Апошні шанец Лукашэнкі – бульба


Расея злосна глядзіць на шматвектарную палітыку Менску. Шляхі Беларусі ды Расеі разыходзяцца, і як Масква ідзе ў кірунку падпарадкавання Менску. Так лічыць Каміль Клысіньскі, галоўны эксперт па Беларусі у польскім урадавым аналітычным інстытуце – Цэнтры ўсходніх даследаванняў. Госць «ПраСвету» ў інтэрв’ю Сяргею Пелясе распавядае, як Крэмль хоча зрабіць гэта легальна, і што можа ўратаваць Беларусь ад абдымкаў Расеі ў 2019 г.

Па-мойму, самая цікавая справа – чатыры мяшкі бульбы і сала, што прывёз Аляксандр Лукашэнка ў Крэмль асабіста на другое спатканне з Уладзімірам Пуціным. Што гэта за падарункі, які яны маюць сэнс?

На жаль, гэтыя дзве апошнія сустрэчы напрыканцы года былі настолькі безвыніковыя, наколькі мы ведаем, што застаюцца навідавоку толькі гэтыя мяхі з бульбай і сала.

Мне падаецца, гэта, хутчэй, з’едлівы жарт з боку Уладзіміра Пуціна, які на пытанне, што яму падарыць з Беларусі, адказаў: «А што можна з Беларусі? Толькі бульбу і сала».

На маю думку, Лукашэнка губляе пільнасць, ён старэе. І, падтрымаўшы гэты жарт, ён умацаваў адмоўны стэрэатып беларуса ў Расеі, што гэта «бульбаш», які толькі вырошчвае бульбу ды нічога больш складанага, больш сучаснага зрабіць не ўмее. Гэта не вельмі карысна для іміджу Беларусі ў Расеі. Пагатоў было відаць усмешку Пуціна, які прымаў гэты своеасаблівы падарунак.

Лукашэнка прывёз Пуціну 4 мяхі сартавой бульбы. Фотафакт

А я чуў іншую версію. Адзін мой знаёмы армянскі публіцыст і палітык Тыгран Хзмальян зразумеў гэта так, што чатыры мяхі бульбы ды сала – гэта знак, што беларусы перажывуць любыя праблемы: і вайну, і канфлікты, і спрэчкі. У нас ёсць бульба і сала, мы будзем іх есці, а чатыры мяхі азначаюць чатыры сезоны – круглы год.

Можа, і так, але гэта, хутчэй, на далёкаўсходні лад. Такія намёкі зрабілі б кітайцы, гэта больш у іхным стылі. На маю думку, Лукашэнка дзеяў проста. Быў запыт на такі падарунак, «давайце я прывязу, я ганаруся сваёй бульбаю». Ён асабіста яе вырошчвае ў сваім агародзе і капае ў верасні, усе гэта бачаць, глядзяць праз тэлебачанне. Але не думаю, што гэта будзе самы паспяховы ход.

Найчасцей пра сутнасць гэтай спрэчкі журналісты і аналітыкі кажуць: гаворка ідзе пра тое, што беларускі бюджэт страціць на расейскім падатковым манеўры некалькі сотняў мільёнаў долараў за год. Лукашэнка хоча нейкай кампенсацыі, напрыклад, у форме меншых коштаў на газ. Але адначасова Лукашэнка падчас папярэдняга спаткання, здаецца, 25 снежня, да гэтай бульбы, сказаў, што колькасць праблемаў вялізная. Гэта значыць, не толькі ў гэтым праблема. На вашую думку, якія яшчэ праблемы ёсць паміж Беларуссю і Расеяй?

Іх сапраўды шмат, гэта цэлы комплекс праблемаў. Нафтавая праблема, магчыма, найбольш прыкметная, бо яна датычаць ужо гэтага года. Сёлета, як вы сказалі, беларускі бюджэт страціць некалькі соцень мільёнаў долараў, некаторыя кажуць нават пра $ 400 млн. Гэта складана палічыць, бо шмат што залежыць ад кошту на нафту, які таксама змяняецца па кан’юнктуры. Ёсць пытанні адносна газу, гандлю, доступу да расейскага рынку для беларускага экспарту ды агульнае пытанне пра будучыню адносінаў паміж Расеяй і Беларуссю. Сапраўды, шляхі дзвюх краінаў разыходзяцца, гэта ўжо было відаць на фоне ўкраінскіх падзеяў чатыры гады таму.

Беларусь хоча таго, што ёсць, і не хоча нічога змяняць: утрымацца субсідыямі на такім жа ўзроўні, на якім яны былі, без здачы суверэнітэту.

Схема сям’і Лукашэнкі. Што ён падпісаў?

Адначасова Беларусь хоча, як казалі ў Менску, весці шматвектарную палітыку, якой Расея не зносіць. Яна глядзіць на гэтую шматвектарную палітыку ўсё больш злосна. Відаць, трыванне канчаецца. Расея патрабуе павышэння лаяльнасці афіцыйнага Менску і паглыблення інтэграцыі ў межах Саюзнай дзяржавы. Дарэчы, гэта самы ўдалы ход з боку Расеі – гэтак падпарадкаваць Беларусь: без танкаў, без зялёных чалавечкаў, без якіх-небудзь супрацьзаконных дзеянняў, якія выклічуць чарговую хвалю санкцыяў і, магчыма, супраціў на Захадзе на розных узроўнях. Яна проста выкарыстоўвае легальны шлях у межах дамовы, якую ў 1999 годзе падпісаў Лукашэнка асабіста.

Лукашэнка, беларусы, прынамсі частка, супраціўляюцца, не хочуць паглыблення інтэграцыі. Беларусы хочуць заставацца з Расеяй у тых адносінах, якія ёсць, але далей нам не трэба. Ці сапраўды мэта Масквы – гэтая вельмі паглыбленая інтэграцыя з кантролем мытнай і манетарнай сфераў, адзіным эмісійным цэнтрам валюты, адзінаю візаваю прастораю? Ці сапраўдная мэта – як на кірмашы: прасіць нешта большае, але ў выніку выгандляваць прынамсі частку гэтай цаны?

Зашмат дзеянняў і афіцыйных заяваў для звычайнага гандлю. Пасля 13 снежня, калі мы пачулі вядомы ўльтыматум Мядзведзева, як яго называюць у СМІ, я ўжо ўпэўнены, што Расея ідзе сур’ёзна ў гэтым кірунку. Наколькі гэта атрымаецца – гэта ўжо іншая размова, але намер ёсць. Цягам апошніх гадоў такога не было, каб Расея на афіцыйным узроўні, не праз СМІ, не праз «Незыгарь», не праз інстытут краінаў СНД або РІСД [Расейскі інстытут стратэгічных даследаванняў. – Заўв. рэд.], а праз афіцыйныя асобы, іх выказванні намякала ці нават патрабавала паглыбленай інтэграцыі ды рабіла гэта ў кантэксце шантажу. Павелічэнне або захаванне субсідыяў магчымае толькі ў межах паглыбленай адсунутай Саюзнай дзяржавы. Цяпер мы маем іншую сітуацыю.

Яшчэ ў жніўні, калі Міхаіла Бабіча прызначылі новым амбасадарам у Менску, мы пісалі ў аналітычных дакладах, якія даступныя на нашай старонцы, пра нашыя здагадкі, што Расея пойдзе ў кірунку Саюзнай дзяржавы, што гэта будзе іхны шлях.

А цяпер, пасля снежаньскіх падзеяў, мы ўжо ў гэтым упэўненыя.

План Крамля для Беларусі

Як могуць развівацца падзеі сёлета? Ці ўдасца Лукашэнку захаваць статус-кво, нават страціўшы нейкія субсідыі, і сядзець на бульбе ды сале, але захаваць у зямлянках прынамсі той узровень суверэнітэту, які ёсць? Ці ўсё-ткі ён пойдзе на саступкі, можа, не на ўсе, але прынамсі на частку?

Вельмі цікавае пытанне. Я думаю, Лукашэнка абярэ, і я б на ягоным месцы так зрабіў, гульню на зацягванне ўсяго працэсу. Адзіны шанец для яго – нестыкоўка ў часе. Расея можа зноў трапіць у іншую хаду падзеяў, з’явяцца іншыя выклікі, вонкавыя, якіх усцяж дастаткова.

Якія, напрыклад?

Больш жорсткія стасункі з Украінаю, што заўсёды магчыма. Можа, яшчэ больш жорсткія стасункі з ЗША, выклікі ў іншых кутках свету. Натуральна, вельмі важныя і ўнутраныя пытанні, незадаволенасць грамадства, іншыя заданні. Думаю, што Лукашэнка на гэта разлічвае, і гэта сапраўды ягоны адзіны шанец. Козыраў у яго няшмат, і галоўны козыр – гэта час.

Розныя размовы і сцвярджэнні пра брацкае сяброўства, што мы разам у акопах гнілі ды перамаглі фашыстаў у Берліне, ужо не дзеюць, і схема «газ у абмен на пацалункі» таксама не дзеіць.

Відаць з расейскіх афіцыйных заяваў, што Расея сапраўды патрабуе вельмі канкрэтна. Я думаю, што невялікі шанец у Лукашэнкі ёсць. У такім разуменні мы таксама не павінныя забываць, што Беларусь да часу таксама патрэбная Расеі як паказнік, як выставачная вітрына інтэграцыі ды сяброўства.

Лукашэнка разгромна перамагае Пуціна

Так, маўляў, у нас ёсць яшчэ суверэнная дзяржава, гэта наш хаўруснік.

Так, і застаецца партнёр. Я нагадаю адзін момант: у другой палове года, увосень, плануюцца чарговыя вайсковыя вучэнні. Гэтым разам яны будуць адбывацца на тэрыторыі Расеі пад назваю «Шчыт саюзу», і тады Беларусь таксама будзе патрэбная Расеі як партнёр, а не як праціўнік, які абараняецца ад нападаў ды намёкаў наконт Саюзнай дзяржавы. Гэта таксама шанец перачакаць.

І, магчыма, гэты «Шчыт саюзу» абароніць прынамсі той суверэнітэт Беларусі, які яшчэ на сённяшні момант ёсць, да якога менавіта палітыка Лукашэнкі давяла.

Інтэрв’ю паказалі ў праграме «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою:

Глядзі таксама
Каментары