Андрэй Раўкоў патлумачыў, чаму трэба скараціць падставы для адтэрміноўкі ад службы ў войску


Міністр абароны Андрэй Раўкоў у інтэрв’ю РИА Новости назваў недапушчальнай сітуацыю, калі значная частка грамадзянаў Беларусі не ўдзельнічаюць у абароне нацыянальных інтарэсаў.

Андрэй Раўкоў адзначыў, што раней Беларусі быў значны лішак прызыўных рэсурсаў, таму ў пачатку 2000-х у войска не бралі нават тых, хто меў знятыя або пагашаныя судзімасці. Паводле міністра, колькасць падставаў для адтэрміновак у Беларусі «застаецца самым вялікім у свеце сярод арміяў, дзе ёсць служба па прызыву».

«Але становішча змянілася – сёння няма лішку прызыўных рэсурсаў, аднак ёсць неабходнасць рыхтаваць вайскова-навучаны рэзерв у гэтай канкрэтнай абстаноўцы, а асноўнай формай падрыхтоўкі была і застаецца тэрміновая вайсковая служба. Гаворка ідзе пра ваенную бяспеку дзяржавы. Сітуацыя, калі значная частка грамадзянаў не ўдзельнічаюць у абароне нацыянальных інтарэсаў, недапушчальная. І рашэнне гэтай праблемы толькі адно – ўнясенне адпаведных змяненняў у заканадаўства па пытаннях давання адтэрміноўкі ад прызыву, натуральна, з захаваннем прынцыпаў разумнай дастатковасці і сацыяльнай абароны грамадзянаў», – заявіў міністр.

Раўкоў дадаў, што адтэрміноўкі, напрыклад, па сямейным становішчы, па стане здароўя і шэрагу іншых падстаў, застануцца. «У інтарэсах вайсковага ведамства, каб ні адзін чалавек, які мае тое ці іншае захворванне, не быў прызваны ва Узброеныя сілы», – адзначыў ён.

Hавiны
Ад дзедаўшчыны да масавай утылізацыі ўзбраення. Топ-5 заяваў Андрэй Раўкоў падчас сустрэчы са СМІ
2018.10.25 16:12

Магчымыя змены ва ўмовах атрымання адтэрміноўкі ад службы ў войску Андрэй Раўкоў упершыню анансаваў падчас размовы з журналістамі 15 снежня.

На дадзены момант адтэрміноўку ад вайсковай службы ў Беларусі можна атрымаць па стане здароўя, для адукацыі, для інтэрнатуры, па сямейнаму становішчу, для атрымання вайскова-тэхнічных спецыяльнасцяў, у сувязі з выкананнем дэпутацкіх паўнамоцтваў і на падставе адмысловых указаў прэзідэнта.

ІІ, belsat.eu, паводле РИА Новости

Стужка навінаў