Андрэй Раўкоў усё ж выказаў спачуванні сваякам Аляксандра Коржыча


Міністр абароны Андрэй Раўкоў выказаў спачуванні сваякам Аляксандра Коржыча, а таксама паабяцаў пакараць вінаватых у ягонай смерці.

«Я выказваю глыбокія спачуванні бацькам загінулага Аляксандра Коржыча. Ніякімі словамі нельга паменшыць боль ад трагедыі. Цяпер самае галоўнае – аднавіць поўную карціну таго, што адбылося», – падкрэсліў Андрэй Раўкоў.

Паводле яго, у вайсковым калектыве не павінна быць халатнасці і баязлівасці. «Камандзіры і начальнікі павінны адказваць за падначаленых, – цытуе міністра БелТА. – Не павінна быць смерцяў вайскоўцаў, асабліва тэрміновай службы ў мірны час».

Міністр звярнуўся да ўсіх бацькам, чые сыны служаць або будуць служыць у войску: «Калі вы прыязджаеце на прысягу, звярніце ўвагу, што кажуць камандзіры вайсковых часцей. Яны скажуць, што рабіць у дачыненні да сваіх дзяцей, каб служба прайшла без праблем. Узаемасувязь бацькоў з вайсковай часткай павінна быць пастаяннай». Паводле Раўкова, калі ў бацькоў няма даверу да кіраўніцтва вайсковых часцей, у іх заўсёды ёсць магчымасць прыйсці на прыём да міністра або звярнуцца ў іншыя органы.

Спачуванні Андрэй Раўкоў выказаў толькі праз два тыдня пасля таго, як 21-гадовага жаўнера Аляксандра Коржыча знайшлі павешаным у падвале на тэрыторыі вайсковай часткі ў Пячах. Паводле сваякоў і сяброў Аляксандра, хлопец стаў ахвярай дзедаўшчыны: у яго вымагалі грошы, яго білі, над ім здзекаваліся і ў выніку забілі, а потым імітавалі самазабойства. Труп Коржыча знайшлі са звязанымі шнурком нагамі і надзетай на галаву майкай.

Анлайн-петыцыя з патрабаваннем адстаўкі міністра абароны Андрэя Раўкова яшчэ на мінулым тыдні сабрала больш за 10 тыс. подпісаў, але пасля скаргаў Мінабароны была заблакаваная. Збор подпісаў распачалі таксама апазіцыйныя актывісты на вуліцах Менску.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў