Анджэй Пачобут: «Улады б’юць туды, дзе грамадская незадаволенасць становіцца публічнай»


Журналіст і сябра БАЖ Анджэй Пачобут каментуе сітуацыю ў сувязі з апошнімі затрыманнямі журналістаў і блогераў.

Пераследуюць журналістаў, блогераў па ўсёй краіне. Пераважна «Белсат». Як бы Вы патлумачылі мэту гэтых апошніх рэпрэсіяў?

– Зараз увогуле вельмі напружаная сітуацыя ў краіне. У першую чаргу – эканоміка. Тое, што дрэнна жывецца, што не бачна перспектывы, што трэба ехаць працаваць за мяжу, – гэтыя тэмы хвалююць людзей. Гэта тое, пра што сёння звычайныя людзі, не заангажаваныя ў палітыку, размаўляюць. Беларуская апазіцыя працягвае жыць у сваім маленькім свеце, яна не ў стане накінуць свой парадак дня грамадству і ўзмоцніць свае ўплывы. Пры гэтым усё роўна ўлады бачаць, што незадаволенасць ёсць і спрабуе біць туды, дзе яна становіцца публічнай. Тыя крыніцы, тыя каналы, праз якія гэтую незадаволенасць можна ўбачыць і пачуць.

Калі людзі размаўляюць на кухнях або курылках, улада пра гэта ведае, але з гэтым яна не змагаецца. Але, калі гэта выліваецца ў свет і становіцца грамадскай з’явай, то гэтага яна дараваць так проста не можа.

І калі мы паглядзім на журналістаў, якіх рэпрэсуюць, то ў большасці прэтэнзіі менавіта да сацыяльнай тэматыкі, якая хвалюе людзей. А блогеры і журналісты «Белсату» ў першую чаргу з’яўляюцца каналам трансмісіі грамадскай незадаволенасці ў публічную сферу.

Чаму цяпер узяліся за Горадню, доўгі час тут журналістаў практычна па-сур’ёзнаму не закраналі? Ці можна да гэтай сітуацыі прывязаць новага кіраўніка КДБ у Горадні?

– Персанальна да кіраўніка КДБ у Горадні, я б пакуль што, гэтую сітуацыю не прывязваў. Мы бачым, што ў Берасці адбываецца, дзе заведзеная крымінальная справа, у Гомлі. Я думаю, што гэта больш глабальная з’ява. Хоць у Горадні заўсёды было шмат ахвотных зрабіць кар’еру на палітычным пераследзе, каб пасля патрапіць у Менск. Калі мы прасочым кар’еры гарадзенскіх кдбэшнікаў, то бачна, што на пачатку ўзбуджэнне крымінальнай справы, пераслед, рэпрэсіі ў дачыненні да журналістаў ці палітыкаў, а пасля людзі з павышэннем пераязджаюць у сталіцу. Цэнтральная ўлада відавочна такім чынам заахвочвае сілавыя структуры праяўляць актыўнасць. І яны гатовыя такую актыўнасць праяўляць.

Анджэй Пачобут

Але такая жорсткая форма? Даўно такога не было, каб забіралі столькі тэхнікі, каб рабілі ператрус у памяшканні, пры тым не самога журналіста, а яго родных?

– Я думаю, што гэтая справа – гэта прыклад для ўсіх, што будзе, калі ўлада раззлуецца. Я думаю, што ўлады будуць вельмі моцна шукаць, за што зачапіць, і калі яны бачаць магчымасць, нейкую памылку журналістаў, якая здараецца ў кожнага, то ўлады за яе будуць хапацца адразу. Таму трэба быць дастаткова асцярожнымі з аднаго боку, а з іншага боку не дайсці да самацэнзуры і не баяцца.

Як бы Вы спрагназавалі далейшае развіццё падзеяў з журналістамі? Чым скончыцца справа?

– Цяжка сказаць. Я думаю, у гэтым раўнанні столькі невядомых, што яго так адназначна і хутка рашыць не магчыма. Разам з тым, калі казаць пра тое, што можна зрабіць у гэтай справе, то чым большы рэзананс, чым большая грамадская ўвага будзе да гэтых справаў, тым менш шанцаў, што справы дойдуць да суда.

