Андрэй Раўкоў распавёў, што СССР перамог у вайне дзякуючы Сталіну


Міністр абароны Беларусі Андрэй Раўкоў выступіў амаль з 20-хвіліннай прамоваю падчас святочнага канцэрту ў Палацы рэспубліцы, прымеркаванага да Дня Перамогі 9 траўня.

Падчас свайго выступу Раўкоў не толькі распавёў пра падзеі Другой сусветнай вайны, але пра тое, як СССР рыхтаваўся да канфлікту.

Паводле міністра, галоўнай задачай «маладой савецкай дзяржавы» ў 20-х гадах было выжыванне.

«Як вырашыў СССР гэтую геапалітычную задачу? За 15 гадоў ствараецца 2-я эканоміка ў свеце. Захад прайшоў гэты шлях за некалькі стагоддзяў», – сцвярджае кіраўнік Мінабароны Беларусі.

Раўкоў прызнае, што спосабы індустрыалізацыі ў СССР былі «жорсткія», але адзначае, што «без вырашэння гэтай задачы не было б Перамогі». «Менавіта так закладаўся патэнцыял для будучага выратавання свету ад карычневай чумы», – дадаў ён.

Раўкоў падрабязна распавёў пра тое, што ў 20-30 гады ў СССР была фактычна ліквідаваная непісьменнасць, створана бясплатная адукацыя і медыцына, пабудаваныя тысячы прадпрыемстваў. Пры гэтым пра ахвяраў калектывізацыі, а таксама масавых рэпрэсіяў і дэпартацый Раўкоў не сказаў ніводнага слова. Міністр таксама нічога не сказаў пра рэпрэсіі 1937-1939 гг. у Чырвонай арміі, у выніку якіх было знішчана не менш за 65% камандных кадраў (у тым ліку забітыя 3 маршалы). Замест гэтага Раўкоў заявіў, што падрыхтоўка камандзіраў у СССР была вельмі добрая.

Раўкоў распавёў, чаму, на яго думку, СССР перамог гітлераўскую Нямеччыну:

«Вялікая Перамога абумоўлена воляй, мужнасцю, найвышэйшым маральным духам савецкіх людзей. Перамог савецкі патрыятызм – адданасць народа айчыне. Вытокі перамогі таксама ляжаць у перавазе савецкай эканамічнай сістэмы, якая апынулася здольнай у цяжкіх умовах не проста выстаяць, але і забяспечыць вытворчасць вайсковай тэхнікі і ўзбраення… Вялікая Перамога абумоўлена эфектыўнай сістэмаю дзяржаўнага кіравання і роляй асобы ў гісторыі – асобы вярхоўнага галоўнакамандуючага».

Раўкоў не назваў імя Іосіфа Сталіна, але менавіта Сталін падчас Вялікай Айчыннай вайны быў вярхоўным галоўнакамандуючым СССР.

Паводле міністра, уклад у перамогу таксама ўнеслі і дзяржавы антыгітлераўскай кааліцыі, але «галоўны суб’ект перамогі – СССР».

Раўкоў закрануў і сённяшнюю сітуацыю ў свеце.

«На жаль, сучасны свет уступіў у эпоху нявызначанасці, непрадказальнасці і нестабільнасці. Адкрытае і цынічнае зневажанне нормаў, якія рэгулююць сістэму міжнароднай бяспекі, – гэта выклік гістарычнай памяці не толькі народаў былога Савецкага Саюзу, але і народаў краін антыгітлераўскай кааліцыі, у тым ліку ЗША і Вялікай Брытаніі».

Раўкоў падкрэсліў:

«Нашая краіна не разглядае ніводную дзяржаву ў якасці праціўніка».

Прамова Раўкова ў відэа ВоенТВ:

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў