Аргкамітэт Дня Волі лічыць правакацыйным, што ўлады скіравалі шэсце на Бангалор


Аргкамітэт па правядзенні вулічнай акцыі з нагоды Дня Волі лічыць правакацыйным рашэнне Менгарвыканкаму змяніць фармат акцыі, паведаміў адзін з заяўнікаў акцыі, сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі на прэс-канферэнцыі 18 сакавіка.

«Гэта правакацыя з боку чыноўнікаў гарвыканкаму і міліцыі. Апошнія паўгода паказалі, што акцыі ў цэнтры гораду ніякай пагрозы грамадскаму парадку не нясуць», – сказаў Віталь Рымашэўскі.

Ён заклікаў грамадзянаў сабрацца 25 сакавіка з 18:00 да 18:30 на пляцоўцы каля кінатэатра «Кастрычнік», што дазволена Менгарвыканкамам. «Там мы і вырашым, ці варта ісці па прапанаваным уладамі маршруце», – заявіў палітык.

Адзін з чальцоў аргкамітэту, экс-палітвязень Мікалай Статкевіч лічыць, што ўлада ў чарговы раз паказала свой антынацыянальны характар. Палітык адзначыў, што ён сам, а таксама іншыя жыхары і госці сталіцы думаюць па-іншаму і захочуць выказаць падзяку бацькам-заснавальнікам БНР і іншым дзеячам нацыянальнага адраджэння, паведамляе БелаПАН.

Статкевіч паведаміў, што а 17:00 25 сакавіка каля помніка паэту Янку Купалу ў аднайменным скверы адбудзецца ўскладанне кветак. Пасля гэтай цырымоніі, паводле яго слоў, грамадзяне пройдуць да кінатэатра «Кастрычнік».

Яшчэ адзін сябра аргкамітэту, старшыня Абʼяднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька адзначыў пазітыўны момант рашэння гарвыканкаму, а менавіта наяўнасць дазволенага месца збору ўдзельнікаў. «Гэта азначае, што людзі могуць свабодна збірацца і там абмеркаваць, што рабіць далей», – сказаў ён.

Сябра камітэту, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч заявіў, што рашэнне аб тым, ці ісці прапанаваным уладамі маршрутам, будзе прымацца сумесна ўсім аргкамітэтам. Пры гэтым ён лічыць, што прайсці па вуліцы Сурганава – «гэта нармальна, годна». Янукевіч падкрэсліў, што заклікаць людзей збірацца для ўдзелу ў мітынгу ў парку Дружбы Народаў каля плошчы Бангалор аргкамітэт не будзе.

Пра пастанову ўладаў змяніць фармат Дня Волі стала вядома 18 сакавіка падчас наведвання гарвыканкаму заяўнікамі. Збор удзельнікаў акцыі ўлады прапанавалі правесці на пляцоўцы каля кінатэатру «Кастрычнік», шэсце – да парку Дружбы Народаў, і там жа – мітынг.

Акрамя таго, гарвыканкам выключыў са складу заяўнікаў акцыі чатырох чалавек – старшыню Партыі БНФ Аляксея Янукевіча, былога палітвязня Мікалая Статкевіча, лідара руху салідарнасці «Разам» Вячаслава Сіўчыка і старшыню Абʼяднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі – на падставе таго, што яны цягам года неаднаразова прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях.

Першапачаткова аргкамітэт падаў заяўку на правядзенне ў Дзень Волі шэсця па праспекце Незалежнасці да парку Янкі Купалы, дзе меў прайсці мітынг.

Арганізатары заяўлялі, што, змяніўшы фармат правядзення вулічнай акцыі з нагоды Дня Волі (у апошнія гады шэсце традыцыйна праводзілася па вуліцы Сурганава да плошчы Бангалор), яны хацелі пратэставаць гатовасць уладаў да дыялогу ўнутры краіны.

МЯ, паводле naviny.by

Стужка навінаў