Апошнія квіткі на Народным Альбом даступныя толькі ў Беластоку


50 бясплатных квіткоў ад серады можна будзе атрымаць у касах кінатэатру Форум каля Беластоцкага цэнтру культуры. Квіткі можна будзе здабыць паводле правіла «хто першы, той лепшы».

Таксама квіткі можна будзе атрымаць непасрэдна перад выступам, але толькі ў выпадку, калі хтосьці з раней запрошаных не прыйдзе на імпрэзу. Музычнае шоу распачнецца ў Падляскай оперы 4 верасня а 17:30.

Імпрэза выклікала вялікую зацікаўленасць сярод аматараў беларускай музыкі. Таму нават тыя, хто не паспеў атрымаць квіткі, змогуць паглядзець трансляцыю спектакля жыўцом – на вялікім экране, які будзе ўсталяваны ў амфітэатры оперы. Квіткі ў амфітэатр ад пятніцы будуць даступныя ў касах Беластоцкага цэнтру культуры.

Ужо 4 верасня на сцэне беластоцкай оперы можна будзе ўбачыць культавы беларускі мюзікл, падзеі якога разгортваюцца ў 30-ых гадах мінулага стагоддзя ў тагачаснай польскай сталіцы кантрабанды Ракаве – гораду, які тады ляжаў на польска-савецкай мяжы. Заіграюць і заспяваюць: кантрабандысты, польскія шпіёны, аматары савецкай улады, беларускія «рэакцыянеры», беларусы, палякі і габрэі – то бок, усе сацыяльныя групы памежжа.

Спектакль рэжысёра Конрада Смугі з’яўляецца часткай фестывалю «Усход культуры. Іншае вымярэнне», арганізаваны Беластоцкім Цэнтрам культуры і Нацыянальным цэнтрам культуры пры падтрымцы парталу kulturadostepna.pl. Аўтарам ідэі і прадзюсарам шоу спектакля ў рамах фестывалю з’яўляецца «Белсат», а сапрадзюсарам Нацыянальны аўдыявізуальны інстытут.

ЯБ belsat.eu

Стужка навінаў