Апублікавалі закон аб пазбаўленні грамадзянства Беларусі


Каму гэта можа пагражаць?

Цяпер у чалавека могуць адабраць грамадзянства нават тады, калі ў яго няма грамадзянства іншай дзяржавы ці гарантый яго атрымання. Новаўвядзенне ня тычыцца грамадзянаў Беларусі ад нараджэння, а толькі тых, хто грамадзянства атрымаў. Змены ўступяць у сілу праз паўгода. 17 снежня іх афіцыйна апублікавалі.

Пашпарт грамадзяніна РБ.
Фота: belsat.eu

Чалавек можа страціць грамадзянства, калі яго прызнаюць вінаватым у экстрэмісцкай дзейнасці або прычыненні цяжкай шкоды інтарэсам дзяржавы.

Гаворка ідзе пра крымінальныя артыкулы за:

  • тэрарызм;
  • распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці;
  • экацыд;
  • найміцтва;
  • стварэнне незаконнага ўзброенага фармавання, масавыя беспарадкі;
  • здраду дзяржаве;
  • змову з мэтай захопу ўлады, дыверсію;
  • заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы;

    стварэнне і фінансаванне экстрэмісцкага фармаваньня;
  • удзел у ваенных дзеяннях на тэрыторыі замежнай дзяржавы.

За гэтыя злачынствы ў новай рэдакцыі закону можна адбіраць грамадзянства нават у тых выпадках, калі раней гэта не дапускалася:

  • у падазраванага ці абвінавачванага ў крымінальнай справе альбо асуджанага ў Беларусі,
  • у таго, хто мае запазычанасць па падатках і іншыя нявыкананыя абавязацельствы,
  • хто ня мае іншага грамадзянства ці гарантый яго набыцця.

Права забіраць грамадзянства на гэтых падставах закон дае прэзідэнту краіны.

Дасюль грамадзянства можна было страціць толькі паступіўшы на службу замежнай дзяржаве (у войска, паліцыю, суд, урад) ці па заяве бацькоў дзіцяці, якое па нараджэнні набыло замежнае грамадзянства разам з грамадзянствам Беларусі.

Атрымаць грамадзянства таксама стала прасцей. Для ахвотных атрымаць беларускае грамадзянства скарацілі тэрміны пражывання з 7 да 5 гадоў.

Замежнік з сям’і, дзе сужэнец і непаўналетняе дзіця – беларусы, цяпер зможа прэтэндаваць на грамадзянства праз тры гады пражывання.

ІК, belsat.eu

Стужка навінаў