Апазіцыя Венесуэлы заяўляе, што ўлады краіны летась прадалі 73 тоны золата


Урад Нікаляса Мадура прадаў летась Аб’яднаным Арабскім Эміратам і Турцыі 73 тоны золата. Пра гэта заявіў апазіцыйны дэпутат Нацыянальнага сходу Венесуэлы (парламент, які складаецца пераважна з праціўнікаў Мадура) Карлас Папароні.

Дэпутат таксама сцвярджае, што адміністрацыя Мадура з панядзелка не можа пераводзіць грошы паміж сваймі рахункамі ў банках Еўрапейскага звязу, паведамляе Reuters.

Апазіцыя на чале спікера парламента Хуана Гуаідо, які абвесціў сябе прэзідэнтам краіны, і яго прыхільнікі вядуць барацьбу за залатыя запасы Венесуэлы і іншыя актывы дзяржавы, абгрунтоўваючы гэта, што дзейнічаюць у інтарэсах народу.

Раней апазіцыя абвінаваціла ўлады краіны ў спробе вывезці каля 20 тонаў золата ў Расею. У Крамлі на гэта заявілі, што ў Масквы няма інфармацыі пра такія планы Каракаса. Пазней агенцтва Reuters са спасылкай на свае крыніцы паведамляла, што ўлады Баліварыянскай рэспублікі маюць намер прадаць у ААЭ 15 тонаў золата, а 3 тоны былі прададзеныя 26 студзеня. 2 лютага кампанія Noor Capital з ААЭ паведаміла, што купіла ў Цэнтрабанку Венесуэлы 3 тоны золата.

Агенцтва Bloomberg паведамляла, што ўлады Венесуэлы спрабавалі прадаць яшчэ 20 тонаў золата, аднак угоду адклалі праз пільную ўвагу грамадскасці да гэтай справы.

Аб’ектыў
Беларусь страціла на супрацы з Венесуэлай мільёны
2018.07.05 21:08

СК, belsat.eu, паводле rbc.ru

Стужка навінаў