Аргкамітэт распачаў працу па правядзенні Чарнобыльскага шляху – 2019


У Менску адбылося першае пасяджэнне аргкамітэту сёлетняга Чарнобыльскага шляху. У аргкамітэт традыцыйнай жалобнай акцыі ўвайшлі Партыя БНФ, партыя «Зялёныя», аргкамітэт партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», БСДП, ПАГА «Рух за свабоду», АГП, Рух салідарнасці «Разам», грамадскае аб’яднанне Экадом.

Аргкамітэт прыняў рашэнне аб правядзенні 26 красавіка традыцыйнай штогадовай акцыі «Чарнобыльскі шлях» з мэтай прыцягнення грамадскай увагі да ўгодкаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС і яе наступстваў, праблемаў развіцця атамнай энергетыкі і пратэсту супраць Астравецкай АЭС, як пагрозы нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, паведамляе прэсавая служба партыі БНФ.

8 красавіка плануецца падача заяўкі ў Менгарвыканкам на правядзенне дэманстрацыі па традыцыйным маршруце: збор удзельнікаў дэманстрацыі ў 17:30 на пляцоўцы каля галоўнага ўваходу ў НАН Беларусі, шэсце да памятнага знаку «Ахвярам Чарнобыля», мітынг і ўскладанне кветак да памятнага знаку.

«Чарнобыльскі шлях» – традыцыйная вулічная акцыя ў фармаце шэсця, якую штогод 26 красавіка праводзіць апазіцыя. Першая акцыя адбылася ў 1988 годзе з ініцыятывы Беларускага Народнага Фронту, і з таго часу шэсце адбываецца штогод. Выключэннем быў 2011 год, калі сталічныя ўлады забаранілі шэсце, а далі дазвол толькі на правядзенне мітынгу. Самым масавым быў Чарнобыльскі шлях 1996 году (да 50 тысячаў чалавек), які несанкцыянавана прайшоў па праспекце Скарыны (цяпер Незалежнасці). У сутыкненнях з міліцыяй пацярпелі каля 100 асобаў. З 2008 году да тэмы памяці Чарнобыльскай аварыі дадалася тэма небяспекі будаўніцтва ў Беларусі атамнай электрастанцыі па праекце расейскай кампаніі «Росатом».

Аб’ектыў
«Не Астравецкай АЭС». У Менску адбыўся «Чарнобыльскі шлях»
2018.04.26 21:28

СК belsat.eu

Стужка навінаў