Апазіцыя вырашыла абраць адзінага кандыдата на прэзідэнцкія выбары


27 студзеня апазіцыя абвесціць аб пачатку кампаніі адзінага кандыдата.

«Пасля сур’ёзных і доўгіх дыскусіяў апазіцыя здолела дамовіцца аб тым, каб вылучыць адзінага кандыдата, і выпрацавала механізм яго вызначэння. Адзіны кандыдат павінен абʼяднаць усе дэмакратычныя сілы краіны і стаць лідарам сумеснай барацьбы за вяртанне Беларусі на шлях дэмакратычнага развіцця», – гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Абʼяднанай грамадзянскай партыі.

Вылучыць адзінага кандыдата дамовіліся шэсць палітычных суб’ектаў: Рух «За Свабоду», БХД, БСДП, БНФ, АГП, партыя «Зялёныя».

Сярод патэнцыйных адзіных кандыдатаў:

  • Юрась Губарэвіч (Рух «За Свабоду»)
  • Павел Севярынец (БХД)
  • Вольга Кавалькова (БХД)
  • Аляксей Янукевіч (БНФ)
  • Мікалай Казлоў (АГП)

Прадстаўнікі іншых палітычных партыяў яшчэ не вызначыліся, каго вылучаць у якасці адзінага кандыдата, або ўвогуле не збіраюцца гэтага рабіць, напрыклад, партыя «Справядлівы свет».

Падрабязнасці будуць агучаныя на прэс-канферэнцыі 27 студзеня а 12:00 у сталічным гатэлі «Crowne Plaza» (Кірава, 13).

Апазіцыйныя партыі дамовіліся, што працэдура будзе максімальна адкрытай, але дакладнай інфармацыі пра тое, як менавіта будзе выглядаць абранне адзінага, прадстаўнікі гэтых палітычных сілаў пакуль прадставіць не могуць.

Прэзідэнцкія выбары павінны адбыцца ў 2020 годзе, не пазней за жнівень.

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў