Апытанне: Наколькі Беларусь – сацыяльная дзяржава?


Нядаўна Аляксандр Лукашэнка заявіў, што дзяржава можа называцца дзяржаваю толькі тады, калі яна годна ставіцца да дзяцей і старых, і таму ў Беларусі самыя безабаронныя пласты насельніцтва пад сталаю апекаю дзяржавы. Ці пагаджаюцца шараговыя грамадзяне з тым, што клопатам у нас ахопленыя ўсе, каму гэта патрэбна? З гэтым пытаннем карэспандэнты «Маю права» выйшлі на вуліцы сталіцы.

Меркаванні мінакоў падзяліліся.

«У нас усе абароненыя», – кажа пенсіянер.

«Дактары і настаўнікі, – не пагаджаецца малады мужчына. – Таму што яны вельмі мала зарабляюць», – дадае ён.

Іншая пенсіянерка адносіць да групы рызыкі моладзь, якая толькі пачынае працаваць, і адзначае адсутнасць працы і перспектываў. Аднак малады хлопец пачынае абараняць пенсіянераў: «У пенсіянераў няма грошай!»

«Інваліды ў нас, што дзеці, што дарослыя – таму мы мала звяртаем увагі на іх», – выказваецца жанчына.

Сярод адказаў – дзеці і маладыя сем’і, аднак усе выказванні мінакоў аб’ядноўвала адно пытанне: каго ж так моцна абараняе сацыяльная дзяржава і чаму людзі не адчуваюць клопату пра сябе?

Нагадаем, сёння былы міністр працы ды сацыяльнае абароны Антаніна Морава заявіла, што трохгадовы адпачынак па наглядзе за дзіцём – марнатраўства.

 

Гарась Валатовіч

Стужка навінаў