Унутры палітыкі Беларусі сёння змагаюцца два вектары. З аднаго боку сілавыя структуры, якім далі загад трымаць грамадства за морду, каб проста нікому ў галаву не прыйшло, што можна нешта тут змяніць. А з другога боку – Міністэрства замежных справаў, якое атрымала загад, пашукаць шляхоў паляпшэння адносінаў з захадам, прыцягваць турыстаў, інвестыцыі і г.д.

І ў гэтых палітычных кірунках адныя выконваюць адзін загад, а іншыя другі. Кожнаму пастаўлены свае мэты. У выпадку, калі канкрэтная крымінальная справа будзе перашкаджаць рэалізацыі другой мэты – паляпшэнню тых жа адносінаў з Захадам, у гэты момант улада адмовіцца распачынаць ці працягваць справу. Але пры гэтым улада ніколі не адмовіцца ад ціску на грамадства.

Як такі імідж стасуецца да свабоднага рэжыму бязвіза?

– Гэта не звязана адно з адным. Што такое 30 дзён? 30 дзён – гэта, каб прыязджалі замежнікі і выдавалі тут грошы. Гэта якраз у межах таго другога задання, якое было пастаўлена ўладай. Гэта значыць прыцягнуць заходнія грошы ў Беларусь, каб паправіць неяк сітуацыю. Тут абсалютна адно другому не перашкаджае. Мы ведаем шмат краін, дзе парушаюцца правы чалавека, але яны прыцягальныя, як турыстычныя меккі, і турысты ахвотна туды едуць, нягледзячы на тое, што там унутры краіны чорт ведае што адбываецца.

Усе ведаюць, што Белсат, канал да якога мае дачыненне Польшча. Магчыма, пераследам менавіта белсатаўцаў улада Беларусі дэманструе нешта ўладам Польшчы?

Безумоўна, у сітуацыі з «Белсатам» ёсць гэты кантэкст двухбаковых польска-беларускіх дачыненняў. І калі «Белсат» больш за ўсіх праследуецца, то безумоўна, тут мае ўплыў, што гэта польскае СМІ.

А чаго хочуць улады дасягнуць? Я думаю, што тут яны нічога не дасягнуць. У іх былі вялікія спадзяванні нейкі час таму на тое, што ўдасца неяк кульнуць «Белсат», калі Польшча збіралася паменшыць фінансаванне.

Аднак гэта была цалкам унутрыпольская сітуацыя. Беларусь не мае такіх рычагоў, каб праводзіць такую моцную гульню ўнутры Польшчы. Але гэтая сітуацыя вырашылася і «Белсат» існуе далей. Таму ўладам зараз зноў самастойна трэба брацца за працу, каб зачыніць канал. І тут ужо сілавыя структуры набіраюць разгону. І на сённяшні дзень, каб вярнуць статус «Белсату» такі, што лепей яго не чапаць, патрэбна сур’ёзная рэакцыя з заходняга боку. Аднак, я не ведаю, ці магчыма сёння такая рэакцыя, каб спыніць рэпрэсіі ў дачыненні да журналістаў.

Змянілася геапалітычная сітуацыя, у якой для Лукашэнкі з’явіліся новыя магчымасці. Раней Лукашэнка быў самым горшым дыктатарам у Еўропе. Але, калі здарыўся Крым, пачалася вайна ва Украіне, безумоўна Захад пачаў на яго па-іншаму глядзець.

Так, у Беларусі адбываецца тое, што адбываецца, але Лукашэнка не акупуе частку іншай краіны, не высылае зялёных чалавечкаў, не ўзбройвае тэрарыстычныя фармаванні кшталту ДНР і ЛНР, таму на фоне Пуціна выглядае зусім інакш. Лукашэнка не змяніўся, але змянілася стаўленне да яго ў сувязі з агульным упадкам стандартаў.

Гутарыла Паўліна Валіш, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары