Аркадзя Ізраілевіча вызвалілі з СІЗА КДБ


Аркадзь Ізраілевіч

Жонка бізнесоўца пацвердзіла, што яго вызвалілі ў пятніцу 9 лістапада. Абвінавачанне Ізраілевічу гэтак і не выставілі.

Паводле Маргарыты Ізраілевіч, прадпрымальнік не дае каментароў. У размове з радыё «Свабода» спадарыня Маргарыта заявіла, што абвінавачванне яе мужу ўсцяж ня выставілі.

Звесткі пра затрыманне Аркадзя Ізраілевіча з’явіліся напрыканцы кастрычніка, але ніводная сілавая структура не пацвярджала гэтай інфармацыі.

Пра тое, што ён можа быць у турме КДБ, стала вядома 6 лістапада, калі ў Маргарыты Ізраілевіч там прынялі перадачу.

Ананімная крыніца паведаміла СМІ, што Ізраілевіча «мурыжаць, каб нешта на яго знайсці».

Аркадзь Ізраілевіч – саўладальнік групы кампаніяў «IB», якая пабудавала шэраг бізнес-цэнтраў і жылых дамоў у Менску. Прадпрымальнік таксама займаўся гандлем нафтапрадуктамі. Ён мае долю ў асфальтабетонным заводзе.

Шырокай публіцы прадпрымальнік стаў вядомы ў сувязі са скандалам вакол забаўляльнага комплексу «Поедем поедим», пабудаванага ў былой ахоўнай зоне Курапатаў.

У верасні Суд Савецкага раёну Менску не задаволіў пазоў бізнесоўца да газеты «Новы час» і журналіста Дзяніса Івашына аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі. Выданне апублікавала журналісцкае расследаванне на тэму будаўніцтва комплексу, у якім сцвярджалася імаверная датычнасць Ізраілевіча да пабудовы і дзейнасці «Поедем поедим». З Ізраілевіча суд пастанавіў спагнаць 600 рублёў на карысць газеты і журналіста. Суд вырашыў, што частка фразаў пра Ізраілевіча не наносіць шкоды яго рэпутацыі і не абражае яго, а частка фразаў увогуле ня тычыцца Ізраілевіча.

ДД

Стужка навінаў