«Апраналі ў дублёнкі нават начальнікаў КГБ». Забытая гісторыя мотальскіх кажухоў


Жыхары Моталю кажуць, што мода на дублёнкі прыйшла ў Савецкі Саюз менавіта адсюль. Цяпер жа мясцовыя кажухі шыць няма каму…

«Такі кажух сто год будзеш насіць ды не зносіш», – кажа Сцяпан Паўлавіч, выцягваючы з закаморкаў некалькі дублёнак і куртак, якія калісьці вырабіў сам.

Мотальскія кажухі

Сцяпан Маліс шыў кажухі больш за 50 гадоў. Але перастаў – калі прайшла мода ды знік попыт.

Адшукаць знакамітыя кажухі ў Моталі аказалася не такой ужо простай задачай. Жыхары сучаснага аграгарадка ў Берасцейскай вобласці здаўна славіліся сваёй прадпрымальніцкай жылкай. Акружанае балотамі мястэчка не мела шмат зямлі для гаспадаркі, аднак пры гэтым мясцовыя заўсёды знаходзілі спосаб зарабіць на чарку і скварку. Пасля вайны яны здолелі наладзіць прыбытковы бізнес, які зрабіў мясціну знакамітай ледзь не на ўвесь свет.

Сцяпан Маліс паказвае дублёнку, якую некалі вырабіў і пашыў сам

У 60-80-х за цяплюткай зімовай вопраткай прыязджалі з усіх куткоў былога СССР, Польшчы і нават Аргентыны. Калі скончылася мода, кажухі перасталі вырабляць, але некаторыя мотальцы яшчэ захоўваюць унікальныя экзэмпляры ў сваіх хатах.

«За аўчынай у Расею ездзілі – у Калужсукую вобласць, у Бранскую, у Смаленскую. Не кожны авечак мог трымаць, а кажухі амаль у кожнай хаце шылі. Мора людзей прыязджала, з усіх канцоў Польшчы, СССР. У асноўным у 70-80-я гады гандаль квітнеў. Уся эліта беларуская ў нашых кажухах хадзіла. Начальнікі КГБ, асобага аддзелу, пракуратура. Усе тут былі. Куртачкі, паліто, дублёнкі. Жаночыя, мужчынскія. У год па 200 шкур выраблялі – на адзін кажух па 6-7 сыходзіла. Спаць не было калі, памыцца не было калі, нават піва выпіць. Бо сядзіш за машынай, пашыў і трэба везці прадаваць. Пякельная праца была», – распавядае Сцяпан Маліс.

Славуты кажух

Як распавёў Сцяпан Паўлавіч, адзін кажух каштаваў тады 400-600 рублёў. А сярэдні заробак складаў каля 150 рублёў. Мотальцы зараблялі тады добра, шмат хто трымаў грошы «на кніжцы» ды, як іншыя беларусы, страцілі свае зберажэнні на пачатку 90-х.

Сапраўдны вышываны мотальскі кажух

Патрэбны колер для кажуха атрымлівалі з дапамогай адвару дубовай кары

Працэс вырабу кажухоў быў вельмі цяжкім. Трэба было быць моцным фізічна, каб гэтым займацца, – узгадвае моталец.

Сцяпан Маліс за працоўным месцам

«Бярэш аўчыну, замочваеш у вадзе. Потым скрабкамі з касы здымаецца «нездра» – плева, або калі недзе мяса засталося. Скрабеш, пакуль шкура не будзе цалкам чыстай. Далей трэба было рабіць спецыяльны квас з мукі – жытняй, аўсянай або пшанічнай. Таму што хімія з’ядае, а тут усё натуральнае, і таму даўгавечнае. На літр гэтага квасу дадаеш 300 грам солі і тыдзень трэба настойваць. У гэты квас кладзеш у некалькі слаёў аўчыну, праз некалькі дзён змяняеш скуры месцамі. Пасля высушваеш на гары і зноў вымочваеш і размінаеш кручком. Расцягнуў ды ізноў чысціш, каб было пад замш. А потым ужо дубіш».

