«Апошняя апора ўладаў». Як ГУБАЗіК пераўтварыўся ў адзін з галоўных органаў палітычнага пераследу


Асноўны профіль дзейнасці ГУБАЗіК (Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй) – гэта барацьба з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй, як і вынікае з назвы ведамства. Аднак сёлета, замест змагання з мафіяй ды хабарнікамі, упраўленне пачало актыўна браць удзел у брутальных палітычных рэпрэсіях. Belsat.eu разбіраўся, чаму менавіта ГУБАЗіК ператварыўся ў адзін з галоўных органаў палітычнага пераследу і якімі справамі сёлета ён займаўся.

«Позна соплі распускаць. Цяпер адказваць давядзецца»

29 верасня тэлеграм-канал АТН Белтэлерадыёкампаніі апублікаваў некалькі відэаролікаў з аперацыі ГУБАЗіКа пад Менскам. На адным з відэа бачна як група людзей нешта робіць з аўтамабілем на стаянцы, пасля чаго выбягаюць сілавікі і чутная серыя стрэлаў.

На двух другіх роліках паказаныя затрыманыя. Адзін з іх збіты ў кроў і не можа расплюшчыць вочы, бо толькі што яму ў твар пырснулі слезацечным газам. «З якой мэтай сюды прыехалі?» – пытаюць яго сілавікі. «Я памыліўся палітычнымі поглядамі», – адказвае затрыманы.

Пра памылку ў поглядах кажа і другі затрыманы, які пасля выкарыстання газу відавочна знаходзіцца ў шокавым стане. «Што ты тут рабіў?» – пытаюць яго сілавікі. «Не ведаю», – матае ён галавой. Працаўнікі БТ суправадзілі гэты відэаролік кароткім подпісам: «Позна соплі распускаць. Цяпер адказваць давядзецца».

Як пазней адзначалася ў прэс-рэлізе МУС, у ноч з 28 на 29 верасня аператыўнікі ГУБАЗіК пры дапамозе байцоў спецатраду хуткага рэагавання затрымалі пяцярых мужчын ва ўзросце ад 28 да 39 гадоў у той момант, калі яны псавалі асабісты аўтамабіль міліцыянта (пракалолі шыны, залілі мантажнай пенай дзвярныя праёмы, залілі фарбай кузаў). Усе затрыманыя сталі фігурантамі крымінальнай справы аб «злосным хуліганстве» (арт. 339 КК).

Збіты ў кроў мужчына на роліку БТ – гэта 39-гадовы Антон Быкоўскі, дзіцячы трэнер па дзюдо.

Антон Быкоўскі. Фота прадастаўленае жонкаю Антона

«Мне вядома, што Антон не аказваў супраціву, спачатку спрабаваў уцячы, калі зразумеў, што бессэнсоўна, стаў на калені, падняў рукі ўверх. Але яго ўсё роўна вельмі моцна білі. З нагі ў твар, распылілі ўвесь газавы балон прама ў вочы, катавалі электрашокам», – распавяла belsat.eu ягоная жонка Дар’я.

Антон Быкоўскі атрымаў чэрапна-мазгавую траўму і апёк вачэй. Цяпер ён знаходзіцца пад вартай у СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага. Інфармацыі пра стан ягонага здароўя мала (вядома таксама, што ў яго з’явіліся праблемы з ціскам), але лекары кажуць сваякам, што ён «трымаецца малайцом».

Пасля затрымання ў кватэры Антона і Дар’і адбыўся ператрус, які доўжыўся некалькі гадзінаў. «Чацвёра аператыўнікаў перавярнулі спальню ўверх дном, забралі ўсё каштоўнае што знайшлі – тэхніку, грошы і г.д», – кажа жонка.

Яшчэ адзін з затрыманых у межах гэтай справы – Павел Сахарчук, які працаваў кур’ерам.

Павел Сахарчук. Фота прадастаўленае жонкаю Паўла

«Так здарылася, што я ў той вечар засталася на ноч у маці. Мы з мужам сазваніліся каля 22-х гадзінаў, ён сказаў, што ўжо едзе дадому пасля працы. А на наступны дзень у кватэру маёй маці прыйшлі з ператрусам», – распавядае ягоная жонка, якую таксама завуць Дар’я.

І Быкоўскі, і Сахарчук раней прымалі ўдзел у мірных акцыях пратэсту. Іх жонкі прызнаюцца, што не ведалі, куды тыя збіраліся ісці ўвечары 28 верасня. Але з абставінаў затрымання можна зразумець, што сілавікі іх ужо чакалі. Таму сваякі не выключаюць, што мела месца правакацыя.

«Як мне сказалі следчыя, у іх нібыта быў нейкі чат, куды ўваходзіла пэўная колькасць людзей, яны рыхтаваліся загадзя і планавалі свае дзеянні. Але мне гэтыя людзі невядомыя, я не ведаю іх імёны і прозвішча. Я схіляюся да таго, што гэта была правакацыя», – кажа жонка Паўла Сахарчука.

Павел і Дар’я Сахарчукі з дачкою. Фота прадастаўленае Дар’яй

«Я ведаю, што муж добры чалавек, а яшчэ справядлівы і неабыякавы. Падзеі, якія адбываюцца ў краіне апошнім часам, вельмі краналі яго. Як кранаюць усіх нас. Я не ведаю, што менавіта адбылося, але ён трапіў у бяду і вельмі спадзяюся, што ўсё гэта хутка скончыцца. І скончыцца добра», – дадае Дар’я.

Жонка Антона Быкоўскага кажа, што абвінавачванне супраць яе мужа «занадта суровыя», а «збіццё пры затрыманні чалавека, які не аказвае супраціў – незаконнае». «Ён выдатны чалавек, у мяне тэлефон разрываецца ад званкоў ягоных сяброў, бацькоў вучняў, усе мы вельмі моцна перажываем і не ведаем, як яму дапамагчы», – дадае яна.

Незаконныя метады – фірмовы стыль ГУБАЗіК

Працаўнікі ГУБАЗіК вядомыя сваёй схільнасцю да выкарыстання жорсткіх метадаў. Незалежныя СМІ ў мінулыя гады неаднаразова распавядалі пра скандальныя выпадкі пагрозаў і здзекаў над затрыманымі – у асноўным над тымі, каго сілавікі лічылі анархістамі. Напрыклад, у чэрвені 2018 года ГУБАЗіК разам з байцамі САХР з аўтаматамі зладзілі налёт на нефармальную сустрэчу двух дзясяткаў анархістаў пад Крупкамі: частку хлопцаў і дзяўчат паклалі тварам у зямлю (на некаторых надзелі кайданкі), частку прымусілі стаяць на каленях амаль шэсць гадзінаў. Ніякіх падставаў для такога жорсткага абыходжання не было: па выніках толькі на двух чалавек склалі адміністратыўныя пратаколы.

«ГУБАЗіК раней займаўся працай з пэўнымі нефармальнымі групамі. У асноўным гэта былі або футбольныя фанаты (прычым як правых, так і левых поглядаў), або анархісты. У праваабаронцаў было шмат прэтэнзіяў да дзеянняў ГУБАЗіКу: як яны працавалі, на якой падставе прыцягвалі да адказнасці за распаўсюд так званай экстрэмісцкай прадукцыі», – адзначыў у інтэрв’ю belsat.eu намеcнік кіраўніка Праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч.

Удзел ГУБАЗіКа ў палітычна матываваных справах звычайна абмяжоўваўся пераследам актывістаў анархісцкага руху. Хіба што адзіным выключэннем з гэтага правіла была «справа Аўтуховіча» ў 2009-2010 гг. Але з лета 2020 года сітуацыя змянілася: ГУБАЗіК стаў выконваць адну з галоўных роляў у палітычных рэпрэсіях. Цяпер фактычна кожныя некалькі дзён МУС паведамляе пра новыя крымінальныя справы супраць пратэстоўцаў, ініцыяваныя працаўнікамі ГУБАЗіК.

«Сёлета мы бачым, што яны больш актыўна сталі займацца палітычна матываванымі справамі», – канстатуе Стэфановіч.

«Мяне, як былога следчага пракуратуры, гэта здзіўляе, – прызнаецца праваабаронца Алег Волчак, – ГУБАЗіК займаецца арганізаванай злачыннасцю, расследуе хабарніцтва і вымагальніцтва. А за палітычнымі працэсамі ў нас звычайна сочыць КДБ».

Самая гучная аперацыя супраць апанентаў Лукашэнкі, у якой сёлета ўдзельнічалі працаўнікі ГУБАЗіК, – гэта выкраданне Марыі Калеснікавай, а таксама яе паплечнікаў па Каардынацыйнай радзе Івана Краўцова і Антона Раднянкова.

Марыя Калеснікава
Удзельніца прэзідыума Каардынацыйнай рады Марыя Калеснікава па дарозе на допыт у Следчы камітэт. 27 жніўня 2020 года.
Фота: ТК / Belsat.eu

7 верасня Калеснікаву затрымалі на вуліцы і даставілі ў будынак ГУБАЗіК. Ёй пагражалі, што ў выпадку, калі яна добраахвотна не пакіне тэрыторыю Беларусі, яе ўсё роўна вывезуць: жывой ці па частках. Выказваліся і пагрозы пазбавіць Марыю волі на тэрмін да 25 гадоў і зладзіць праблемы ў месцах пазбаўлення волі. У будынак ГУБАЗіК таксама прывезлі Краўцова і Раднянкова – прычым ім надзелі кайданкі на рукі і мяшкі на галаву.

Потым Калеснікаву разам з Краўцовым і Раднянковым гвалтоўна вывезлі на мяжу з Украінай, каб дэпартаваць. Але Марыя ў апошні момант парвала свой пашпарт, сарваўшы аперацыю спецслужбаў.

Акцыя салідарнасці з працаўнікамі МТЗ. Менск, Беларусь. 14 жніўня 2020 г.
Фота: ТК / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Валянцін Стэфановіч упэўнены, што распрацоўваў гэтую аперацыю Камітэт дзяржбяспекі (тым больш што затрыманых вазілі ў будынак КДБ перад тым як адправіць на мяжу), аднак з супрацоўнікаў ГУБАЗіК гэта адказнасць не здымае.

«Я ўпэўнены, што аперацыі супраць Калеснікавай і іншых сябраў Каардынацыйнай рады распрацоўвалі ў першую чаргу ў Камітэце дзяржаўнай бяспекі, але рабілася гэта рукамі ГУБАЗіК. Рабілася ў абсалютна неправавых, супрацьпраўных формах – выкраданне, пагрозы, вываз за мяжу», – падкрэслівае праваабаронца.

ГУБАЗіК пад пагрозай апалы

Былы следчы пракуратуры Алег Волчак адзначае, што ГУБАЗіК у структуры МУС заўсёды меў асаблівы статус: працаўнікам упраўлення дазвалялася больш за іншых, што сфармавала ў іх адчуванне ўсёдазволенасці.

У пачатку 2020 года ГУБАЗіК аказаўся ў цэнтры карупцыйнага скандалу: былы намеснік начальніка ўпраўлення Уладзімір Ціхіня быў затрыманы КДБ у межах «цукровай справы». Палкоўніка вінавацілі ў тым, што ён за хабары «страхаваў цукровую мафію і яе схему».

https://blstv.eu/news/yagonyya-rashenni-ne-asprechvalisya-za-shto-kdb-zatrymau-legendarnaga-palkounika/

У межах «цукровай справы» ператрус адбыўся ў тым ліку на былым месцы працы Ціхіні – ў будынку ГУБАЗіК на вуліцы Рэвалюцыйнай у Менску. Блізкі да спецслужбаў тэлеграм-канал «Папаратар» тады распавядаў цікавыя акалічнасці гэтага ператрусу, намякаючы на тое, што да начальніка ГУБАЗіК Мікалая Карпянкова ў вышэйшага кіраўніцтва ўзніклі сурʼёзныя прэтэнзіі наконт сітуацыі ў ягоным ведамстве.

Мікалай Карпянкоў падчас разгону мірнай акцыі пратэсту 23 верасня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / belsat.eu

Справа ў тым, што пры ператрусе ў ГУБАЗіКу прысутнічаў намеснік міністра ўнутраных справаў Сяргей Хаменка. Паводле «Папаратара», дзяжурны па ўпраўленню не пазнаў намесніка міністра і не хацеў яго прапускаць у будынак, а да таго ж меў вельмі дзіўна выгляд: супрацоўнік быў на службе у хатніх сланцах і форменных штанах, чамусьці загорнутых да калена.

