Арландскі стралок заклікаў Расею і ЗША спыніць удары па «Ісламскай дзяржаве»


Амерыканец афганскага паходжання Умар Матыйн, які застрэліў амаль 50 чалавек у гей-клубе «Pulse» ў горадзе Арланда, папярэдне напісаў у сацыяльнай сетцы пост, у якім заклікаў Расею і ЗША адмовіцца ад авіяўдараў па пазіцыях экстрэмісцкай групоўкі «Ісламская дзяржава».

Змест пастоў Матыйна на ягоных старонках у «Фэйсбуку» сенатар ад штата Вісконсін Рон Джонсан пераказвае ў лісце заснавальніку сацыяльнай сеткі Марку Цукербэргу.

Па словах сенатара, Матыйн пісаў у «Фэйсбуку» як мінімум з пяці акаўнтаў. У посце, напісаным за некалькі дзён да стральбы, ён прысягнуў на вернасць ІД і паабяцаў у бліжэйшыя дні адпомсціць амерыканцам за гібель цывільнага насельніцтва Сірыі пры бамбаваннях.

Сенатар са спасылкай на звесткі следства сцвярджае, што Матыйн працягваў пісаць у сацыяльнай сетцы нават тады, калі ён ужо прыйшоў у клуб і пачаў забіваць у ім людзей. У прыватнасці, ён правяраў, ці пішуць там нешта пра клуб «Pulse» і страляніну ў ім.

Раней у паліцыі ўсумніліся ў наяўнасці ў Матыйна рэальных сувязяў з ісламістамі. У прыватнасці, адзначалася, што ў размовах з рознымі людзьмі ён асацыяваў сябе з трыма рознымі джыхадысцкімі групоўкамі, якія варагуюць паміж сабой.

Праз гэтыя супярэчнасці следчыя мяркуюць, што на Матыйна сапраўды паўплывала ісламісцкая прапаганда ў інтэрнэце, аднак прамых сувязяў з групоўкай «Ісламская дзяржава», забароненай у шмат якіх краінах краінах, у яго не было.

Акрамя таго, следчыя ставяць пад сумнеў версію, згодна з якой Матыйн, які вырас у мусульманскай сямʼі, сам мог мець гомасексуальныя схільнасці і саромецца гэтага праз строгае рэлігійнае выхаванне.

Гэтая версія грунтавалася ў асноўным на тым, што Матыйна неаднаразова бачылі ў гей-клубе «Pulse» і да стральбы. Пры гэтым вядома, што ён у асноўным напіваўся там у адзіноце. Паліцыя лічыць, што сам па сабе гэты факт нічога не даказвае.

Страляніна ў гей-клубе «Pulse» ў Арланда адбылася 12 чэрвеня. Матыйн прыйшоў у клуб з пісталетам і самазараднай вінтоўкай. Як высветлілася пазней, ён таксама спрабаваў купіць бронекамізэльку павышанага класа абароны, але ў мясцовых крамах такіх не аказалася.

У клубе Матыйн узяў наведнікаў у закладнікі і пачаў забіваць. Будынак ачапілі, аднак штурм было вырашана пачаць толькі праз тры гадзіны. Паліцыя лічыла, што ў клубе знаходзіцца бомба, бо запушчаны ўнутр робат заўважыў нешта падобнае да яе (гэта аказаўся дэтэктар дыму).

У выніку штурм вырашылі пачаць толькі пасля таго, як Матыйн прыгразіў падарваць бомбу. Пры гэтым паліцыя спачатку не змагла падарваць сцяну, каб увайсці ў будынак, а затым яшчэ і не здолела з першага разу праламаць яе спецыяльнай машынай.

У выніку паліцыянты патрапілі ў будынак і застрэлілі Матыйна. Аднак да таго часу ён сам паспеў забіць 49 чалавек і раніць яшчэ 53. Улады ЗША расцанілі здарэнне як тэракт.

МЯ, паводле bbc.com

Стужка навінаў