Апошняе інтэрвʼю ўкраінскага опернага спевака, які загінуў на Данбасе (ЭКСКЛЮЗІЎНАЕ ВІДЭА)


Таленавіты барытон Васіль Сліпак цягам апошніх 19 гадоў жыў у Францыі. Калі пачалася вайна, ён пайшоў добраахвотнікам на фронт. 29 чэрвеня ён загінуў ад кулі снайпера.

Нараджэнец Львова, працаваў у Парыжскай нацыянальнай оперы па кантракце. Парыжская аўдыторыя называла яго Мефістофелем, дзякуючы выбітнаму выкананню гэтай партыі ў оперы Шарля Гуно «Фаўст». На вайне ён скараціў яго проста да «Міф» – гэта быў ягоны пазыўны.

За тыдзень да гібелі Васіля дакументаліст Антось Цялежнікаў запісаў з ім інтэрвʼю на перадавой.

У французскай ссылцы я быў 20 гадоў. А цяпер абараняю Украіну. У Францыі я выйграў міжнародны конкурс. Мне прапанавалі спяваць. Я не меў намеру там заставацца. Так двухмесячная віза ператварылася ў 20-цігадовае перабыванне там. Не ведаю, як гэта ацэньваць. Так адбылося.

А чаму ты зʼехаў з гламурнай Францыі сюды?

А хто сказаў, што Данбас не гламурны? Мы выбіраем сваю гламурнасць. Не бачу нічога страшнага ў замене камфортнага ложка на бліндаж.

Ты чалавек высокай культуры. Як табе са зброяй у руках?

Людзі, якія маюць большае пачуццё справядлівасці і людзі мастацтва – яны больш уражлівыя да ўсяго, што цяпер адбываецца. Людзі мастацтва і ўсе, хто добраахвотна бярэ ў рукі зброю, гэта людзі, якія адчуваюць праблематыку значна лепш, чымся іншыя. Не бачу ніякага кантрасту ў тым, што людзі высокай ці якой-кольвек культуры бяруць зброю ў рукі ў такі цяжкі для краіны час. Калі ёсць агрэсар або акупант, які дзясяткамі тысячаў забівае твой народ, то як можна сядзець у хаце і не дапамагаць тым, хто бароніць краіну.

Але ж кожны павінен займацца сваёй справай.

Так, сапраўды. Калі мне пра гэта кажуць, то я адказваю, што гэта мой асабісты выбар. Я не пакінуў сваю прафесію, сваю валанцёрскую дзейнасць. Я ўсё раблю паралельна. Проста ў мяне ёсць такая патрэба быць і на першай лініі. Я адчуваю неабходнасць мяне тут. Я ўсім кажу: выбачайце, так атрымалася. Гэта мой выбар! А ўсе казалі, што як жа гэта так, што оперны спявак прыехаў на фронт. Нашыя людзі любяць усё гераізаваць. Можна такую пазіцыю зразумець, але я яе не ўспрымаю. Раней я сюды прыязджаў на кароткія прамежкі часу, а цяпер буду тут настолькі доўга, наколькі гэта магчыма.

Афіцыйныя медыі і прэс-сакратары не кажуць праўду пра тое, што тут адбываецца. Наадварот, шмат замоўчваюць і кажуць няпраўду, пра тое, што цягне на крымінал. Злачынства заключаецца ў тым, што нельга прасіць Еўропу дапамагчы нам і працягваць санкцыі або ўзмацняць, калі ты не даеш ім сапраўдную інфармацыю. У Францыі дагэтуль людзі не разумеюць ці гэта грамадзянская вайна, ці гэта расейска-украінская вайна.

Ва ўсіх шмат пытанняў. Не толькі ва ўкраінцаў, але ў нашых хаўруснікаў.  Хлопцы, якія там пры ўладзе, давайце рабіць нешта,  каб краіна хутчэй скончыла гэтую вайну. Ці вы робіце ўсё, каб яна працягвалася, або каб замарозіць канфлікт? Ні ўкраінцы, ні народ Данбасу не хочуць гэтае вайны. Нам усё гэта не патрэбна. Мы хочам хутчэй скончыць гэтую крывавую вайну, якая распачалася праз агрэсію суседа і працягваецца дзякуючы пазіцыі Кіева. Мы маглі б яе даўно скончыць. Добраахвотнікі маглі б здабыць перамогу, але ім не далі гэта зрабіць.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў