Двайное вета прэзідэнта. Сёння раніцаю тут, у прэзідэнцкім палацы ў Варшаве, Анджэй Дуда абвесціў сваё рашэнне накласці вета на два законы аб рэформе судовае сістэмы. Рашэнне, паводле прэзідэнта, было прынятае хутка і ёсць неабходным для ўсёй краіны.
Пра тое, што ён накладзе вета на новы закон, калі ў яго не ўключаць папраўкі, прэзідэнт Польшчы казаў яшчэ перад галасаваннем у Сейме.
«Я шкадую, што праект рэформы аб Вярхоўным судзе перад галасаваннем у Сейме не мог быць мне прэзентаваны як прэзідэнту Рэспублікі Польшча. А таму праект прайшоў без маіх кансультацыяў, роўна як і без большасці юрыдычных заўваг», – патлумачыў сваё рашэнне Анджэй Дуда.
Паводле прэзідэнта, на прыняцце сённяшняга рашэння яго падштурхнула апошняя размова з дарадцаю Зофʼяй Рамашэўскай – вядомай дзяячкай апазіцыі часоў Польскай Народнай Рэспублікі.
«Я думаю, вельмі добра, што гэтак зрабіў прэзідэнт. Бачна, што ён паціху заяўляе пра сябе як пра самастойную фігуру», – кажа выпадковы мінак у Варшаве.
Апазіцыя, яе прыхільнікі і тыя, хто не згодны з новаю рэформаю, патрабуюць больш рашучых крокаў.
Тысячы пратэстоўцаў у Варшаве, Вроцлаве, Гданьску, Любліне ды іншых гарадах краіны чакалі ад прэзідэнта накладання трайнога вета – у тым ліку на законапраект аб арганізацыі судоў агульнай юрысдыкцыі, які дазваляе міністру юстыцыі прызначаць суддзяў.
Пратэстоўцы заяўляюць, што новы закон паставіць Вярхоўны суд у залежнасць ад выканаўчай і заканадаўчай улады.
У сваю чаргу ў кіроўнай партыі «Закон і справядлівасць» лічаць, што рэформа дазволіць ачысціць судовую сістэму, якая не змянялася яшчэ з часоў камуністычнай Польшчы, ад карупцыі.
Віталь Бабін, «Белсат»