Аператар экскурсіяў у чарнобыльскую зону: Згарэла траціна турыстычных аб'ектаў


Хата ў вёсцы Старая Маркіўка гарыць падчас ляснога пажару на тэрыторыі ўкраінскага Палесся. 9 красавіка 2020 года.
Фота: Уладзімір Тарасаў / Zuma Press / Forum

У выніку пажару ў чарнобыльскай зоне згарэла 30 % турыстычных мясцінаў, заявіў у эфіры «Hromadske» дырэктар нацыянальнага правайдара экскурсіяў у чарнобыльскую зону Яраслаў Емельяненка.

Паводле тураператара, шэраг лакацыяў – напрыклад, старыя савецкія базы адпачынку – страчаныя цалкам і аднаўленню не падлягаюць.

«Страчанае вялікае мноства палескіх аўтэнтычных вёсак, якія паказвалі побыт людзей, якія пражывалі там [да аварыі на ЧАЭС]. Па турызме, спадчыне і нашае гісторыі гэты пажар нанёс вялікі ўдар», – заявіў Емельяненка.

Асноўныя аб’екты – рэжымны горад Чарнобыль, горад Чарнобыль-2, ваенны гарадок з радыёлакацыйнай станцыяй і горад Прыпяць – не пацярпелі, дадаў Емельяненка. Цяпер «Чарнобыль тур» плануе аднавіць частку страчаных пабудоваў.

«Мы павінныя паказаць людзям, якія сюды прыязджаюць, што тут было», – дадаў ён.

Пажар у чарнобыльскай зоне распачаўся на мінулым тыдні і праз вецер, нягледзячы на працу ратавальнікаў, хутка распаўсюдзіўся па вялікай частцы чарнобыльскай зоны.

13 красавіка агонь быў у дзвюх кіламетрах ад магільніка ядравых адкідаў.

Пасля гэтага Дзяржаўная служба надзвычайных сітуацыяў (ДСНС) накіравала на ліквідацыю пажару большую колькасць тэхнікі і людзей. Агулам за панядзелак пажарная авіяцыя здзейсніла 227 вылетаў, на лес вылілі 538 тон вады.

Увечары 14 красавіка намеснік міністра ўнутраных справаў Украіны Антон Герашчанка заявіў, што цяпер адкрытага агню няма, а пажарныя ўжо ліквідуюць толькі асяродкі тлення.

«Вялікую працу правялі нашыя ратавальнікі, якія, у першую чаргу, абаранілі ад пажару важную інфраструктуру, перашкодзіўшы агню рухацца ў бок гораду Прыпяць, Чарнобыльскай АЭС і сховішча ядравых адкідаў. На жаль, і гэта непазбежна пры лясных пажарах, пацярпела прырода – загінулі расліны і жывёлы. Калі б не выразныя і прафесійныя дзеянні ратавальнікаў і асабліва пажарных, то страты былі б у дзесяць разоў большыя», – цытуе чыноўніка прэс-служба ДСНС.

Паводле Герашчанкі, даць рады пажарным з агнём дапамог таксама дождж, які прайшоў на гэтай тэрыторыі.

Радыяцыйны фон у зоне адчужэння не падвышаўся.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў