлетэні іншых партыяў выкідвае.

«Я працягну тое, што пачала. Так, як я ўяўляла, так і буду працягваць. Бо я заўсёды буду працаваць з людзьмі – я не буду тут, а яны там. Я буду наведваць, я буду даведвацца пра іхныя праблемы, я буду пра гэта гаварыць у парламенце. Я буду ўзорным дэпутатам, я так вырашыла», – запэўнівае Арпінэ Даваян.

У парламент прайшоў і віцэ-міністр транспарту Армэн Памбухчʼян, таксама прадстаўнік блоку «Мой крок». У сувязі з пасадаю, што ён займае, цяпер ён павінен вырашыць, якую ролю выбраць – дэпутата або віцэ-міністра.

«Калі шчыра, для мяне няма ніякай розніцы. Але мяне пачынае цікавіць парламенцкая дзейнасць, заканадаўчая дзейнасць, бо там ёсць больш прасторы займацца некаторымі сферамі, а тут я толькі першы намеснік міністра па транспарце, я курырую гэтую сферу», – кажа віцэ-міністр транспарту, сувязі і інфармацыйных тэхналогіяў, абраны дэпутат Армэн Памбухч’ян.

У сваёй працы віцэ-міністр імкнецца быць як мага бліжэй людзей, у тым ліку з дапамогаю сацыяльных сетак. Важную інфармацыю тут паведамляюць адразу, без прэс-рэлізаў.

«Напрыклад некалькі дзён таму я напісаў, што ў Арменіі павінна быць сваё марское заканадаўства і авіяцыя. Для афіцыйнага сайту тут няма чаго напісаць. Але калі я гэта пішу, значыць, ідуць нейкія працэсы. У каментарах у мяне пытаюцца, што, як і гэтак далей», – працягвае Памбухч’ян.

Падчас здымкаў мы таксама звярнулі ўвагу на будаўніцтва дарогі з Ванадзору ў Алаверды. Паводле прадстаўнікоў кампаніі-будаўніка, шанец выйграць тэндэр сумленна ў іх з’явіўся менавіта з прыходам новай улады.

«Самае галоўнае, трэба падвесці вынікі па барацьбе з карупцыяй, і другое – займацца развіццём эканомікі. Гэта два самых галоўных пытання, якія трэба вырашаць», – падкрэслівае Памбухч’ян.

Вырашаць іх будзе парламент у новым складзе. Першае паседжанне адбудзецца ўжо 24 снежня. Тады парламенцкую большасць, у дадзеным выпадку блок «Мой крок», вылучыць свайго кандыдата ў прэм’еры. А ўжо ў пачатку новага года зможа рэалізоўваць свае абяцанні.

«Я павінна нешта мяняць у жыцці гэтых людзей. Я ўсё буду рабіць, каб там былі інвестыцыі, адкрыліся новыя працоўныя месцы. Я не ведаю, калі гэта будзе, я не магу абяцаць. Але што ўсё гэта будзе, я абяцаю», – сцвярджае Арпінэ Даваян.

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Алінаю Коўшык:

Глядзі таксама
Каментары