Арганізатары «Маршу недармаедаў» падалі ў Менгарвыканкам заяўку на правядзенне акцыі 15 сакавіка


Актывісты просяць дазволіць шэсце ад будынку Нацыянальнай акадэміі навук да плошчы Бангалор. Марш пройдзе «пад лозунгамі адмовы ад выплаты падатку на «дармаедства» як неканстытуцыйнага і абароны сваіх правоў».

Свае подпісы пад заявай у гарвыканкам паставілі адказны сакратар аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Дзяніс Садоўскі, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ірына Вештард, намеснік старшыні Беларускай партыі «Зялёныя» Дзмітрый Кучук і актывіст Абʼяднанай грамадзянскай партыі Уладзімір Лабудоў.

«Фармат акцыі прадугледжвае, што гэта будзе шэсце не для апазіцыі, а для новых людзей, якія не задаволеныя ўказам і якія ўжо цяпер гатовыя адстойваць свае правы. Плануецца, што акцыя будзе дазволеная, і ў ёй возьмуць удзел максімальнай колькасці людзей», – сказаў БелаПАН Дзяніс Садоўскі.

Яшчэ адзін «Марш абураных беларусаў» пройдзе 17 лютага ў сталіцы – менчукоў на яго запрасіў Мікола Статкевіч.

Арганізатары «Маршу недармаедаў» спадзяюцца, што мітынгі за адмену дэкрэту № 3 «Аб сацыяльным утрыманстве» выведуць на вуліцы тысячы праціўнікаў закону, які ў Беларусі называюць нялюдскім.

Кампанія збору подпісаў за адмену дэкрэту № 3 пачалася 17 студзеня. На сённяшні дзень петыцыя за адмену дэкрэту аб дармаедах сабрала больш 20 тысяч подпісаў.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў