Андрусь Горват: Што агульнага паміж беларускімі чыноўнікамі і даяркамі


Мянчук, які з’ехаў жыць у глухую вёску, разважае пра праблемы беларускіх чыноўнікаў.

Абы не было вайны

Цікаўлюся ў брата:

– Вось пачнецца вайна, на чыім баку ты будзеш?

Брат адказвае:

– Не на чыім. Перачакаю ў лесе.

Калгас імя Дзяржынскага

Прынята лічыць, што Беларусь не можа нічога прапанаваць Свету. Мы, маўляў, настолькі маленькія і нязначныя, што не маем уласнага голасу на планетарным узроўні. Я лічу, што прынамсі сусветную філасофію мы ўзбагацілі ўнікальнай спраўджанай тэорыяй: «Добрае – гэта адсутнасць дрэннага». На гэтым адмаўленні грунтуецца ўся наша нацыянальная ідэя.

За маёй хатай ёсць кароўнік, які знаходзіцца на балансе калгаса імя Фелікса Эдмундавіча Дзяржынскага. Спыніце жвавы рух даяркі, якая ўпоцемках вяртаецца з працы дадому, скажыце, што вы журналіст, і ў вас ёсць да яе некалькі пытанняў. 50 са 100 даярак адкажуць вам літаральна:

– Вой, адчапіцеся. Панапішаце ўсялякага, а ў мяне потым праблемы будуць.

Яшчэ 50 даярак адкажуць так:- Калгас у нас харошы, людзі рабацяшчыя, начальства не абіжае, памагае ва ўсім.

А калі вы «наскі» хлопец, як я, даведаецеся шмат новага пра беларускія калгасы. Але ўсе сто даярак будуць слёзна патрабаваць:

– Толькі ж, барані Божа, не пішы нікуды!

Так і вынікае, што ў нас шмат затоеных праблемаў. Праблемаў, пра якія нельга пісаць, нельга казаць і нельга думаць.

Часам у палешукоў узнікае рашучасць ваяваць, але страх перамагае. Памятаю, калі толькі пераехаў у вёску і мясцовыя даведаліся, што я чалавек вучоны, умею «па-граматнаму» пісаць, дык прыходзілі з просьбамі скласці ананімку на дырэктара ці трохі спужаць чыноўніка. Мы дамаўляліся сустрэцца заўтра. Праз месяц цікаўлюся, чаму не прыйшлі.

– Вой, няхай будзе, як яно ёсць. Абы не было новых праблемаў.

А шо, мы ўжо прызвычаіліся, мо так і трэба.

Чыноўнікі – гэта даяркі

Усе чыноўнікі, дарэчы, – гэта тыя самыя даяркі імя Дзяржынскага. Такія ж баязлівыя цёткі. Але калі даяркам дараваць можна, бо яны адказныя толькі за свае жыцці, то чыноўнікам усіх вертыкаляў – ніяк няможна. Бо там, дзе мусіць быць клопат пра сваю тэрыторыю, ёсць страх «абы не было праблемаў». Таму, напрыклад, забараняюцца сумнеўныя мерапрыемствы ці нейкія культурніцкія акты. Потым у інтэрнэце напішуць: «Ганьба! Ворагі беларушчыны!». Ніякія там не ворагі – проста баязлівыя даяркі. Як той кажа, лепей перабздзець, чым недабздзець. Гэтыя вертыкалі выкрышталізоўваліся цягам двух дзесяцігоддзяў. Яны ідэальныя для беларускага дзэна.

Як і даяркі, беларускія чыноўнікі любяць хаваць свае праблемы. Як, напрыклад, пару гадоў таму схавалі некалькі вёсак у Петрыкаўскім раёне за высокімі бляшанымі агароджамі. Мусілі прыехаць прэзідэнты трох краін на мясцовае народнае свята. І каб тыя прэзідэнты не ўгледзелі просты беларускі быт, яго зараўнялі металапрофілем. У выніку цэнтральныя вуліцы пераўтварыліся ў тунэлі, дзе вяскоўцы першыя месяцы блукалі, не маглі знайсці ўваходы ў свае двары.

А прэзідэнты, дарэчы, не прыехалі.

Няма смецця – няма праблемы

Аднак беларуская філасофія можа мець і станоўчыя наступствы. Толькі дзякуючы «Абы не было праблемаў» у Беларусі роўныя дарогі і няма смецця. Смецце – гэта праблема. Няма смецця – няма праблемы. Гэта вядомая сталінская тэорыя, але адрэдагаваная беларускімі гуманістамі. Простае і геніяльнае вырашэнне. А вы кажаце, мы нічога не можам даць Свету! Як па мне, усе краіны мусяць пераймаць наш вопыт.

Зноў жа пра смецце. Была ў мяне з ім праблема. Назбіралася за дзевяць месяцаў некалькі мяхоў. Штотыдзень вёску абслугоўвае спецыяльны трактар, аднак да мяне не збочваў, бо ў хаце некалькі год ніхто не жыў, і я не лічуся на балансе ў гэтага трактара.

Ужо і бабкі-суседкі кідаліся пад яго, спрабавалі спыніць сваймі целамі, і я тэлефанаваў у сельсавет, які на той момант быў вельмі заняты выбарамі. Варта было мне толькі напісаць у інтэрнэце, як на наступны ж дзень – ані праблемы, ані смецця.

Я б хацеў, каб гэта адбылося таму, што нейкі добры дзядзя чыноўнік прачытаў і вырашыў мне дапамагчы. Маўляў, гэта мой службовы абавязак – вырашаць праблемы. Я ж на гэтай пасадзе толькі для таго, каб спрыяць паляпшэнню ўмоваў жыцця ў раёне. Але тут спрацавала правіла са спецыяльнай метадычкі, якую выдаюць усім беларускім чыноўнікам пры нараджэнні: «Калі праблему няможна схаваць, толькі тады яе трэба вырашыць».

Мама цікавіцца: «Як табе не страшна такое пісаць?»

Страшна, мама. Я такі ж паляшук. Я ж таксама маю беларускі філасофскі ген. Як і мой дваюрадны брат, я сяджу ў лесе і чакаю, пакуль усё зменіцца. А ўсё абавязкова зменіцца само. Трэба толькі пачакаць. Два-тры стагоддзі, не болей.

Я не хачу, каб пачалася вайна. Вайна – гэта страты і забойствы для ўсіх бакоў. Але калі раптам такое здарыцца, не пытайцеся, на чыім баку будуць ваяваць палешукі. Мы будзем сядзець у лесе, смажыць сала і захоўваць сваю ідэнтычнасць, сутнасць якой – прыстасоўвацца да праблемаў, а не змагацца з імі.

Андрусь Горват для belsat.eu

Стужка навінаў