Апублікаваны «закон аб адтэрміноўцы», з 10 жніўня новыя правілы ўступяць у сілу


30 ліпеня афіцыйна апублікаваны «закон аб адтэрміноўцы», гэта значыць, што 9 жніўня ён уступіць у сілу. Галоўнае змяненне – раней адтэрміноўка ад службы ў войску прадстаўлялася кожны раз, калі малады чалавек працягваў вучобу. Цяпер адтэрміноўка будзе ўсяго адзін раз. Пра нюансы новага закону піша TUT.BY.

Чаму новы закон можа закрануць першакурснікаў і магістрантаў?

Большасць першакурснікаў новаўвядзенне не закране. Адтэрміноўка, якую яны атрымаюць, будзе да заканчэння ВНУ. Тыя, хто ўжо атрымлівае першую вышэйшую адукацыю (2-5 курсы), таксама спакойна працягнуць вучобу. Пытанні могуць узнікнуць толькі да тых, каго адлічаць.

Прадстаўнікі Міністэрства абароны падчас прэс-канферэнцыі, прысвечанай змене закону, растлумачылі: права на адтэрміноўку прадстаўляе прызыўная камісія, а не ўніверсітэт, і студэнты атрымліваюць гэта права не аўтаматычна пры залічэнні ў навучальную ўстанову, а на паседжанні прызыўной камісіі, дзе індывідуальна разглядаюць справу кожнага прызыўніка.

«Закон прадугледжвае захаванне ранейшых адтэрміновак. Ён не дае аўтаматычнае права на адтэрміноўку па новых правілах тым, хто толькі-толькі набыў статус навучэнца. Напрыклад, малады чалавек паступіў у мінулым годзе, тэрмін навучання – чатыры-пяць гадоў, вядома, яму дадуць давучыцца і атрымаць дыплом аб вышэйшай адукацыі. А малады чалавек, які ў гэтым годзе паступіў і дэ-юрэ стане студэнтам толькі з 1 верасня 5 жніўня будзе разглядацца прызыўной камісіяй, у якой не ўзнікне падставаў прадставіць адтэрміноўку», – кажа кансультант 1-га ўпраўлення галоўнага арганізацыйна-мабілізацыйнага ўпраўлення Генштаба УС РБ Андрэй Мурашоў.

Тут узнікае спрэчны момант – абітурыент становіцца студэнтам не 1 верасня, а значна раней – залічэнне бюджэтнікаў на дзённую форму навучання адбываецца да 28 ліпеня, платнікаў – да 6 жніўня, магістрантаў – да 17 ліпеня. А вось закон з улікам афіцыйнага апублікавання ўступіць у сілу 9 жніўня. Таму не зусім зразумела, з якога тэрміну прызыўныя камісіі будуць лічыць маладых людзей студэнтамі і магістрантамі – з моманту залічэння або з моманту пачатку навучальнага года? І паводле якога закону іх у выніку будуць прызываць – паводле старога, або новага?

Каму абмяжуюць выезд за мяжу?

Яшчэ адзін важны пункт закона – ваенкам можа часова абмежаваць выезд за мяжу прызыўніка – да яўкі на мерапрыемствы па прызыву. Гэта норма працавала і раней, але цяпер з’явілася ўдакладненне – быў належна апавешчаны пра неабходнасць яўкі на мерапрыемствы па прызыву, не зʼявіўся ці не выконвае абавязкі па воінскаму ўліку, з-за чаго немагчыма апавясціць аб неабходнасці яўкі на мерапрыемствы па прызыву.

Што значыць «належна апавешчаны»? Артыкул 39 Закона «Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе» вызначае, што грамадзяне, якія прызываюцца на вайсковую службу, службу ў рэзерве, абавязаны атрымаць позвы пад распіску.

Разам з тым, артыкул 18 Закона «Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе» ўстанаўлівае абавязкі грамадзянаў: пры пераездзе на новае месца жыхарства прызыўнік павінен стаць на вайсковы ўлік. Калі прызыўнік плануе зʼехаць за мяжу на тэрмін больш за шэсць месяцаў, ён абавязаны папярэдзіць пра гэта ваенкамат.

Калі прызыўнік не выконвае вышэйпаказаныя абавязкі, позву яму будуць адпраўляць па вядомым ваенкамату адрасе, і тое, што прызыўнік яе не атрымае, не вызваляе яго ад адказнасці.

Важна – абмежаванне на выезд часовае, пакуль прызыўнік не зʼявіцца ў ваенкамат. Але калі будзе ўстаноўлена, што ён наўмысна ўхіляецца ад мерапрыемстваў па прызыву, можа быць заведзеная крымінальная справа (арт. 435 КК).

Ці закране закон чыноўнікаў?

Маладыя людзі, якія «не маючы на ​​тое законных падставаў» не адслужылі ў войску, не змогуць працаваць у МУС, МНС, Дзяржаўным камітэце судовых экспертызаў, у органах фінансавых расследаванняў КДК, СК, а таксама стаць дзяржслужачымі. Мужчынаў, якім на момант уступлення закона ў сілу ўжо споўніцца 27 гадоў, новаўвядзенні не закрануць.

Што будзе з размеркаваннем?

Для выпускнікоў універсітэтаў служба ў арміі – адзін год, для выпускнікоў каледжаў – паўтары года, размеркаванне – два гады. Служба ў арміі кампенсуе размеркаванне, пры жаданні можна вярнуцца на адпрацоўку, спецыяліста павінны зноў прыняць на тым жа месцы, але калі такога жадання няма, то вяртаць бюджэту сродкі за навучанне не трэба.

ВІДЭА
Ваенны эксперт распавёў, што стане з беларускім войскам пасля закону «аб адтэрміноўках»
2019.07.26 10:01

СК belsat.eu

Стужка навінаў