«Калі з гэтай ліхой бязладзіцай не разбярэцца ў бліжэйшы час М. М. Карпянкоў, то з самім Карпенковым разбярэцца Ю.Х.Караеў», – рэзюмаваў тады блізкі да спецслужбаў тэлеграм-канал.

Арышт Ціхіні і ператрус у будынку ГУБАЗіК адбыўся ў лютым. А праз шэсць месяцаў байцы Карпянкова актыўна ўключылася ў кампанію па пераследу іншадумцаў. Прычым займаліся яны справамі, якія відавочна не ўваходзяць у кола профільных інтарэсаў упраўлення.

https://blstv.eu/news/mus-prakamentavala-zatrymanne-bodzibildzera-shota-labzhanide/

Напрыклад, напачатку ліпеня барацьбіты з арганізаванай злачыннасцю жорстка затрымалі ў межах адміністратыўнага (!) працэсу фітнэс-трэнера Шоту Лабжанідзэ, якога вінавацілі ў тым, што ён абразіў у інтэрнэце актывістку БРСМ. Таксама ГУБАЗіК разграміў тэлеграм-канал «Армія з народам»: некалькі адміністратараў чату затрымалі, супраць іх распачалі крымінальныя справы. Фігуранты справы потым скардзіліся на псіхалагічны ціск і здзекі аператыўнікаў.

https://blstv.eu/news/geta-bylo-sapraudnym-katavannem-gistoryya-administratarki-tg-kanalu-armiya-z-narodam-nad-yakoj-zdzekavausya-gubazik/?btid=d5b539c6770e46a30bce2cff66194ba8

Канвеер рэпрэсіяў

Але на поўную моц у палітычныя рэпрэсіі ГУБАЗіК уключыўся ўжо пасля выбараў 9 жніўня. Па ўсёй краіне затрымліваў пратэстоўцаў, якіх вінавацілі ў супраціве міліцыі, кіданні камянёў у транспарт сілавікоў або ў «арганізацыі затору на дарогах» падчас падзеяў 9-12 жніўня. Сярод затрыманых аказалася ў тым ліку валанцёрка Праваабарончага цэнтру «Вясна» Марфа Рабкова – яе вінавацяць у арганізацыі «масавых закалотаў» (арт. 293 ч. 3).

Марфа Рабкова. Фота з сацыяльных сетак.

Пасля нядаўняга Маршу вызвалення палітзняволеных ГУБАЗіК затрымаў паводле падазрэння ў грубым парушэнні грамадскага парадку (арт. 342 КК) адразу пяцярых пратэстоўцаў ва ўзросце ад 21 да 30 гадоў. Аднаго вінавацяць у тым, што ён разабраў вадамёт, другі кінуў у вадамёт камень, а яшчэ двое заклеілі аб’ектывы камераў вонкавага назірання на будынку ЦІП.

Аднак пераследам пратэстоўцаў у межах справаў паводле арт. 342 і 293 КК праца ГУБАЗіК не абмяжоўваецца. У Пружанах і Жабінцы аператыўнікі затрымлівалі хлопцаў, якія сарвалі з адміністратыўных будынкаў дзяржаўныя сцягі, – іх дзеянні кваліфікавалі паводле арт. 370 КК (знявага дзяржаўных сімвалаў).

ГУБАЗіК таксама пераследаваў тых, хто пакідаў эмацыйныя пасты ў публічных чатах. Напрыклад у Гомлі затрымалі 43-гадовага мужчыну, які напісаў у гарадскім чаты «паведамленне з абразай і пагрозай выкарыстання гвалту» супраць дэпутата абласнога савету. А ў Воршы затрымалі 26-гадовага хлопца, які прапаноўваў разбіць асабісты аўтамабіль міліцыянта. У абодвух выпадках былі распачатыя крымінальныя справы.

Часам ГУБАЗіК хваліцца прэвентыўным затрыманнем «радыкальных пратэстоўцаў». Напрыклад, 27 верасня сілавікі затрымалі 30-гадовага менчука, які нібыта меў намер закідаць транспарт «кактэйлямі Молатава» падчас пратэставай акцыі. А 16 верасня ў Менску ў рукі сілавікоў трапілі трое мужчынаў, якія планавалі «абстрэльваць» АМАП металічнымі шарыкамі з рагатак, а таксама кідаць дымавыя шашкі.

ГУБАЗіК і фантастычныя апавяданні

Сцяпан Латыпаў. Фота з сацсетак

Некаторыя абвінавачванні, якія аператыўнікі ГУБАЗіК высоўвалі затрыманым, выглядалі абсалютна фантастычна. Напрыклад, актыўнага абаронцу менскага муралу «дыджэяў перамен» Сцяпана Латыпава абвінавацілі не проста ў «масавых закалотах», але і намеры зладзіць хімічную атаку на міліцыянтаў. Супрацоўнікі ГУБАЗіК сцвярджалі, што Латыпаў арганізаваў незаконны канал пастаўкі ў Беларусь небяспечных хімікатаў, якія меў намер «развеяць паблізу баявых парадкаў АМАПу і ўнутраных войскаў у час пратэставай акцыі».

Палітвязень сапраўды мае справу з хімічнымі рэчывамі, але ў сувязі са спецыфікай сваёй прафесійнай дзейнасці – ён працуе арбарыстам. Паводле праваабаронцаў, абвінавачванні Латыпава ў падрыхтоўцы хімічнай атакі «не вытрымліваюць ніякай крытыкі, навукова не абгрунтаваныя і з’яўляюцца нічым іншым, як фантазіямі прадстаўнікоў ГУБАЗіК».

Не менш фантастычным выглядала заява сілавікоў аб ліквідацыі «ляснога атраду» пад Магілёвам. Нібыта ўдзельнікі суполкі ў сацсетках «Партызаны Магілёва» збіраліся ў закінутым памяшканні, дзе адпрацоўвалі практычныя навыкі тактыкі вядзення вулічных баёў, захопу памяшканняў, штурмавога альпінізму і вядзення баявых дзеянняў у лесе. Падчас адной з трэніровак ГУБАЗіК разам з байцамі АМАПу затрымаў шэсць чалавек. Чацвёра з іх, ва ўзросце ад 16 да 22 гадоў, сталі фігурантамі крымінальнай справы – як можна меркаваць з даволі сумбурнага прэс-рэлізу, іх вінавацяць у незаконных дзеяннях, звязаных з выкарыстаннем гаручых рэчываў.

Заява МУС наконт затрымання «магілёўскіх партызан» змяшчала шмат дэталяў, якія, імаверна, мусілі стварыць уражанне, што хлопцы пад Магілёвам рыхтаваліся да сапраўднай вайны. Паведамлялася, што група мела балаклавы, бранекамізэлькі, нажы, радыёстанцыю, сігнальны пісталет, а таксама ўкраінскую і беларускую нацыянальную сімволіку.

Праўда, у поўным відэазвароце «ляснога атраду» (у ролік МУС трапіла толькі яго невялікая частка), які быў размешчаны раней у сацсетках, хлопцы не выказвалі ніякіх ваяўнічых намераў: яны тлумачылі, што займаюцца вайсковай падрыхтоўкай выключна таму, што ім падабаецца.

Часцяком з прэс-рэлізаў МУС аб аперацыях ГУБАЗіК наагул застаецца не зразумелым, што незаконнага зрабілі затрыманыя. Напрыклад, 3 кастрычніка ведамства абвесціла пра разгром аднаго з «радыкальных чатаў», дзе абмяркоўваўся супраціў міліцыі. У падпісчыкаў чату адбыліся ператрусы. 16 чалавек былі затрыманыя ў межах адміністратыўнага пераследу, а яшчэ адзін чалавек стаў фігурантамі крымінальнай справы аб «масавых закалотах».

«Мужчына выяўляў міліцэйскія аўтамабілі, перапісваў іх нумары і накіроўваў гэтыя звесткі актывістам, каб тыя пазбягалі затрыманняў. Таксама «лідар» перахопліваў радыёперамовы міліцыянтаў і апублікоўваў іх у чаце. У кватэры менчука знайшлі больш за 20 радыёстанцыяў», – адзначалася ў прэс-рэлізе сілавікоў.

