Антон Луцкевіч: герой, якога ўсе ненавідзелі


Заўтра спаўняецца 135 гадоў аднаму са стваральнікаў беларускай дзяржаўнасці, лідэру адраджэнскага руху Антону Луцкевічу.

Як жа яго не любілі камуністы ў БССР, Хадэкі і КПЗБ-оўцы ў Заходняй Беларусі!

Гэтая нелюбоў, а прасцей сказаць нянавісць, з асаблівай выразнасцю праявілася ў канцы 20-х і на працягу ўсіх 30-х гадоў. Колькі было намалявана зняважлівых карыкатур, напісана паскудных у сваёй ілжывасці артыкулаў і зацемак. Антон Луцкевіч ў заходнебеларускай прэсе, а таксама ў газетах і часопісах Савецкай Беларусі быў прадстаўлены ледзьве не як галоўны вораг нашай краіны, нацыянал-фашыст, які паводле сваёй інфернальнай злавеснасці пераўзыходзіў Дракулу, Франкенштэйна ды іншых знакамітых тагачасных кінамонстраў.

Справка

Паэт Міхась Машара, калі выйшаў з польскай турмы напачатку 30-х прасіў-маліў «дзядзьку Луцкевіча» дапамагчы грашыма, бо не мае ні капейкі… Антон Луцкевіч спрыяе таленавітаму паэту, а той праз 30 год, калі піша ўспаміны пра Заходнюю Беларусь, выводзіць свайго дабрадзея на старонках кнігі сапраўдным д’яблам.

Паўліна Мядзёлка, якая была закаханая ў яго брата Івана (той не адказваў узаемнасцю, бо сэрца аддаў Юліяне Мэнке) намалявала Антона Луцкевіча каварным масонам, подлым, двурушным чалавекам, які з лёгкасцю ламае лёсы няшчасных нацыянальных дзеячоў.

Можна смела сказаць, што ніводзін сённяшні беларускі культурніцкі дзеяч і палітык не зазнаў такой ступені нянавісці, якое выпраменьвала тагачаснае камуністычнае і хрысціянаска-дэмакратычнае грамадства на героя нашага артыкула.

За што ненавідзелі?

Бо падчас знакамітага працэсу ў канцы 20-х, у Заходняй Беларусі над «Грамадой» Антона Луцкевіча апраўдалі і адпусцілі. Чаму Тарашкевіча, Рак-Міхайлоўскага ды іншых пасадзілі, а Луцкевіч застаўся на волі? Гэта ж вельмі падазрона! Значыць, здраднік! І няважна, што калі ён вярнуўся дахаты, то даведаўся пра страшнае: яго жонка, не вытрымаўшы нервовага ўзрушэння (не верыла, што мужа вызваляць!) павесілася.

Ненавідзелі, бо адкрыта і смела ў сваіх артыкулах выступаў супраць Сталіна, называючы яго «ценем Азэфа» (гэта Луцкевічу «прыпомнілі», калі ў 1939-м бальшавікі, заняўшы Вільню, яго арыштавалі, а праз тры гады знішчылі).

Злаваліся, бо меў незалежнае меркаванне і не падладжваўся пад большасць

А як займаў высокія пасады ва ўрадзе БНР, вельмі радаваўся, калі ў гэты ж час была створана Беларуская савецкая рэспубліка на чале са Змітром Жылуновічам.

У сваёй здзіўляльна-шматграннай дзейнасці (а ён быў палітыкам, публіцыстам, мовазнаўцам, выдаўцом, гісторыкам, музейным работнікам, педагогам), пры любых палітычных варунках інтарэсы Беларусі ставіў вышэй за ўласныя амбіцыі і цікавасці сваіх калегаў. А гэта, безумоўна, вельмі раздражняе.

Ён сварыўся з Янкам Купалам. Заўсёдна-акуратнага, эмацыйна-стрыманага Антона Луцкевіча злаваў разбэшчана-расхістаны (у стылі герояў раманаў Букоўскага) стыль паводзінаў Янкі Купалы. Ён неаднаразова лаяўся з паэтам, з палёгкай уздыхаў, калі той з’ехаў у Пецярбург. Але менавіта Антон Луцкевіч прысвяціў аўтару «Паўлінкі» самыя прачулыя, псіхалагічна-дакладныя і бліскучыя рэцэнзіі, артыкулы і лекцыі.

