Антыцаркоўная істэрыка ўладаў можа даць Беларусі карысную прышчэпку на будучыню

Аляксандр
Гелагаеў
гісторык, вайсковы аглядальнік

Генеральная пракуратура афіцыйна папярэдзіла каталіцкага біскупа і праваслаўнага святара, што закон парушаць нельга.

Аказваецца, «парушэнне закону» было ў тым, што і той, і другі 15 лістапада рэзка асудзілі ў сацыяльных сетках разбурэнне ўладамі народных мемарыялаў у памяць забітага Рамана Бандарэнкі.

Аднак Генпракуратура выказалася толькі 18-га, бо 17-га атрымала публічны загад ад яўна раззлаванага Аляксандра Лукашэнкі «даць ацэнку» словам хрысціянскіх святароў.

Біскуп Юрый Касабуцкі. Фота: Catholic.by

Істэрычнасць гвалту

З боку так званых уладаў ужо не першы раз можна чуць абурэнне з нагоды пазіцыі хрысціянскіх святароў. Хіба што найбольш яскравым быў выпадак з забаронай арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу вярнуцца ў Беларусь. Іерарха з самай высокай трыбуны галаслоўна абвінавацілі ледзь не ў працы на Сі-Ай-Эй (ЦРУ) з-за ягонага асуджэння гвалту і беззаконня, якія рабіліся «праваахоўнікамі» на беларускіх вуліцах.

І ўлады кожны раз замест нейкай хоць трохі разумнай і ўзважанай рэакцыі, замест таго, каб хаця б паспрабаваць надзець маску прыстойнасці, абіраюць самы відавочна бязглузды і агрэсіўны варыянт дзеянняў.

Галоўнага абражае ягоны выгляд у люстэрку – выканаўцы лупяць дубінкай па люстэрку.

Айцец Сяргей Лепін. Фота – sobor.by

Хто распальвае канфлікты

Канфлікт у выніку не заціхае, а толькі робіцца больш відавочным. Гэтак, выгнанне арцыбіскупа Кандрусевіча з Беларусі, напрыклад, не змяніла рыторыкі ў каталіцкім асяроддзі, а толькі зрабіла яе больш адкрытай і смелай. Допісы і каментары ў каталіцкіх суполках паказваюць, што каталікі ганарацца сваімі іерархамі і святарамі.

Цяпер з-за істэрыкі ўладаў перад выбарам стала кіраўніцтва Беларускага экзархату: альбо айцец Лепін застанецца на пасадзе прэс-сакратара Праваслаўнай царквы, альбо яго здымуць з пасады.

Першае будзе прачытана ўладамі і грамадствам як імкненне іерархаў да самастойнасці ў развязанні пытанняў маралі, другое – захавае адносіны іерархаў Беларускага экзархату і ўладаў, але нанясе рашучы, калі не канчатковы, удар па аўтарытэце Праваслаўнай царквы ў беларускім грамадстве.

Кіраўнік БПЦ не хоча, каб пратэстоўцы выконвалі «Магутны Божа»

Улады ўвесь час імкнуцца паставіць кожнага чалавека ці супольнасць перад выбарам: альбо ты з намі, і тады акуніся з галавой у наш агульны бруд, альбо не з намі, і тады ты наш смяротны вораг.

У выніку вастрыня канфлікту, прынцыповасць канфлікту – толькі расце, а ўлады прызначаюць сабе ўсё больш ворагаў, усё скарачаючы час свайго існавання.

Таталітарная секулярнасць

Аднак нельга не заўважыць, што гэтая сітуацыя мае карані не толькі ў індывідуальных рысах пэўных асобаў ці дэградацыі наяўнай структуры ўлады ў Беларусі.

Відавочна, што палітыка «папы́ мусяць маўчаць ці казаць толькі тое, што нам падабаецца» – гэта характэрная пазіцыя яшчэ савецкай сістэмы. А што можа быць раднейшае сучаснай уладзе ў Беларусі, чым СССР?

Зрэшты, меркаванне «папы́ не маюць права» выказвацца аб тых ці іншых грамадскіх і палітычных пытаннях (то бок маюць, але толькі… – гл.вышэй) гучыць не толькі з вуснаў сучасных уладаў Беларусі. Гэтыя словы рэгулярна чуваць і падчас дыскусіяў пра аборты, пра ЛГБТ, пра межы ўмешвання дзяржавы ў жыццё сям’і.

Але біскупы, святары і простыя вернікі – такія ж грамадзяне, як і мы ўсе, з такімі ж правамі на выказванне. Было б добра, каб нарэшце ўсе гэта зразумелі.

Трэба спадзявацца, што падзеі гэтага года стануць для будучай вольнай Беларусі добрай прышчэпкай ад савецкага ці любога іншага таталітарызму.

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Больш матэрыялаў