Апеляцыйны суд вынес рашэнне па справе журналіста Змітра Галка


Стаў вядомы вынік разгляду апеляцыі журналіста Змітра Галка, якога асудзілі за «напад на міліцыянта».

Журналіст напісаў у «Facebook», што суд абышоўся з ім «з асаблівым цынізмам».

Прысуд змянілі, але толькі ў плане кампенсацыі судовых выдаткаў – з 18 рублёў 18 капеек іх знізілі да 18 капеек.

Раней журналісту прызначылі 4 гады «хіміі» з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Суд Савецкага раёну Менску прызнаў Змітра Галка вінаватым у гвалце ў дачыненні да міліцыянта.

«Калі б не было палітычнага складніку, то ўвогуле не з’явілася б крымінальная справа. Адзіным справядлівым рашэннем з боку суда было б поўнае апраўданне. У «хіміі» ёсць свае мінусы – неўзабаве пра маю справу ўсе забудуць, бо я не ў турме, але свабода ўсё адно будзе абмежаваная, не атрымаецца ўз’яднацца з сямʼёй», – гэтак у ліпені Зміцер Галко каментаваў Belsat.eu прысуд.

Архіўны сюжэт пра справу Змітра Галко

Інцыдэнт, які стаў нагодай для крымінальнага пераследу, адбыўся 25 лістападу 2017 года. Сын Галка святкаваў сваё 15-годзе на кватэры ў Менску. На свяце былі ягоныя сябры, таксама прысутнічаў і ўласна Галко (усяго было каля 17 чалавек). Шумная кампанія падлеткаў прыцягнула ўвагу мясцовага ўчастковага Юрыя Чыркова. Паводле следства, калі міліцыянты зайшлі ў кватэру, у іх адбыўся канфлікт са Змітром Галком, прычым журналіст нібыта ўжыў сілу да праваахоўнікаў. Паводле адваката Галко Наталлі Мацкевіч, міліцыянты незаконна ўварваліся ў кватэру, пачалі відэаздымку, таму ў дачыненні журналіста нельга ўжываць артыкул аб нападзе на працаўніка МУС.

У хуткім часе пасля гэтага Галко разам з сынам з’ехалі ўва Украіну. Аднак 22 красавіка, падчас вяртання на радзіму, Галко затрымалі на беларуска-ўкраінскай мяжы і кінулі за краты.

Міжнародная журналісцкая арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» заклікала да «неадкладнага вызвалення» журналіста і блогера Змітра Галка, якога вінавацяць у гвалце ў дачыненні міліцыянтаў. У адмысловай заяве «Рэпарцёраў без межаў» адзначаецца, што Галко стаў «відавочнай ахвярай пераследу». У дакуменце адзначаецца, што пераслед журналіста «мае прыкметы акту помсты» за прафесійную дзейнасць.

НМ, belsat.eu, фотаздымак з «Facebook» Змітра Галка

Стужка навінаў