Апошні туз у рукаве Лукашэнкі. Падсумаванне 2017-га ў энергетыцы


Вольга Жарнасек – пра адзіны поспех беларускага ўраду.

Бой крамлёўскіх курантаў шмат у каго ў Беларусі асацыюецца не толькі з салатам аліўе і шампанскім. Неаднойчы ў апошнія хвіліны старога года вырашаўся кошт расейскага газу для нашай краіны.

«Памятаю, быў час, калі падпісвалі 31 снежня. І ўсе мы там сядзелі чакалі, колькі будзе каштаваць газ і ўсё астатняе», – узгадвае Леанід Заіка з аналітычнага цэнтру «Стратэгія».

Прынамсі сёлета Новы год беларусы сустрэнуць спакойна, бо ўрад ужо дамовіўся пра кошт. Цана расейскага газу на 2018 г. складзе 129 долараў за тысячу кубаметраў – гэта на 17 долараў меней, чымся Беларусь плаціць цяпер. Захаваецца і аб’ём паставак расейскае нафты на ўзроўні 24 млн тонаў. Гэта стала вынікам напружаных перамоваў, якія цягнуліся ўвесь год.

«Расея часта хапалася за газавую трубу, за нафтавую трубу, што адбываецца і цяпер. Гэта ўжо звычка такая. Хаця пасля ўсялякіх такіх канфліктаў, няхай і не публічна, але мне казалі: так, мы пагарачыліся і так далей. Але навошта хапацца за жывое? Навошта нас браць за горла?», – заяўляў Аляксандр Лукашэнка 3 лютага.

Нафта і газ для Крамля – перадусім інструмент палітычнага ціску. А таму па ўсім свеце ідзе тэндэнцыя да змяншэння энергетычнай залежнасці ад Расеі. Сёлета значныя поспехі ў гэтым кірунку зрабіла суседняя Літва. У жніўні порт Клайпеды атрымаў першую партыю амерыканскага звадкаванага газу.

«Звадкаваны газ са Злучаных Штатаў здольны канкураваць з газам, які ідзе праз трубаправоды з Расеі. Гэта быў першы груз, за якім прыйшоў другі. І я спадзяюся, што ў наступным годзе мы будзем мець падобную сітуацыю ў гэтым сектары – больш канкурэнтную і больш арыентаваную на спажыўца. Такім чынам мы развіваемся», – кажа міністр энергетыкі Літвы Жыгімантас Вайчунас.

Яшчэ адным крокам у развіцці мае стаць пашырэнне рынку электрамабіляў. Згодна з планам літоўскага ўраду, цягам бліжэйшых сямі гадоў кожнае дзясятае новае аўта ў Літве будзе мець электрарухавік.

«Гэта вялікая матывацыя для ўсіх сектараў – эканамічнага, транспартавага – ісці наперад да чыстых і больш танных энергарэсурсаў. Найперш гэта важна для вялікіх гарадоў, бо выкіды СО2 ёсць ключавою праблемаю для зменаў клімату і нашага здароўя», – дадаеЖыгімантас Вайчунас.

Канец нафтавай эры прадракаюць і аналітыкі «Bloomberg». Згодна з прагнозам найбуйнейшага ў свеце інфармацыйнага агенцтва, цягам наступнага дзесяцігоддзя танныя электрамабілі будуць дамінаваць на аўтарынку і зменшаць попыт на нафту.

Цягам пяці гадоў еўрапейцы сталі набываць у пяць разоў больш аўтамабіляў з электрычнымі рухавікамі

Як паказвае еўрапейская тэндэнцыя, попыт на электрамабілі імкліва расце. У 2012 г. у Еўразвязе зарэгістравалі каля 23 тыс. электракараў. За пяць гадоў гэты паказнік вырас у разы.

«У шмат якіх краінах Еўропы рухавікі ўнутранага згарання будуць забароненыя. Перспектыва ў электрарухавіках. Нам трэба пачынаць з электрасамакатаў – вось я набыў сыну электрасамакат. Электраровары, электраматацыклы, электрамабілі… Час ёсць, мазгі ёсць, але не ўва ўсіх, вядома. Чым раней пачнем, тым лепш», – кажа Леанід Заіка.

Пра неабходнасць стварэння беларускага электрамабіля загаварыў нават кіраўнік краіны, натхнёны тэставаннем найноўшай мадэлі кампаніі «Тэсла» – амерыканскага лідара на рынку электрамабіляў.

«Па-першае, хуткасць набірае, што ўсе нашыя тэставаныя нямецкія аўтамабілі на рухавіках унутранага згарання засталіся імгненна ззаду і не змаглі дагнаць. Стартуе ён, як касмічны карабель, і яшчэ мацней», – казаў Аляксандр Лукашэнка 31 жніўня.

Паводле А. Лукашэнкі, развіццё рынку электрамабіляў якраз супадае з будаўніцтвам атамнай электрастанцыі ў Астраўцы. Набываць энергію з будучай АЭС ужо адмовіліся Літва і Польшча, а таму магутнасцяў з пэўнасцю хопіць на тысячы электрамабіляў. Але паставіць крыж на амбітных планах можа залежнасць ад паставак расейскае нафты.

«У выпадку Беларусі сектар перапрацоўвання нафты – гэта апошняе сямейнае срэбра. Перапрацоўчыя заводы, якія мае Беларусь, – гэта апошні туз у рукаве ў стасунках з расейцамі, якія жадаюць усё больш ўзамен саступак у перамовах пра цану газу і нафты. Таму не ведаю, ці развіццё электрамабільнасці было б згоднае з энергетычнай палітыкай у цэлым», – лічыць Войцех Якубік, польскі эксперт у пытаннях энергетыкі, рэдактар парталу «BiznesAlert.pl».

Таму, калі падсумоўваць гэты год у сферы энергетыкі, адзіны поспех беларускага ўраду – 17-доларавая зніжка на расейскі газ. Далейшае зніжэнне кошту кіраўнік краіны звязвае са стварэннем супольнага з Расеяй энергарынку. Разам з гэтымі планамі імкліва знікае і надзея на незалежнасць Беларусі ў энергасферы. Гэтак жа хутка, як і «Тэсла», што так палюбілася Лукашэнку.

Інтэрв’ю паказалі 22 снежня 2017 г. у праграме «Прасвет» з Сяргеем Пелясою

Таксама ў праграме – падсумаванне году ў стасунках з Расеяй і Украінай:

Стужка навінаў