Анексія Беларусі: фэйк ці рэальная пагроза?



«
Беларусь ужо не былая савецкая рэспубліка», – пра станоўчыя змены ў беларускім грамадстве ў інтэрв’ю Сяргею Пелясе распавядае публіцыст брытанскага выдання «The Times» і намеснік дырэктара Цэнтру аналізу еўрапейскай палітыкі Эдўард Лукас. Знакаміты журналіст і аўтар кніг пра Расею таксама ацэньвае імавернасць драматычнага сцэнару ў дачыненнях Беларусі з Расеяй.

Як Вы ацэньваеце сітуацыю ў Беларусі на фоне чарговай спрэчкі Лукашэнкі і Пуціна? Менск – у расейскай пастцы, але робіць малыя крокі ў бок Захаду. Беларусь – пагроза для NATO, марыянетка ў руках Крамля ці самастойны гулец?

Перш за ўсё, я б не стаў драматызаваць, бо я ўжо шмат разоў бачыў гэтае «кіно». У Лукашэнкі і Ельцына заўсёды былі разыходжанні, пэўныя непаразуменні ўвесь час адбываюцца паміж Лукашэнкам і Пуціным. Яны спрачаюцца пра грошы, пра газ, існуе пытанне, звязанае з Саюзнаю дзяржаваю, я маю на ўвазе выкарыстанне яе Пуціным, каб даўжэй застацца ва ўладзе. Людзі абмяркоўвалі гэтыя пытанні яшчэ ў 1990-ыя гады, цягам усяго апошняга дзесяцігоддзя і працягваюць гэта рабіць. Я б моцна здзівіўся, калі б адбылася нейкая драматычная змена. Расея працягвае агучваць пагрозы, а Лукашэнка – фліртаваць з Захадам. Мне здаецца, тут не назіраецца нічога прынцыпова новага.

А вось што насамрэч памянялася, дык гэта беларускае грамадства.

Амаль трыццаць гадоў тут ёсць асабістая свабода. Так, рэжым Лукашэнкі выкарыстоўваў рэпрэсіі ды некаторыя выпадкі насамрэч сур’ёзныя, але ёсць беларусы, якія могуць выехаць за мяжу, выбраць сабе кар’еру, займацца бізнесам, вывучаць тое, што хочуць.

Цяпер працяглы перыяд спакою, дзякуючы чаму беларускае грамадства вельмі істотна змянілася. Беларусь ужо не былая савецкая рэспубліка, якою была, я маю на ўвазе спалучэнне чырвона-зялёнай і бел-чырвона-белай ідэнтычнасцяў. Аднойчы Лукашэнка сыдзе. Мы ўсе будзем здзіўленыя, калі пабачым гэтую краіну пад кіраўніцтвам новага лідара, які, магчыма, пойдзе ў зусім іншым кірунку. Мяркую, што мы перабольшваем значнасць асобы Лукашэнкі. Мы не бяром пад увагу зменаў у грамадстве, якія ідуць вельмі павольна і паступова, але тым не менш яны вельмі глыбокія і важныя.

Чаму цяпер так шмат размоваў пра магчымую анексію Беларусі? Украінцы вельмі сур’ёзна гавораць пра гэта. Яны баяцца нават больш, чым самі беларусы. Аднак згодна з ультыматумам Мядзведзева Расея абрала «легальны» шлях і саюзную дамову 1999 г. Гэта інфармацыйная вайна ці рэальная пагроза?

Мяркую, што прычына – недастатковае веданне тэмы. Чым менш чалавек ведае пра Беларусь, тым лягчэй агучыць нейкае меркаванне. Сапраўдныя эксперты з вялікай асцярожнасцю робяць змрочныя прагнозы. Украіну гэтае пытанне хвалюе, бо калі б расейскія войскі былі ў Беларусі, то ўкраінцы мелі б такую самую сітуацыю на паўночнай мяжы, як і на ўсходняй. З іхнага боку гэта апраўданая стратэгічная перасцярога. Але, як мне здаецца, тое, што мы цяпер назіраем, – гэта палітычны тэатр. Расея прабуе пагражаць Беларусі.

