Арганізатары апошняга маскоўскага мітынгу падалі заяву на чарговае шэсце


Пасля заканчэння дазволенай уладамі акцыі пратэсту 10 жніўня АМАП затрымаў у Маскве некалькі соцень чалавек. Фота – Антон Карлінер для «Белсата»

Арганізатары мітынгу на праспекце Сахарава 10 жніўня падалі заяву на 30-тысячнае шэсце па бульварах расейскай сталіцы 17 жніўня яшчэ ў мінулую пятніцу. Пра гэта паведамляе газета «КоммерсантЪ» са спасылкай на муніцыпальнага дэпутата Алену Філіну.

«Мы спрабуем узгадніць шэсце па бульварах Масквы 17 жніўня і заявілі аб меркаваных 30 тыс. удзельнікаў», – адзначыла Алена Філіна.

З сярэдзіны ліпеня ў Маскве праходзяць акцыі пратэсту з патрабаваннем дапусціць да ўдзелу ў выбарах у Масгардуму незалежных кандыдатаў, сабраныя якімі подпісы выбаркам палічыў несапраўднымі.

Пасля затрыманняў і збіцця ўдзельнікаў пратэсту 27 ліпеня і 3 жніўня да патрабаванняў пратэстоўцаў рэгістрацыі незалежных кандыдатаў і зменаў выбарчага заканадаўства дадаліся заклікі спыніць пераслед затрыманых. Следчы камітэт ужо прад’явіў абвінавачванне 14 фігурантам справы аб «масавых беспарадках».

12 жніўня незарэгістраваны кандыдат у Масгардуму Ілля Яшын напісаў адкрыты ліст кіраўніку Цэнтральнай выбарчай камісіі з заклікам адмяніць гэтыя выбары.

  • Мітынг на праспекце Сахарава 10 жніўня стаў самым масавым з 2012 года. Акцыю ўлады ўзгаднілі, але пасля яе заканчэння АМАП затрымаў у Маскве некалькі соцень чалавек.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў