Арганізатар канцэрту Іглесьяса ў Менску знік разам з грашыма


Менчукі масава пішуць заявы ў міліцыю аб тым, што не могуць вярнуць грошы за канцэрт, які так і не адбыўся.

Сталічная міліцыя падлічвае дакладную колькасць заяваў ад пацярпелых, якія не могуць вярнуць грошы за білеты на канцэрт папулярнага іспанскага спявака Энрыке Іглесьяса, які не прыехаў у Менск, распавяла «Белсату» начальніца аддзелу інфармацыі і грамадскіх сувязяў ГУУС Менгарвыканкаму Наталля Ганусевіч.

«Міліцыя цяпер праводзіць праверку па гэтай справе», – дадала Наталля Ганусевіч.

Паводле «ОНТ», у суботу такіх заяваў было каля 100.

Вярнуць грошы за білеты кампанія «Kvitki.by» не можа, бо частку сродкаў ужо паспелі перавесці арганізатарам. А тыя зніклі.

«Грашовыя сродкі мы не вяртаем, рэкамендуем людзям звяртацца ў суд», – распавялі «Белсату» ў кампаніі «Kvitki.by».

Энрыке Іглесьяс меў выступіць у Менску 3 снежня. Арганізатарам канцэрту выступала балгарская фірма «ArtBG».

Білеты на выступ каштавалі ад Br 93 да 354. Агулам аператары прадалі каля 3800 квіткоў.

14 лістапада стала вядома, што канцэрт адменілі: агенты артыста паведамілі беларускаму боку, што адмяняюць шоу ў Менску, Заграбе і Рызе.

«Прамоўтар туру і арганізатар канцэртаў не выканаў абавязкі перад партнёрамі і канцэртнымі пляцоўкамі», – гаварылася ў паведамленні агентаў спевака.

Пасля гэтага арганізатар канцэрту перастаў выходзіць на сувязь.

Усе тэлефонныя нумары «ArtBG» – балгарскі, венскі і лонданскі – адключаныя. Таксама выдаленая афіцыйная старонка кампаніі ў «Фэйсбуку».

Пакуль невядома, ці прамоўтар ашукаў людзей, ці проста «прагарэў».

ДД belsat.eu

Стужка навінаў