Арганізаваная злачынная групоўка з аднаго чалавека. Мужчыну асудзілі на 13 гадоў без права амністыі

16 чэрвеня Менскі гарадскі суд разглядаў скаргу Вадзіма Верташонка, асуджанага на 13 гадоў зняволення паводле наркатычнага артыкулу 328 КК. Жыхар пасёлку Лясны пад Менскам прасіў перагледзець рашэнне суду Цэнтральнага раёну горада. Што з гэтага выйшла, чытайце ў матэрыяле «Белсату».

АЗГ у складзе аднаго чалавека

За 29-гадовым Вадзімам Верташонкам сачылі 1,5 месяцы, бо праваахоўнікам паступіла інфармацыя, што «нявыяўленая асоба датычная да абароту наркотыкаў». Затрымалі Вадзіма 18 кастрычніка 2019 года паводле ч. 3 арт. 328 Крымінальнага кодэксу.

«На этапе папярэдняга расследавання быў толькі допыт, калі задалі літаральна два пытанні канкрэтна па дзвюх знойдзеных закладках. І ў апошні дзень высунулі абвінавачанне паводле 4-й часткі на падставе перапіскі, знойдзенай у тэлефоне», – распавяла карэспандэнту belsat.eu жонка асуджанага Любоў.

Паводле яе, у перапісцы не было кваліфікаваных прыкметаў арганізаванай злачыннай групоўкі: не былі пацверджаныя кіраванасць, падначаленасць і структура АЗГ, а таксама ўступленне ў яе.

«Cамі ўвесь час парушаюць закон». Маці не дазволілі прадстаўляць інтарэсы свайго сына ў судзе

Спробы выявіць структуру арганізацыі таксама не далі выніку. За дзвюма пакінутымі закладкамі за 1,5 месяца ніхто так і не прыйшоў, у выніку чаго аператыўныя супрацоўнікі самі іх вынялі. Самі закладкі былі вельмі малымі – фактычна, для разавага спажывання.

«Няма ні аб’ёмаў, ні кватэраў, ні рахункаў, ні машынаў. Увесь прысуд пабудаваны на меркаваннях, дадумках. Самі прыдумалі – самі паверылі. З кім перапісваўся – невядома. Я разумею справы, дзе 17, 40 чалавек праходзілі – гэта АЗГ. А калі адзін чалавек?» – задаецца пытаннем жонка асуджанага.

5 сакавіка 2020 года ўжо 30-гадовага Вадзіма Верташонка суд Цэнтральнага раёну Менску асудзіў за збыт наркатычных рэчываў у складзе арганізаванай злачыннай групы на 13 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і 8100 рублёў штрафу. З такім пакараннем ён не пагадзіўся і падаў апеляцыйную скаргу.

«Прашу справядлівага суду»

У скарзе абвінавачаны прызнаў, што зрабіў дзве закладкі, але заявіў, што дзейнічаў самастойна, а не ў складзе групы, таму прасіў Менгарсуд перакваліфікаваць яго дзеянні з 4-й частцы артыкула 328 на 3-ю, у якой не гаворыцца пра арганізаваную злачынную групоўку. У гэтым выпадку пакаранне можа быць меншым – ад 6 да 15 гадоў пазбаўлення волі, а не ад 10 да 20 гадоў. Акрамя таго, ч. 3 арт. 328 КК часткова трапляе пад амністыю.

Дэпутаты прынялі законапраект аб амністыі: ён закране амаль 12 тыс. асуджаных

«Ні аператыўнымі супрацоўнікамі, ні следчым і нават судом не былі прынятыя меры, каб аб’ектыўна разабрацца ў гэтай справе. Па справе я праходжу адзін, іншыя асобы, якія маюць дачыненне да здзейсненага мной злачынства, не выяўленыя. Судом прыводзяцца довады аб маёй вінаватасці, якія абвяргаюцца фактычнымі абставінамі справы, паказаннямі сведак. Суд бярэ ў аснову прысуду супярэчлівыя доказы, факты, якія не маюць доказнай базы. (…) Суд бярэ ў аснову прысуду нелагічныя довады, паводле якіх я вяду перапіску з будучыні ў мінулае. Не, такімі здольнасцямі я не валодаю, а тлумачыцца ўсё гэта проста – за адсутнасцю доказаў суд проста вырывае з кантэксту тыя звесткі, якія яму патрэбныя (…)», – пісаў Вадзім Верташонак да жонкі напярэдадні суду.

У лісце ён падкрэсліў, што не спрабуе выйсці сухім з вады і прызнае злачынства, якое здзейсніў, але просіць «толькі справядлівага суда, суда па літары закона».

Паспрабаваў зарабіць

У скарзе Вадзім Верташонак паведаміў, што праз кепскае матэрыяльнае становішча вырашыў зарабіць грошы, прадаючы наркотыкі. Для гэтага ён знайшоў праз інтэрнэт людзей, з якімі пачаў перапісвацца, робячы выгляд, што займаецца збытам забароненых рэчываў. Але гэтым не займаўся, бо хацеў «падманным шляхам з іх дапамогай завалодаць вялікай колькасцю наркотыкаў у іншых не вядомых яму асоб». Паводле яго, паміж закладкамі і перапіскай няма сувязі. Закладкі рабіў самастойна і суд не даказаў адваротнага, адзначыў асуджаны.

Ён падкрэсліў, што доказам ягоных словаў ёсць адсутнасць якіх-небудзь фотаздымкаў і каардынатаў месцазнаходжання закладак гашышу. А малая колькасць наркотыку ў іх сведчыць, што рэчыва прызначалася для разавага збыту і не драбнілася на меншыя дозы.

Той жа факт, што гашыш не быў прададзены, паводле яго, дазваляе кваліфікаваць ягоныя дзеянні толькі як замах на злачынства.

Пакінуць без задавальнення

Разгляд апеляцыйнай скаргі адбыўся 16 чэрвеня ў Менскім гарадскім судзе. У склад судовай калегіі ўвайшлі Людміла Шапашнікава, Дзмітрый Цыкал і Таццяна Фалькоўская. Самога асуджанага на паседжанне не адпусцілі.

У судзе адвакат падкрэсліў, што віна Вадзіма Верташонка ў судзе даказаная не была. Але пракурор палічыў інакш. Паводле яго, рашэнне суду было абгрунтаваным і матываваным, а наяўнасць арганізаванай злачыннай групы – даказанай.

Абвінаваўца падкрэсліў, што віна асуджанага вынікае з аналізу перапіскі з нявыяўленымі асобамі, з датамі, нікнэймамі і адпаведнымі пытаннямі. У прыватнасці, заявіў ён, там абмяркоўваліся пытанні заробкаў, бюджэту, канспірацыі, дэмпінгу коштаў. Таму, падкрэсліў пракурор, кваліфікацыя справы Вадзіма Верташонка – адзіная правільная.

«Няма чаго разглядаць». Міліцыянтаў вінавацяць у збіцці падлетка, але праверка не пабачыла парушэння закону

Не падтрымаў пракурор і зняцце арышту з мабільных тэлефонаў, ноўтбука, электронных кніг, якія належаць не асуджанаму, а ягоным брату і жонцы. Адзінае, што пракурор прапанаваў выключыць з судовага заключэння, гэта прозвішча чалавека, які не мае дачынення да справы.

Судовая калегія цалкам падтрымала бок пракурора.

«Ісці да канца»

Па выніках паседжання адвакат заявіў, што разлічваў на іншае рашэнне суда, бо «вельмі многія супярэчнасці ў прысудзе засталіся без адказу». Жонка ж сказала, што будзе «ісці да канца» і збіраецца абскардзіць прысуд.

«Наперадзе – велізарная барацьба, з якой мы выйдзем пераможцамі. Шчыра ў гэта верым. Незразумела, чаму не задаволенае хадайніцтва Вадзіма аб выкліку ў суд. Дзіўна, з майго пункту гледжання, разглядаць справу без абвінавачанага. Яму было і ёсць што сказаць», – заявіла жанчына ў каментары «Белсату».

«Мой муж спатыкнуўся, але не на 13 гадоў! Мы не просім ласкі, мы просім справядлівага суда! Закіпае кроў ад гэтай несправядлівасці і абсурду», – падкрэсліла яна.

Як адзначыў адвакат, праз пяць дзён будзе падрыхтаванае апеляцыйнае азначэнне суда, і, сыходзячы з яго, можна будзе зразумець, чаму суд прыйшоў менавіта да такога рашэння.

МГ belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны