Аптымістычна пра беларускую эканоміку выказваюцца толькі чыноўнікі


[vc_row][vc_column][vc_video link=”https://www.youtube.com/watch?v=mbLPT285adM”][vc_column_text]Крыху пра айчынную эканоміку. А ў ёй аптымізм знаходзяць, бадай, выключна беларускія ўрадоўцы. Міністр Уладзімір Зіноўскі не верыць замежным адмыслоўцам і цвердзіць, што за апошнія месяцы назіраецца паступовая тэндэнцыя да паляпшэння.

Хаця заканчэнне гэтага года міністр бачыць з падзеннем валавога ўнутранага прадукту на 2–3 %, і тут ён больш аптымістычны, чымся эксперты.

Беларуская эканоміка можа закончыць гэты год падзеннем валавога ўнутранага прадукту на 2–3 %, заявіў журналістам міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі. Гэта найгоршы прагноз, выказаны дагэтуль беларускім урадоўцам, але ўсё адно нашмат больш аптымістычны, чым тое, што нашай краіне прадказваюць міжнародныя адмыслоўцы. Уладзімір Зіноўскі аспрэчвае іх, сцвярджаючы, што апошнія месяцы назіраецца паступовая тэндэнцыя да паляпшэння. Якія ж прыкметы эканамічнага аздараўлення заўважыў урад і наколькі яны рэальныя?

Важна не як ёсць, а як палічыць. Гэты падыход, у якім міжнародная супольнасць вінаваціць Цэнтрвыбаркам Беларусі, эксперты заўважаюць і за эканамічнымі ўладамі нашай краіны.

Па выніках васьмі месяцаў года валавы ўнутраны прадукт Беларусі скараціўся на 3,5 %. Таму ўрад прапаноўвае параўнаць актуальныя паказнікі не з аналагічным перыядам мінулага года, а з папярэднім месяцам. І тут у жніўні ды верасні можна знайсці пазітыў, бо паказнікі – не такія дрэнныя, як былі за месяц да гэтага.

АНДРЭЙ КАБЯКОЎ, ПРЭМ’ЕР-МІНІСТР РБ:
«Эканоміка ўступіла ў стадыю аздараўляльнага росту. Аднак, рэзкая дэвальвацыя расейскага рубля ў жніўні, а следам за ёй – вымушаная змена курсу беларускага рубля ў дачыненні да замежных валютаў, вядома, унеслі нейкія карэктывы. Але ёсць падставы меркаваць, што намечаная станоўчая траекторыя захаваецца».

Але адмыслоўцы адзначаюць, што, па-першае, актывізацыя – сезонная, звязаная са зборам ураджаю. Таму эканамісты і не выкарыстоўваюць такога спосабу параўнання. А па-другое, станоўчая тэндэнцыя – не больш як эфект статыстыкі. Сёння Нацыянальны статыстычны камітэт панізіў сваю ранейшую ацэнку ВУП за першыя два кварталы – да мінус 4,5 %. У параўнанні з імі трэці квартал, які закончыўся на гэтым тыдні, будзе выглядаць значна лепей.

АЛЯКСАНДР ЯРАШУК, СТАРШЫНЯ КАНГРЭСУ ДЭМАКРАТЫЧНЫХ ПРАФСАЮЗАЎ:
«Калі існуе спакуса падманваць самых сябе, то можна маніпуляваць лічбамі гэтага года, мінулага года, што датычаць валавога ўнутранага прадукту, але ад гэтага абсалютна нічога не змяняецца».

Урад абгрунтоўвае свае надзеі на лепшае і тым, што сёлета, нягледзячы на крызіс, Беларусь вытрымала пікавы перыяд выплаты замежнага доўгу, а значыць, далей будзе прасцей. Насамрэч жа траціну сёлетніх пазыкаў проста перанеслі на наступны год.

АЛЯКСАНДР СУРЫКАЎ, ПАСОЛ РФ У БЕЛАРУСІ:
«Пачалося фармаванне дакументаў аб пераносе асноўнага цела крэдыту з гэтага году на наступныя гады. Гэта $ 750 млн долараў. І пачалася размова аб пераносе Еўразійскага крэдыту выплаты ў гэтым годзе, там, па-мойму $ 450 млн таксама».

Сёння Міністэрства фінансаў Беларусі заявіла, што на саюзнай нарадзе міністраў у аўторак пытанне аб пераносе выплаты пазыкаў не абмяркоўвалася, як дакладвалі расейскія медыі. Але факту адтэрмінавання афіцыйны Менск не адмаўляе.Такім чынам, на думку незалежных прафсаюзаў, найбольш цяжкія выклікі для беларускай эканомікі не пройдзеныя, як сцвярджаюць улады, а проста перанесеныя на пасля выбараў.

АЛЯКСАНДР ЯРАШУК, СТАРШЫНЯ КАНГРЭСУ ДЭМАКРАТЫЧНЫХ ПРАФСАЮЗАЎ:
«Ведаеце такую прымаўку французскую: мы думалі, што мы на дне, але тут знізу пастукалі. Так і ў нас».

Сёння, у адрозненне ад свайго беларускага калегі, міністр эканомікі Расеі Аляксей Улюкаеў заявіў, што аднаўлення росту эканомікі ў нашай усходняй суседкі пакуль не праглядаецца. Таму і ў беларускай прамысловасці, якую ўлады канцэнтруюць на расейскі экспарт, прарываў бліжэйшым часам не прадбачыцца.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат»[vc_row][vc_column][/vc_column][/vc_row]

Стужка навінаў