Сапраўдны вышываны мотальскі кажух

«Дубка» азначае адмысловую афарбоўку скуры. Патрэбны колер атрымлівалі з дапамогай адвару дубовай кары, што рабіла кажух светла-карычневым. Пасля афарбоўкі аўчыну зноў высушвалі і толькі потым пачыналі шыць кажух. Адметнай была вышыўка на кажухах рознакаляровымі ніткамі, якой упрыгожвалі вопратку. Увесь працэс займаў больш за месяц часу.

– А зараз носіце кажухі? – пытаюся ў Сцяпана Паўлавіча.

– Ну канешне! Гэта ж цяпло! Гэта ж здароўе!

Сапраўдны вышываны мотальскі кажух

Габрэйская спадчына

«Тут яшчэ пры Польшчы многа габрэяў жыло, то мабыць, ад іх гэта і засталося», – кажа баба Лена, якая да пенсіі была кіраўнічкай пошты ў Моталі.

Фота з крязнаўчага музея ў Моталі

І сапраўды, да Другой Сусветнай вайны вялікую частку насельніцтва Моталя складалі габрэі. Да 11 гадоў тут жыў будучы першы прэзідэнт Ізраіля Хаім Вейцман. Аднак ужо ў ліпені 1941 году нямецкія войскі стварылі ў мястэчку гета. Праз месяц, у жніўні, усіх габрэяў сагналі на базарную плошчу, адкуль 1400 мужчын вывелі за кіламетр ад Моталя ў бок вёскі Асоўніца, прымусілі выкапаць сабе магілы і ўсіх расстралялі. На наступны дзень габрэйскіх жанчын і дзяцей сагналі ва ўрочышча Гай, дзе іх таксама чакаў расстрэл.

Суседка Лены Фліпаўны прынесла паказаць свой кажух

«Бацька прыйшоў з вайны без абедзвюх ног, але таксама рабіў кажухі»

Як распавяла Лена Філіпаўна, раней у вышываных кажухах хадзілі ў царкву, апраналі на святы. У кажухах калядавалі. Хоць кажух сам па сабе цяжкі, гэта было сапраўднае выратаванне на вялікія маразы. Вышыўку рабілі ўручную каляровымі ніткамі.

Фота з сямейнага архіва Лены Філіпаўны

«Насуньце на сябе і самі паглядзіце. Ён цяжкі, але цёплы», – прапануе Лена Філіпаўна, працягваючы кажух.

І сапраўды, некалькі кілаграмаў на сабе цягаць не так ужо і лёгка, але ўзімку ў такім кажуху, можна ехаць ды ісці куды заўгодна.

Бацька Лены Філіпаўны вярнуўся з вайны без ног, але ўсё роўна дапамагаў сям’і вырабляць кажухі

«Раней у нас усе ў кажухах хадзілі. Знаеце, пасля вайны і адзежы ніякай не было. Цяпер то хапае, а тады ўсё было сваё. Прыязджалі з Поўначы па кажухі. Хата не зачынялася. Мужык мой рабіў, і бацькі яго рабілі. Мой бацька прыйшоў з вайны без абедзвюх ног, але таксама рабіў. Цяпер маладыя не хочуць кажуха. Дый з ім, знаеце, трэба ж надта асцярожна. Моль нападае. Як ходзіш, прасушваць трэба. Раней то ўсё ў газеты ўкручвалі», – кажа Лена Філіпаўна.

Фота з крязнаўчага музея ў Моталі

Мотальскія кажухі не вытрымалі канкурэнцыі кітайскіх і вʼетнамскіх тавараў. Потым рынак наваднілі скураныя курткі і дублёнкі з Турцыі. На жаль, яшчэ адна ўнікальная традыцыя Беларусі паціху сышла ў нябыт. Дзеі тых, хто калісьці рабіў кажухі, зʼехалі. Перадаваць традыцыі, вучыцца на кушняра цяпер няма каму. Сёння пабачыць унікальную зімовую вопратку можна ў краязнаўчым музеі Моталя або на калядныя святы, калі мясцовыя артысты апранаюць свае славутыя кажухі, ды як раней ідуць калядаваць.

Паўліна Валіш, фота Васіль Малчанаў/belsat.eu

Стужка навінаў