Апаненты Пашыньяна дэмаралізаваныя



Нікол Пашыньян сышоў, каб застацца. Прэм’ер Арменіі дадаў да сваёй пасады два словы: выканальнік абавязкаў. Але фактычна гэта нічога не змяніла, ён застаецца самым папулярным палітыкам у Арменіі. Дык навошта было сыходзіць?

Новыя выбары ў парламент Арменіі Нікол Пашыньян анансаваў яшчэ не прыйшоўшы да ўлады. У траўні ў часе пратэстаў ён абяцаў правесці датэрміновыя выбары і тым самым закончыць транзіт улады ў краіне. Абяцанне расцягнулася на паўгода, але сваё слова Пашыньян стрымаў.

«Дарагія суайчыннікі! Як я ўжо сказаў, я сыходжу з пасады прэм’ер-міністра Арменіі. Мэта гэтай адстаўкі – не пакінуць пасаду прэмʼера-міністра ды пазбавіцца адказнасці перад вамі, але наадварот, давесці да канца нашую неґвалтоўную аксамітную рэвалюцыю шляхам правядзення пазачарговых парламенцкіх выбараў», – заявіў Нікол Пашыньян.

Пасля адстаўкі прэм’ера парламент мае 2 спробы на тое, каб абраць новага старшыню Кабінету Міністраў. Калі абедзве спробы закончацца нічым, парламент распусцяць і абвесцяць новыя выбары. Цяпер ёсць дамоўленасць усіх палітычных сілаў не выстаўляць сваіх кандыдатураў на прэм’ерства і тым самым запусціць працэдуру перавыбараў. Як кажуць у Ерэване, Пашыньян натхніўся поспехам выбараў у Раду старэйшынаў Ерэвану. Блок прэм’ера «Мой крок» атрымаў абсалютную большасць – 57 з 65 месцаў.

«Выбары на пасаду мэра Ерэвану паказалі, што пакуль рэвалюцыйны дух настаўляе выбарнікаў не на партыі ды праграмы, а на падтрыманне рэвалюцыі», – кажа палітолаг Манвэл Саргсьян.

Першапачаткова рэспубліканцы, былая партыя ўлады, прапаноўвалі праводзіць новыя выбары ў парламент Арменіі не раней за лета наступала года. Але нягледзячы на змену выбарчага календара, яны не будуць замінаць Пашыньяну і выстаўляць сваіх кандыдатураў на пасаду прэм’ера. Такім чынам, хутчэй за ўсё выбары адбудуцца ў снежні, а рэспубліканцаў чакае ракіроўка з партыяй Пашыньяна, якая цяпер займае ў парламенце толькі 5 месцаў са 105.

«На гэты момант аформленай сілы, якая была б апаненткай партыі Пашыньяна, практычна няма, апроч Рэспубліканскай партыі. А Рэспубліканская партыя цяпер даволі моцна дэмаралізаваная. Але ўнутры партыі ёсць асобы, якія могуць быць добрай апазіцыяй у парламенце», – адзначае этнограф, адмыслоўца ў пытаннях Каўказу Грануш Харат’ян.

Выбары ў парламент Арменіі інстытуцыянальна закончаць армянскую рэвалюцыю і дазволяць Пашыньяну ажыццяўляць абяцаныя рэформы. Бо пакуль сітуацыя выглядае парадаксальна: прэм’ер мае фантастычную папулярнасць, але яго не падтрымлівае парламент. Што праўда, нягледзячы на вынікі выбараў, замежная палітыка Ерэвану кардынальна не зменіцца.

«Замежная палітыка не зменіцца, яна застанецца ў межах той практыкі, якая была раней. Пытанні гучалі адносна будучай супрацы з Расеяй, АДКБ і г. д. Было сказана, што ніякіх зменаў не будзе», – працягвае Манвэл Саргсьян.

Апроч усеагульнай любові, у Арменіі гучыць і крытыка новых уладаў. Прэм’ера папікаюць адсутнасцю рэформаў у судовай і заканадаўчай сферах. Але акурат для гэтых структурных зменаў лідару армянскай рэвалюцыі і патрэбная большасць у парламенце.

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Алінаю Коўшык:

Глядзі таксама
Каментары