Аплату працы будаўнікам спачатку павялічылі, а потым знізілі


Памер аплаты працы будаўнікоў з 24 ліпеня скарацілі да 6,94 рубля чалавека-гадзіны. Тычыцца гэта адмыслоўцаў чацвёртага разраду пры будаўнічых, спецыяльных, мантажных, пусканаладачных працах. У Мінбудархітэктуры такое рашэнне тлумачаць жаданнем стымуляваць рост прадукцыйнасці працы, піша tut.by.

Характэрна, што памер адной чалавека-гадзіны для будаўнікоў павялічылі з 1 студзеня сёлета, каб стрымаць адток кадраў за мяжу. У выніку каштарыс аднаго чалавека-гадзіны працаўніка чацвёртага разраду пры выкананні пусканаладачных прац з 1 студзеня складаў да 7,03 рубля, а пры выкананні будаўніча-мантажных прац – 8,15 рублёў.

У Мінбудархітэктуры тлумачаць рашэнне аб зніжэнні каштарысу адной чалавека-гадзіны «стымуляваннем росту прадукцыйнасці працы». У ведамстве адзначаюць, што «вядзецца пра каштарысны заробак працаўнікоў, а не фактычны». Прасцей кажучы, будаўнік зможа атрымаць ранейшы заробак, але калі выканае большы аб’ём працы.

«Дакумент уступіў у сілу 24 ліпеня і распаўсюджвае сваё дзеянне на распрацаванне каштарыснай дакументацыі толькі па новых абʼектах», – ўдакладняюць ў Мінбудархітэктуры.

Патрабаванне павялічыць будаўнікам заробак агучыў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік краіны абазначыў, што востра не хапае адмыслоўцаў, якія выязджаюць на працу за мяжу.

СК belsat.eu

Стужка навінаў