Ангелец, які сустрэў у Беларусі сваё каханне, малюе жыхароў Горадні


Джорж Пэддэр-Сміт больш за 10 гадоў жыве ў Горадні, малюе і грае на… рыдлёўцы. Сёлета ў Горадні адчынілася выстава ангельска-гарадзенскага мастака.

Гэтага яскравага чалавека цяжка не заўважыць. Апрануўшы паласаты пінжак з паласатым гальштукам і насунуўшы паласаты капялюш, ён выйшаў прывітаць сваіх шматлікіх гасцей і сыграць ім на… рыдлёўцы. Як аказалася, гэта гітара, якую Джордж змайстраваў сам.

Адкрыццё выставы “Партрэты” Джорджа Пэддэра-Сміта ў Горадні

«Кожны ангелец у душы гітарыст», – тлумачыць артыст, аднак госці сабраліся не толькі паслухаць, але і паглядзець выставу чалавека, які прамяняў Еўразвяз на Беларусь і малюе яе жыхароў.

Джордж Пэддэр-Сміт

Гісторыю Джорджа Пэддэра-Сміта нельга назваць тыповай. Каля 15-ці або 12-ці (дакладнага часу ніхто ўжо не памятае) гадоў таму Джодж прыехаў з французскага Ліможа ў Беларусь разам са сваім сябрам-мастаком, які павінен быў прывезці ў Горадню сваю выставу. Тут Джорж і сустрэў спадарыню Яніну, пасля чаго з ёй і застаўся. Як распавядае жонка ангельца, да моманту прыезду пра Беларусь Джодж чуў толькі, калі ўзнагароджвалі беларускіх пераможцаў на алімпіядзе, але тады слаба ўяўляў, дзе гэтая краіна знаходзіцца.

«Нашая сустрэча здарылася, дзякуючы энергіі спадарыні Марыі Мацко. Яна ладзіла выставы, калі французскія мастакі ездзілі сюды, а нашыя гарадзенскія рабілі выставу ў Ліможы. І Джордж прыехаў тады якраз і яго пасялілі да мяне ў кватэру. Я тады шмат працавала і позна вярталася, дый у саміх мастакоў быў вельмі шчыльны графік, таму бачыліся мы вельмі мала. Аднак, як распавядала мне Марыся, у апошні дзень перад ад’ездамДжодж сказаў, што мусіць набыць кветкі для сваёй гаспадыні. І ён тады скупіў усе ружы на плошчы Савецкай і прыйшоў да мяне.

Памятаю гэты смешны букет – вялізны ахапак ружаў, самых розных: вялікіх, маленькіх, кароткіх, доўгіх, дзесьці падвялых, рознакаляровых. Проста, у гэтым увесь Джордж. Ён не засяроджваецца на дэталях.

Ён не раз мне казаў, што жыццё можна змяніць у любы момант», – узгадвае спадарыня Яніна.

У маладосці Джорж Пэддэр-Сміт скончыў два курсы мастацкага каледжа ва ўніверсітэце ў Ньюкасле. Пасля сустрэў дзяўчыну, нарадзіліся дзеці і трэба было думаць пра хлеб надзённы. У выніку мару стаць мастаком Джодж змяніў на прафесію настаўніка ангельскай мовы. Акрамя таго, з мастацтвам вельмі цесна звязаная сям’я ангельца: бацька быў скульптарам, мастакамі сталі таксама ягоныя дзеці. Працы дачкі Дорджа красуюцца ў каралеўскім палацы Вялікай Брытаніі, для якіх адведзены адмысловы цёмны пакой, каб сонечнае святло не шкодзіла фарбам.

Жонка Джорджа Пэддэра-Сміта, спадарыня Яніна

Будучая жонка Яніна таксама аказалася звязанай з мастацтвам, працавала яна тады дызайнерам і пазнаёміла Джорджа з гарадзенскімі мастакамі і артыстамі. Пасля пераезду ў Горадню, былы настаўнік і сам узяўся за пэндзаль.

