Аншлаг на мітынгу Ціханоўскай у Баранавічах - прыйшлі 8000 чалавек


Раніцай у нядзелю на агітацыйны мітынг Святланы Ціханоўскай сабраўся шматтысячны натоўп.

Імпрэза распачалася ў гарадскім парку а 10-й гадзіне. Людзі прыйшлі з белымі і чырвонымі балончыкамі, нацыянальнымі і дзяржаўнымі сцягамі і белымі бранзалетамі – сімвалам кампаніі аб’яднанага штабу.

Удзельнікі скандуюць «Света!». На пачатку прамовы яна павіншавала вайскоўцаў з Днём ПДВ.

«Калі войска служыць народу, народ яму крайне ўдзячны. Мы вельмі хочам паважаць нашае войска. Дапамажыце нам, зрабіце гэтак, каб мы вамі ганарыліся!» – сказала яна.

Мітынг Святланы Ціханоўскай у Баранавічах. Фота: «Белсат»
Мітынг Святланы Ціханоўскай у Баранавічах. Фота: «Белсат»
Мітынг Святланы Ціханоўскай у Баранавічах. Фота: «Белсат»
Мітынг Святланы Ціханоўскай у Баранавічах. Фота: «Белсат»
Мітынг Святланы Ціханоўскай у Баранавічах. Фота: «Белсат»
Мітынг Святланы Ціханоўскай у Баранавічах. Фота: «Белсат»

Кандыдатка таксама падзякавала жыхарам Баранавічаў за тое, што актыўна збіралі подпісы за ейнае вылучэнне.

«Толькі з дапамогай вас я не сышла з гэтага шляху, бо адчувала адказнасць і не магла ўсё кінуць, як бы мне ні хацелася некалькі разоў», – шчыра прызналася яна.

У адказ людзі пачалі скандаваць «Дзякуй!», увесь час гучаць авацыі.

Святлана Ціханоўская ў Баранавічах.
Фота: «Белсат»

Святлана Ціханоўская нагадала, што цяпер за кратамі знаходзяцца палітзняволеныя, у тым ліку ейны муж Сяргей Ціханоўскі.

«Улада не ўлічыла, што ў кожнага моцнага мужчыны за плячыма стаіць моцная жанчына», – сказала кандыдатка.

Па стане на 11.20 на мітынгу прысутнічалі 8 тысяч чалавек, паведамляюць назіральнікі ПЦ «Вясна».

Пасля прагучалі выступы прадстаўніц аб’яднаных штабоў Марыі Калеснікавай і Веранікі Цапкалы.

Вераніка Цапкала ў Баранавічах.
Фота: «Белсат»

Вераніка Цапкала агучыла пытанні, адказы на якія яна хоча пачуць падчас звароту Аляксандра Лукашэнкі да народу, які запланаваны на заўтра.

«Чаму нашыя дзеці павінны пакідаць Беларусь, каб там зарабіць болей? Вы ведаеце, колькі чалавек адмовіліся жыць у Беларусі – 570 тысяч грамадзянаў! Гэта нармальна? Паглядзіце, на што ператварылася нашая краіна» – сказала яна.

Цапкала таксама звярнулася да настаўнікаў і медыкаў. Яна паказала на мізэрныя заробкі і прымус настаўнікаў з боку дзяржавы да фальсіфікацыі падліку галасоў.

«Настаўнікаў прымушаюць ісці супраць сваёй улады, прымушае іх апускаць вочы, калі яны размаўляць з дзецьмі і іхнымі бацькамі. Няхай мне адкажуць: чаму ў нашай краіне гэта адбываецца?!»

Мітынг Святланы Ціханоўскай у Баранавічах. Фота: «Белсат»
Мітынг Святланы Ціханоўскай у Баранавічах. Фота: «Белсат»
Міліцыя даглядае наведнікаў мітынгу ў Баранавічах. Фота: «Белсат»

Людзі скандуюць «Верым! Можам! Пераможам!» Жыхары Баранавічаў гучна запатрабавалі свабоды палітвязню, блогеру Ігару Лосіку, які родам з Баранавічаў.

Пасля прамоваў на сцэне оперная спявачка Маргарыта Ляўчук выканала песню «Авэ Марыя».

Напрыканцы са Святланай, Веранікай і Марыяй фатаграфаваліся людзі. Аб’яднаны штаб пакінуў пляцоўку ў шчыльным коле прыхільнікаў.

***

Сёння Святлана Ціханоўская наведае таксама Берасце. Мітынг там распачнецца а 14.00.

КА belsat.eu

Стужка навінаў