Апытанне: беларусы не ведаюць пра Святлану Алексіевіч


Беларусы чакалі назвы сваёй краіны з вуснаў прадстаўніка Шведскай каралеўскай акадэміі дзясяткі гадоў. Нягледзячы на тое, што нарадзінцы Беларусы атрымлівалі нобэлеўскія прэміі, прэмія грамадзяніну Беларусі – гэта выключная падзея, якая павышае наш аўтарытэт у свеце і павялічвае цікавасць да яе гісторыі ды культуры.

«Гэтая ўзнагарода не толькі мне, але і нашай культуры, нашай маленькай краіне, якая ўсцяж перабывае пад ціскам з усіх бакоў», — адзначае Святлана Алексіевіч.

Парадокс у тым, што на радзіме твораў Алексіевіч не друкуюць. Эфірны час, прысвечаны ўручэнню пісьменніцы літаратурнага Нобэля, лічыўся ў секундах, а кіраўнік краіны не здолеў стрымаць свой доўгі язык, каб не нагаварыць гадасцяў у адрас нобэлеўскай лаурэткі, свядома абыходзячы  ў прамове імя Святланы Алексіевіч.

Глядзець выданне «Два на два» цалкам

Абсурднасць літаратурнай сітуацыі ў Беларусі — гэта лёс кніжак, прэзентацый і магчымасці аўтараў выказвацца ў дзяржаўных медыях, якія залежаць ад аднаго чалавека.

Забароны і цэнзура прыводзяць да сітуацыі, калі шмат якія грамадзяне Беларусі перабываюць ў інфармацыйным вакууме і часам або не ведаюць пра важныя падзеі, або не могуць узгадаць прозвішча нобэлеўскай лаўрэаткі.

«Я ведаю, што наша беларуска стала нобэлеўскаю лаўрэаткай, але я прозвішча забыла, бо не чытаю беларускай літаратуры. Люблю чытаць больш на расейскай мове» — распавядае жанчына.

«Я чытала, але не памятаю прозвішча», — зазначае іншая міначка. Аднак некаторыя людзі на нашае пытанне «Ці ведаеце вы хто ў гэтым годзе стаў Нобэлеўскім лаўрэатам па літаратуры» адказвалі адмоўна. «Не ведаю», — прызнаецца малады хлопец.

Нобэлеўская прэмія — гэта не толькі грашовая ўзнагарода і слава для лаўрэата, гэта таксама пяць хвілінаў увагі для краіны, якую ён рэпрэзентуе. Пяць хвілін увагі да яе культуры і найперш літаратуры.

Пытанне ў тым, што зробіць Беларусь з пяццю хвілінамі ўвагі ў свеце, з пяццю хвілінамі славы, якіх не набыць ні за якія грошы?

ГВ, Belsat.eu

Стужка навінаў