Андрэй Раўкоў: Беларусь скарэктуе план абароны на 2020-2024 гады


Міністр абароны Андрэй Раўкоў заявіў, што ў канцы 2019 года Аляксандр Лукашэнка зацвердзіць новы варыянт Плану абароны Беларусі на 2020-2024 гг.

«Наступны год стане знакавым для ваеннага планавання – трэба будзе правесці карэкціраванне Плана абароны Рэспублікі Беларусь на 2020-2024 гады. У канцы 2019 года ён будзе зацвярджацца прэзідэнтам. У дакумент, які дэталёва вызначае алгарытм дзеянняў дзяржавы па абароне сваіх інтарэсаў і тэрыторыі, у поўным аб’ёме будуць закладзеныя пастулаты Ваеннай дактрыны», – адзначыў Андрэй Раўкоў.

Міністр пры гэтым не ўдакладніў, чаму спатрэбілася змена Плана абароны і якія канкрэтна моманты будуць скарэктаваныя.

Раўкоў дадаў, што адным з галоўных мерапрыемстваў наступнага года стане сумеснае аператыўнае вучэнне «Шчыт Саюза-2019», якое пройдзе на тэрыторыі Расеі.

  • 31 кастрычніка падчас свайго выступу на адкрыцці паседжання Асноўнай групай экспертаў Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы ў Менску Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Менск і Масква займаюцца пошукам адэкватнага і незатратнага адказу на магчымае размяшчэнне сталай вайсковай базы ЗША у Польшчы. «Вядома, нас гэта турбуе. Калі, дапусцім, у Польшчы яны заяўляюць, што гатовыя марнаваць мільёны долараў, каб размясціць там нейкі форт Трампа, вядома, мы не ідыёты і, вядома, на гэта рэагуем», – заявіў ён, – Вядома, мы са сваім галоўным саюзнікам (Расеяй) думаем пра тое, як нам супрацьстаяць усяму гэтаму і як з мінімальнымі выдаткамі знайсці адэкватны адказ».
  • «Шчыт Саюзу» – гэта буйнамаштабныя вучэнні Беларусі і Расеі, якія праводзіліся ўжо тройчы (у 2006 годзе на беларускай тэрыторыі, у 2011 і 2015 гг. – на тэрыторыі РФ). У 2015 годзе яны адбыліся ў Пскоўскай і Ленінградскай абласцях – з беларускага боку тады былі задзейнічаныя больш за 1300 вайскоўцаў. У 2019 годзе вучэнні таксама пройдуць у Расеі. Іх план быў зацверджаны 24 кастрычніка падчас візіту ў Менск міністра абароны РФ Сяргея Шайгу.

ІІ, belsat.eu, паводле БелТА

Стужка навінаў