Яны ўвесь час кажуць пра тое, што Саюзная дзяржава мае стацца рэальнасцю. Непазбежна паўстае пытанне: а хто за гэта заплаціць?

Калі ў расейцаў сапраўды ёсць рэсурсы, каб узяць на сябе Беларусь з усімі яе ўнутранымі даўгамі і праблемамі, ім давядзецца плаціць субсідыі.

Анексія Беларусі зусім не будзе лёгкай, і доказы мы бачым на прыкладзе Крыму. Яны атрымалі яго шляхам анексіі ды ўрэшце мусяць выдаваць шмат сродкаў на ўтрыманне, а да гэтага яшчэ і плаціць вялікі дыпламатычны кошт. Кажучы пра стасункі, я думаю, што канец года будзе падобны на яго пачатак: будзе шмат напружаных сустрэчаў, пагрозаў, магчыма, спыненне паставак газу ў нейкі момант. Можа быць, урэшце Расея атрымае дадатковую вайсковую базу або Лукашэнку давядзецца зрабіць нейкі крок, які яму зусім не падабаецца. Але я быў бы здзіўлены, калі б адбыліся такія сур’ёзныя падзеі. Як журналіст я люблю ўсходнія тэмы, я люблю пісаць пра іх, але для мяне як аналітыка больш важная дакладнасць.

Каміль Клысіньскі, эксперт па Беларусі ў польскім Цэнтры Усходніх даследванняў у інтэрв’ю мне сказаў, што сур’ёзна ставіцца да драматычнага сцэнару. Ён мяркуе, што ідзе гульня на час. На ягоную думку ад анексіі Беларусь можа ўратаваць большае напружанне з Украінаю ці беларуска-расейскія вучэнні «Шчыт саюзу». Ці сапраўды гэта так?

Каміль – вельмі моцны аналітык. Я не размаўляў з ім на гэтую тэму, але прачытаў ягоны аналітычны рапарт. Як я казаў, я ўжо бачыў гэтае «кіно», я маю на ўвазе «Захад-2017»: прагнозы, што расейскія войскі, якія прыедуць у Беларусь, тут і застануцца.

Калі прааналізаваць амаль дваццацігадовую гісторыю стасункаў Пуціна і Лукашэнкі, бачна, што там заўсёды прысутнічалі пагрозы, ультыматумы, спрэчкі пра грошы, спрэчкі пра энерганосьбіты, спрэчкі пра бяспеку.

Можа быць, я не маю рацыі, але мне падаецца, што іх танальнасць прынцыпова не змянілася і цяпер. Назіраць за гэтым працэсам вельмі цікава: у абодвух бакоў ёсць прастора для манеўру – Лукашэнка можа насесці на расейцаў ці адступіць, і тады яны могуць атрымаць усё, што яны просяць.

Я скептычна стаўлюся да ідэі ракіроўкі Пуціна.

Вы маеце на ўвазе гэтак званую праблему 2024 года?

Чаму б тады не проста змяніць Канстытуцыю? Мне падаецца, што людзі, гаворачы пра Беларусь, шукаюць, што сказаць, бо гэта гарачая тэма. Расейцы нічым не рызыкуюць. Гэта дзіўна, але хоць Беларусь і Расея даволі блізкія краіны, узровень ведаў расейскіх экспертаў пра Беларусь вельмі абмежаваны. Яны ведаюць больш пра Польшчу або Нямеччыну, Вялікую Брытанію, ЗША. Ідэя, што яны здолеюць проста захапіць Беларусь і кіраваць далей… Хто ведае, можа быць, Пуцін прачнецца аднойчы раніцай і скажа: «Я хачу зрабіць гэта». Але на мой погляд, верагоднасць нейкага драматычнага развіцця падзеяў цягам гэтага года – адсоткаў дваццаць, не больш.

Інтэрв’ю паказалі ў праграме «Праcвет» з Алінаю Коўшык:

Глядзі таксама
Каментары