Аргкамітэт Усебеларускага кангрэсу заклікаў увесці санкцыі супраць чыноўнікаў, сілавікоў і суддзяў


Аргкамітэт Усебеларускага кангрэсу за незалежнасць заклікае міжнародную супольнасць увесці санкцыі ў дачыненні дзяржаўных чыноўнікаў, сілавікоў і і суддзяў, якія прымалі ўдзел у пераследзе ўдзельнікаў пратэстаў супраць інтэграцыі. Сустаршыня аргкамітэту Ігар Рынкевіч выклаў тэкст заявы на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

У звароце адзначаецца, што Расея прымушае ўрад Беларусі падпісаць дарожныя мапы па «глыбокай інтэграцыі», якая больш нагадвае аншлюс і супярэчыць Канстытуцыі Беларусі. Аўтары канстатуюць, што ў снежні ў Беларусі прайшлі пратэсты супраць інтэграцыі, а ўлады ў адказ на гэта перайшлі да «рэпрэсіяў і запалохвання». Пачынаючы з 7 снежня 2019 года ў Беларусі было праведзена больш за 115 «несправядлівых судовых працэсаў», што прывяло да шматлікіх адміністратыўных арыштаў і вялікіх штрафаў (агульную суму штрафаў аўтары заявы ацэньваюць у $ 50 тысяч). Гэтыя меры ў аргкамітэце Беларускага кангрэсу называюць «беспрэцэдэнтна строгімі» і лічаць, што яны «падкрэсліваюць пазіцыю дыктатара Лукашэнкі, які баіцца волі беларускага народа і гатовы прадаць або аддаць суверэнітэт».

Аргкамітэт заклікае міжнародныя арганізацыі і замежныя краіны «аднавіць палітыку мэтавых санкцый» у дачыненні да чыноўнікаў, сілавікоў і суддзяў, якія пераследуюць беларускіх грамадзянаў. Аўтары заявы заклікаюць улады неадкладна вызваліць усіх затрыманых і кампенсаваць «маральную, фізічную і фінансавую шкоду ахвярам палітычных рэпрэсіяў». Аргкамітэт таксама заклікае расследаваць выпадкі палітычнага пераследу і рэабілітаваць пратэстоўцаў.

Беларускі кангрэс за незалежнасць плануецца правесці 15 сакавіка 2020 года. Сустаршынямі кангрэсу з’яўляецца Алена Анісім, Міхаіл Пастухоў, Ігар Рынкевіч і Павел Севярынец.

Нагадаем, 7, 8, 20, 21 і 29 снежня 2019 года ў Менску праходзілі акцыі супраць інтэграцыі з Расеяй. Акцыі адбываліся мірна і без затрыманняў, аднак пасля іх удзельнікаў пачалі масава прыцягваць да адміністратыўнай адказнасці. Сустаршыню БХД Паўла Севярынца, які ініцыяваў акцыі абарону незалежнасці, а таксама шэраг актывістаў затрымалі і пакаралі адміністратыўным арыштам. Дзясяткі чалавек былі аштрафаваныя на вялізарныя сумы грошай.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў