Андрэй Раўкоў пра справу Коржыча: Я не здымаю з сябе асабістай адказнасці

ВІДЭА

Андрэй Раўкоў

Цела жаўнера тэрміновай службы Аляксандра Коржыча знайшлі ў Пячах толькі праз тыдзень пасля таго, як ён загінуў. Пра гэта распавёў міністр абароны Андрэй Раўкоў, адказваючы на пытанні belsat.eu падчас наўпроставай тэлефоннай лініі.

«Следства па справе Коржыча вядзе Следчы камітэт. Па выніках следствам, калі стане зразумела, што там адбылося (бо дагэтуль няма адказу на гэтае пытанне), будуць прынятыя меры да тых людзей, якія ў гэтым вінаватыя. А тыя кадравыя рашэнні, якія былі прынятыя – па звальненню, па зняццю з пасадаў (у выніку кадравых чыстак у 72 АНЦ у Пячах быў звольнены камандзір часткі і яшчэ шэраг афіцэраў – заўв. belsat.eu) – гэта былі меры да тых людзей, якія стварылі ўмовы, каб на 7 дзён чалавек проста згубіўся ў спісах асабістага саставу вайсковай часткі. І толькі праз 7 дзён пасля таго, як Коржыч павесіўся (урачы гэта пацвердзілі), выявілі, што яго няма і знайшлі мёртвым», – адзначыў ён.

Андрэй Раўкоў адзначыў, што не здымае з сябе адказнасці за трагедыю ў Пячах:

«Я ў сваім жыцці кіраваў рознымі калектывамі і ніколі не здымаў з сябе адказнасці за тыя падзеі, якія адбываліся ў калектыве. І ў гэтым выпадку асабістай адказнасці не здымаю, бо гэта мая праца, мой калектыў».

Пры гэтым міністр мяркуе, што нельга ва ўсім вінаваціць толькі войска:

«Гэтыя сяржанты – яны ж таксама чыесьці дзеці, трэба ж і бацькоў спытаць, як яны іх выхоўвалі. Не можа ж быць так, што 25 гадоў яго выхоўвала сям’я, школа, навучальныя ўстановы, а потым ён прыйшоў у войска і за паўгады-год стаў вось такім нягоднікам».

Што тычацца патрабаванняў адстаўкі міністра абароны, то Андрэй Раўкоў адзначыў наступнае:

«Мне не сорамна ні за адзін дзень маёй працы на пасадзе міністра абароны. Міністра абароны прызначае прэзідэнт і звальняе таксама прэзідэнт. Вырашыць ён – і я ў той жа дзень сыйду».

Нагадаем, 21-гадовага жаўнера Аляксандра Коржыча 3 кастрычніка знайшлі павешаным у падвале на тэрыторыі вайсковай часткі ў Пячах. Труп Коржыча знайшлі са звязанымі шнурком нагамі і надзетай на галаву майкай. Паводле сваякоў і сяброў Аляксандра, хлопец стаў ахвярай дзедаўшчыны: у яго вымагалі грошы, яго білі, над ім здзекваліся і ў выніку забілі, а потым імітавалі самазабойства.

Спачатку ў Мінабароны сцвярджалі, што Коржыч загінуў у выніку суіцыду, а Следчы камітэт адзначыў, што прыкметаў крымінальнага характару смерці жаўнера не назіраецца. Але потым пазіцыя СК змянілася: следчыя распачалі шэраг крымінальных спраў у дачыненні да вайскоўцаў па арт. 443 (дзедаўшчына), 455 (бяздзейнасць улады, што пацягнула цяжкія наступствы), 209 (махлярства) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. У СК сцвярджаюць, што на целе 21-гадовага Коржыча не выяўлена цялесных пашкоджанняў акрамя баразны ад пятлі.

Анлайн-петыцыя з патрабаваннем адстаўкі міністра абароны Андрэя Раўкова за некалькі дзён сабрала больш за 10 тыс. подпісаў, але пасля скаргаў Мінабароны была заблакаваная. Збор подпісаў распачалі таксама апазіцыйныя актывісты на вуліцах Менску.

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары