Апазіцыя запрасіла міністра аховы навакольнага асяроддзя на Чарнобыльскі шлях


Анатоль Лябедзька, Юрась Губарэвіч і Віталь Рымашэўскі былі сёння на прыёме ў міністра аховы акружаючага асяроддзя. Як піша на сваёй старонцы ў Facebook Анатоль Лябедзька: «абмеркавалі «гарачыя кропкі» Беларусi – Берасце, Светлагорск».

«Асноўнае нашае пасланне было ў запрашэнні на мерапрыемствы, звязаныя з чарговай гадавінай Чарнобыльскай трагедыі: непасрэдна на сам Чарнобыльскі шлях» і на круглы стол, які адбудзецца напярэдадні. Ён будзе прысвечаны праблемам ядравай энергетыкі. Будзем уздымаць пытанні запуску Астравецкай АЭС і звязаныя з гэтым экалагічныя праблемы», – паведаміў belsat.eu Юрась Губарэвіч, старшыня Руху «За свабоду».

Па словах Губарэвіча, міністр падзякаваў за запрашэнне, але сказаў, што канкрэтныя крокі будуць прадпрымацца тады, калі мерапрыемства будзе дазволенае ўладамі.

Акрамя Чарнобыльскага шляху абмяркоўвалася сітуацыя з акумулятарным заводам, які хочуць пабудаваць у Берасці. З боку міністэрства было заяўлена, што сітуацыя пад кантролем, усе патрэбныя экспертызы зараз праводзяцца.

«Куды не ткні, паўсюль ёсць экалагічныя праблемы. Мясцовыя ўлады вельмі часта проста зачыняюць вочы, адгароджваецца ад людзей, якія ўздымаюць гэтыя пытанні», – кажа Губарэвіч.

Палітык кажа, што ў адрозненні ад сустрэчы з міністрам абароны Андрэем Раўковым, атмасфера была дастаткова пазітыўная, Андрэй Худык дэманстраваў гатоўнасць да дыялогу. Але Губарэвіч зазначае, што вынікі дыялогу будуць залежаць ад агульнай палітыкі дзяржавы і яе адкрытасці да альтэрнатыўных прапановаў.

Некаторыя прадстаўнікі апазіцыі заяўляюць, што дыялог з уладамі не мае сэнсу і толькі дыскрэдытуе тых, хто намагаецца навязаць з імі кантакты.

«Немагчыма даведацца рэакцыю прадстаўнікоў улады, калі не распачынаць весці з імі дыялог. Калі мы не будзем размаўляць з адказнымі міністэрствамі, калі мы будзем адмаўляцца прадстаўляць інтарэсы грамадзянаў, то наўрадці гэта паспрыяе рашэнню праблемаў», – мяркуе Юрась Губарэвіч.

ГА, belsat.eu

Стужка навінаў