Тым не менш, называючы Купалу першым вялікім паэтам Беларусі, аддаваў перавагу Якубу Коласу, бо той, на думку Луцкевіча (у адрозненні ад Івана Дамінікавіча), творча развіваўся і ператварыўся ў 20-ыя гады ў сапраўднага… еўрапейскага паэта-імпрэсіяніста. А Луцкевіч марыў, каб нашыя літаратары як мага хутчэй скінулі з сябе ўмоўныя лапцы і сярмяжныя світкі, надзелі смокінгі і паводле сваёй творчай элегантанасці былі ня горшыя за Аскара Уайльда.

Прагнуў еўрапейскай будучыні

Ён прагнуў, каб Беларусь як мага хутчэй стала па-сапраўднаму еўрапейскай, але, тым не меней, не адразу адчуў хараство паэзіі Максіма Багдановіча. Пэўны час вершы «Страціма-лебедзя» былі пахаваны ў рэдакцыйных скрынях «Нашай Нівы». Спатрэбілася ўмяшанне Сяргея Палуяна, каб гэтыя ўнікальныя творы пачалі друкавацца. Але затым, менавіта Антон Луцкевіч напісаў праграмныя артыкулы пра паэзію Максіма Багдановіча, назваўшы яго «Песняром чыстай красы» (падобнае вызначэнне, дарэчы, стала класічным і для беларускіх савецкіх літаратуразнаўцаў). Луцкевіч умеў адкрыта прызнаваць свае памылкі. А гэта было дадзена не многім з яго калегаў.

Справка

Для Антона Луцкевіча было не істотна да якога палітычнага лагера належыць той ці іншы творца – галоўнае, каб ён пісаў па-беларуску, каб гэта было па-мастацку пераканаўча і эстэтычна новым.

А таму Луцкевіч з аднолькавым імпэтам вітаў Якуба Коласа, калі ў вершах таго пачатку 20-х знаходзіў ноткі імпрэсіянізму, таму гэтак жа радаваўся «ідэйнаму ворагу» аўтара «Новай зямлі» Міхасю Чароту, бо адчуў, што ў «Босых на вогнішчы» ёсць невядомыя для тагачаснай беларускай літаратуры рытмы і гукі футурызму.

А яшчэ Антон Луцкевіч марыў каб наша літаратура пазбавілася арэолу вечанага пакутніцтва, панылай плаксівасці, вечнага чакання няўдачы.

Таму так радаваўся першай кнізе Уладзімера Дубоўкі «Строма», бо яна была напісана новым, духоўна і фізічна моцным, бадзёрым тонам.

Таму для Луцкевіча сапраўдным святам былі тэатральныя пастаноўкі Францішка Аляхновіча «На Антокалі», «Шчаслівы муж». Аляхновіч ператвараў свае п’есы-мюзіклы ў карнавал радасці, дзе ўсё падуладна бесклапотна-вакхічнай харэаграфіі ўсеагульнай весялосці, і няма нават намёку на панылую рэчаіснасць.

Антон Луцкевіч спадзяваўся, што чым больш у нашай літаратуры, тэатры, жывапісу і графіцы будзе з’яўляцца (на зло рэальнасці) радасных твораў, пазбаўленых і ценю смутнагляднасці, то тады магчыма нешта зменіцца і ў самой ментальнасці беларусаў.

Магчыма тады яны будуць крыху меньш баяцца, крыху меньш злавацца, крыху меньш ненавідзець таго, каго варта любіць, кім наадварот трэба ганарыцца.

І тады, магчыма, калі з’явіцца ў нас новы Антон Луцкевіч, то яго будзе чакаць не такі сумны, і нават трагічны лёс, чым у героя нашага артыкула.

ВІДЭА
Дзьве граматыкі, дзьве турмы, дзьве жонкі: сёньня народзіны Браніслава Тарашкевіча
2019.01.20 16:22

Сяргей Піліпчэня belsat.eu

Стужка навінаў