«Мастацтва ўвесь час у тканіне яго жыцця. Калі ён пазнаёміўся з усімі маймі сябрамі, назіраў за імі, размаўляў, мабыць, гэта яго падштурхнула. Спачатку ён няўпэўнена пачынаў, але ж гэта было ўжо 11 гадоў таму і, як Сяргей Грыневіч згадаў, чалавек, каторы кожны дзень стаіць за мальбертам – гэта ўжо прафесіянал. І я магу пацвердзіць, што 300 дзён у год цягам усяго таго часу, што ён тут, мой муж стаіць за мальбертам», – кажа спадарыня Яніна.

«Божа, навучы нас сядзець спакойна»

Партрэты гарадзенцаў аўтарства Джорджа Пэддэра-Сміта

«Гэта не з фотаздымкаў. Людзей я маляваў ужывую», – з гонарам тлумачыць Джордж.

Як распавядае мастак, малюе ён розныя рэчы: абстракцыю, пейзажы ды іншае. Шматлікія партрэты людзей, якія стваралі акружэнне Джорджа ў Горадні, у выніку сталі падмуркам цэлай выставы. Экспазіцыя так і атрымала назву – «Партрэты», толькі з невялічкім і даволі філасофскім допісам: «Божа, навучы нас сядзець спакойна».

Героі Джорджа самыя розныя. Ёсць і знаёмыя мастакі, такія як Сяргей Грыневіч. Ёсць гарадзенскія музыкі – Алесь Дзянісаў і Таццяна Салаўёва. Проста і цікавыя, і выпадковыя людзі. Адзін з цэнтральных партрэтаў на выставе – малюнак уладальніка «Музею Побыту» Януша Паруліса.

«Мы пазнаёміліся на шасцігоддзе майго музею. Тады Джордж завітаў са сваёй жонкай. Там і запрапанаваў намаляваць партрэт. Тры гадзіны мяне трымаў на крэсле. Зараз вішу тут. Прыемна», – кажа спадар Януш.

– А які самы любімы партрэт? – пытаюся ў мастака.

– Канечне ж, маёй жонкі, – адказвае Джордж, усміхаючыся. – Толькі ці ён ёй падабаецца – гэта ўжо ў яе пытайцеся.

«Жыццё ў Беларусі – гэта пекла»

Аўтапартрэт Джорджа Пэддэра-Сміта

Джордж распавядае пра сябе выключна з гумарам. Свой узрост мастак акрэсліў як узрост дыназаўраў. Нават біяграфія мастака, якая вісіць пад яго аўтапартрэтам на выставе, можа здзівіць непадрыхтаванага наведніка. Чытаем пераклад на беларускую мову: «Маё жыццё пачалося ў водах Адрыятычнага мора. Я плыў, седзячы ў кошыку. Акіянскія плыні прынеслі мяне да турэцкага порту Ізмір, дзе мяне знайшлі жанчыны з гарэму турэцкага султана. У выніку я ведаю як спытаць па-турэцку, дзе знайсці танны гатэль, а пасля абурыцца з нагоды занадта высокага кошту, натуральна жэстыкулюючы рукамі. (…) Я стаў мастаком у выніку пракляцця. Чараўніца з гарэму турэцкага султана наваражыла, што я памру пасля таго, як мая галава будзе прыкавана да жалезнай агароджы. Я пачаў пісаць карціны, каб запоўніць час, пакуль гэтага не адбылося…» І г.д.

«Мяне папрасілі напісаць нешта не надта сур’ёзнае і цікавае, я і напісаў», – усміхаецца мастак.

– А як Вам жывецца ў Беларусі? Ці моцна адчуваеце культурныя розніцы?- задаю стандартнае для замежніка пытанне.

Жыццё ў Беларусі – гэта пекла, – з самым сур’ёзным выразам твару кажа Джордж, а пасля паўзы дадае, – увесь час цягам дзесяці год кожны ў мяне пытае пра тое самае: колькі часу я тут і чаму я ўвогуле тут. Няўжо, Вы хочаце пачуць нейкія дрэнныя рэчы пра сваю краіну? Гэта таямніца. Жыццё – гэта таямніца. А я хачу проста жыць.

Выставу Джорджа Пэддэра-Сміта можна паглядзець у «Цэнтры гарадскога жыцця» ў Горадні цягам месяца да 25 чэрвеня.

Паўліна Валіш, belsat.eu

Фота – Васіль Малчанаў

Стужка навінаў