ГУБАЗіК таксама апублікаваў паказанні затрыманых на камеру. Праўда, яны ні ў чым крымінальным не прызнаюцца. Адзін тлумачыць, што меў радыёапаратуру, бо з ёй звязаная ягоная прафесійнай дзейнасць. А іншы заявіў, што не заклікаў да нейкіх гвалтоўных дзеянняў у чатах, а тых, хто пра гэта пісаў, успрымаў выключна як «балаболаў».

«Я не думаў, што мной хтосьці зацікавіцца, а тым больш да мяне ў 7 гадзінаў раніцы ўварвуцца супрацоўнікі правапарадку і пачнуць забіраць тэхніку», – дадаў ён.

«Баявы атрад» Карпянкова

Затрыманні ў раёне станцыі метро Няміга 23 верасня.
Фота: Аліса Ганчар / belsat.eu

Аднак найбольш абсурдна выглядае актыўны ўдзел байцоў ГУБАЗіКу ў разгоне мірных акцыяў пратэсту. Прычым на такіх акцыях працаўнікі ўпраўлення з’яўляюцца ў вельмі дзіўным выглядзе (нават у параўнанні са звычайнымі «ціхарамі»). Хтосьці выходзіў затрымліваць дэманстрантаў у шортах і цішотках, хтосьці ў адзенні ў стылі мілітары. Але амаль усе – у кепках, у масках або балаклавах, у бронікамізэльках, з дубінкамі і часам з драбавікамі.

https://blstv.eu/in-focus/lyudzi-u-maskah-i-sa-zbroyaj-hto-yany/

«Узнікае пытанне: навошта? Няўжо не хапае АМАПу і ўнутраных войскаў? Навошта тут яшчэ ГУБАЗіК бегае ў дзіўным выглядзе з палкамі ў руках?» – задае рытарычнае пытанне Валянцін Стэфановіч.

Кіруе такімі «баявымі групамі» непасрэдна начальнік ГУБАЗіКу Мікалай Карпянкоў – прычым ён адзіны, хто не хавае свой твар. 6 верасня палкоўнік Карпянкоў асабіста разбіў дубінкай шкло ў дзвярах кавярні, дзе схаваліся пратэстоўцы.

Алег Волчак лічыць, што Карпянкоў не хавае твар праз тое, што ён ужо раней дастаткова засвяціўся ў брудных справах: напрыклад, 2 сакавіка 2006 года байцы спецназу «Алмаз», якім тады кіраваў Карпянкоў, жорстка збілі кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна.

Кадравы голад

Затрыманні ў раёне станцыі метро Няміга 23 верасня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / belsat.eu

На думку Валянцін Стэфановіча, актыўнае прыцягненне працаўнікоў ГУБАЗіКу да ўдзелу ў палітычных рэпрэсіях – сведчанне таго, што ў астатніх сілавых структураў проста не хапае рэсурсаў.

«Маштабы рэпрэсіяў сталі глабальнымі. Кожны дзень кагосьці затрымліваюць, кожны дзень усё новыя крымінальныя справы. Гэта ж патрабуе вялікай колькасці штатаў», – дадае ён.

Разгон акцыі пратэсту 23 верасня ў Менску.
Фота: Аліса Ганчар / belsat.eu

Алег Волчак выказвае меркаванне, што ўлады цяпер адчуваюць кадравы голад у сілавых структурах, бо шмат дасведчаных супрацоўнікаў звальняюцца. Да таго ж, далёка не ўсе гатовыя наўпрост прымаць удзел у брутальных палітычна матываваных аперацыях, бо баяцца наступстваў у будучыні.

«Хваляванні ёсць усюды, многія не хочуць выступаць супраць народа. Імаверна, цяпер робіцца стаўка на тых, хто гатовы да выканання асаблівых заданняў – таму выбралі ГУБАЗіК. Магчыма, у тым жа КДБ не хочуць падстаўляцца. Відавочна, што працэс ідзе да таго, што частка супрацоўнікаў павольна, але звальняюцца. Імаверна, ГУБАЗіК – апошні аплот уладаў, які гатовы змагацца да канца», – мяркуе Волчак.

Ігар Ільяш belsat.eu

Стужка навінаў