На Дзень Волі апазіцыя хоча прайсціся шэсцем па цэнтры Менску


Дзень Волі-2016

Прадстаўнікі Руху «За свабоду», партыяў АГП, БНФ ды БХД падпісалі заяўку на правядзенне шэсця на Дзень Волі.

Традыцыйна акцыя пройдзе 25 сакавіка, збор у 14.00-14.30, акцыя працягнецца да 15.30, паведамляецца на сайце Руху «За свабоду».

Арганізатары прапануюць Менгарвыканкаму наступны маршрут: пляцоўка ля будынку Акадэміі навук (збор удзельнікаў) – шэсце па праспекце Незалежнасці – парк Янкі Купалы (завяршэнне акцыі). Мітынг не запланаваны.

Меркаваная колькасць удзельнікаў – 950 чалавек.

«Раней былі пытанні ад удзельнікаў акцыі, чаму арганізатары заклікаюць ісці на плошчу Бангалор. Гэтым разам мы вырашылі адхіліцца ад стандартнага маршруту і прапанавалі іншы варыянт – шэсце накіруецца ў цэнтр гораду», – пракаментаваў сайту старшыня Руху Юрась Губарэвіч.

Па ягоных словах, арганізатары разлічваюць, што такі маршрут будзе задаволены ўладамі: раней падставай для адмовы быў мітынг, для якога дазволеная толькі пляцоўка на плошчы Бангалор.

«Шэсцем адзначэнне Дня Волі не абмяжуецца, пройдуць і іншыя мерапрыемствы. Зараз ідуць перамовы пра правядзенне 25 сакавіка святочнага канцэрту. Месца і склад выступоўцаў будуць агучаныя напярэдадні мерапрыемства», – заключыў Губарэвіч.

Чытайце таксама >>> Лябедзька, Севярынец ды Корбан атрымалі вялізныя штрафы за акцыю на падтрыманне «Белсату»

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў