Андрэй Паротнікаў: у NATO расце разуменне, што Беларусь – не Расея


Беларусы наведалі штаб-кватэру NATO ў Бруселі. Сярод групы палітыкаў ды экспертаў быў і Андрэй Паротнікаў, кіраўнік аналітычнага праекту Belarus Security Blog. Сяргей Пеляса спытаў эксперта пра тое, што перашкаджае Беларусі падпісаць дамову з Паўночнаатлантычным альянсам, як у NATO успрымаюць нашую краіну, ды пры якіх умовах магчымы ўдзел беларускіх вайскоўцаў у сумесных з натаўскімі партнёрамі вучэннях?

Як цяпер у Паўночнаатлантычным альянсе ўспрымаюць Беларусь?

Беларусь па-ранейшаму застаецца збольшага terra incognita для чыноўнікаў NATO, але пры гэтым расце разуменне, што Беларусь не ёсць Расеяй. Хоць там успрымаюць Менск як вельмі залежны ад Масквы ў плане пытанняў бяспекі, асабліва вайсковай бяспекі. Тым не менш, яны бачаць адрозненне беларускай палітыкі ад расейскай і ўспрымаюць гэта дастаткова сур’ёзна, але пакуль, як мне здаецца, не вельмі разумеюць, што з гэтым рабіць далей.

Амаль што ў той самы час, калі група беларускіх экспертаў была ў Бруселі, у штаб-кватэры NATO ўжо былы кіраўнік Генштабу ўзброеных сілаў Беларусі, генерал Алег Белаконеў, які цяпер трапіў у Палату прадстаўнікоў, зрабіў гучную заяву, нечаканую – пра тое, што будуць гатовыя да вучэнняў з NATO. У сувязі з гэтым узнікае пытанне: а раней Беларусь хіба не ўдзельнічала ў вучэннях з дзяржавамі NATO?

Менавіта ў вайсковых вучэннях беларускія вайскоўцы з натаўскімі дзяржавамі не ўдзельнічалі, але былі вучэнні, у якіх удзельнічала Міністэрства надзвычайных сітуацыяў, бо NATO – не толькі вайсковы альянс. Гэта таксама і вельмі моцная сістэма ліквідацыі катастрофаў: тэхнагенных, прыродных і гэтак далей. Там Беларусь даволі актыўна ўдзельнічае, і яна прадстаўленая. Што датычыць менавіта вайсковых кантактаў паміж беларускімі вайскоўцамі ды вайскоўцамі NATO, то беларусы ўдзельнічалі ў рознага кшталту спаборніцтвах на запрашэнне канкрэтных краінаў. Але ў тым выпадку гэта не быў узровень супрацы з альянсам паміж Беларуссю і альянсам, гэта была двухбаковая супраца.

Так, гэта беларускія спецназаўцы ўдзельнічалі, па-мойму, у спаборніцтвах з брытанскімі вайскоўцамі. Гэта ўжо традыцыя. Генерал Белаконеў пазначыў, што Беларусь гатовая да вучэнняў з NATO, а як той факт, што Беларусь – саюзнік Расеі, уплывае на магчымы ўдзел беларусаў у вучэннях альянсу?

Гэта хутчэй рэверанс у бок Масквы, бо на сёння праблемаю для ўдзелу беларускіх вайскоўцаў менавіта ў вайсковых вучэннях застаецца адсутнасць пагаднення аб абароне сакрэтнай інфармацыі паміж Беларуссю і NATO. Дарэчы, такое пагадненне ёсць у NATO з Расеяй. Але з Беларуссю з 1994 года мы ніяк не можам яго падпісаць. Усё ж вучэнні звязаныя ў тым ліку з абменам нейкай інфармацыяй абмежаванага карыстання. У гэтым выпадку пакуль гэтае пагадненне не будзе падпісанае, удзел беларускіх вайскоўцаў у супольных вучэннях з вайскоўцамі NATO – збольшага тэарэтычная і гіпатэтычная магчымасць.

Андрэй, з чым бы вы звязвалі агулам заяву генерала Алега Белаконева цяпер, калі акурат ідзе цяжкі працэс перамоваў паміж афіцыйнымі Менскам і Масквой, звязанымі з інтэграцыяй? Ці ёсць сувязь паміж гэтымі падзеямі?

Беларускі бок, улады заўсёды імкнуцца маніпуляваць сваімі партнёрамі з Захаду і з Усходу, таму, безумоўна, я схільны разглядаць такія заявы, нейкія рэверансы ў бок Захаду, у прыватнасці NATO, як своеасаблівую прыладу ціску на Маскву. Маўляў, калі вы не пойдзеце на паразуменне з намі, то мы заўсёды знойдзем магчымасць здзейсніць гэтак званы разварот на Захад. Але я скептычна стаўлюся да гэтага, таму што мне падаецца, у Маскве даволі дакладна разумеюць, што ні на які Захад Беларусь пры Аляксандру Лукашэнку не развернецца.

Дамова аб абмене інфармацыяй. Я, калі быў на саміце NATO ў Бруселі, таксама пра яе чуў. Пра яе афіцыйна сказаў міністр замежных справаў Латвіі ў інтэрв’ю «Белсату», але неафіцыйна мне вядома, што ёсць нейкая праблема з гэтай дамовай, што альянс хацеў бы яе падпісаць, Беларусь хацела б яе падпісаць, але ёсць перашкода. І я чуў, што магчыма гэтая перашкода зноў жа ў БелАЭС і пазіцыі Літвы. Ці была падчас вашага візіту ў Бруселі пра гэта гаворка?

ВІДЭА
Міністр замежных справаў Латвіі: Настаў час падпісаць дамову Беларусі з НАТО
2019.12.01 11:14

Было сказана наступным чынам, што такія пагадненні павінны прайсці працэдуру ўзгаднення ўсімі краінамі – чальцамі NATO, але не ўсе краіны пакуль што згодныя гэтую працэдуру правесці. Ну і безумоўна, наўпрост не называлася, якая краіна, але было ўдакладнена, што цяпер засталася адна краіна. Мы ўсе зрабілі для сябе высновы, што гутарка ўсё ж ідзе пра Літву. Але паводле апошніх звестак, афіцыйная пазіцыя Вільні ў гэтым пытанні таксама паступова змяняецца на карысць беларускага боку, яны лічаць, што трэба развіваць супрацоўніцтва і дыялог шматвектарны, шматпланавы паміж заходнімі вайскоўцамі ды беларускімі – гэта ў агульных інтарэсах. То бок вайсковая бяспека.

Сюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» 13.12.2019

Іншыя тэмы:

Стужка навінаў