Андрэй Паротнікаў: Лукашэнка не загнаны ў кут

ВІДЭА

Інструментарый расейскага ціску на Беларусь абмежаваны, мяркуе кіраўнік праекту «Belarus Security Blog» Андрэй Паротнікаў. Пра найгоршы з магчымых для Беларусі сцэнар гэтак званай інтэграцыі з Расеяй, пра мэты публікацыі ў выданні «Коммерсантъ», пра заданне максімум для Масквы і пра галоўнае заданне Беларусі – у інтэрв’ю Змітра Міцкевіча з экспертам у бяспецы.

«Коммерсантъ» закінуў інфармацыю ледзь не пра поўную інтэграцыю Беларусі з Расеяй. Ці ёсць гэта спробай яшчэ раз паўплываць на яго, яшчэ раз націснуць?

Я не думаю, што гэта спроба яшчэ раз націснуць на яго. Гэта спроба дэстабілізаваць палітычную атмасферу ў Беларусі напярэдадні гэтак званых парламенцкіх выбараў. Але гэта і спроба стварыць нейкія праблемы асабіста Аляксандру Лукашэнку. Таму не трэба шукаць тут ніякай глыбокай змовы. Некаторыя рэчы могуць адбывацца праз значна простыя прычыны.

А наколькі апісаны сцэнар рэалістычны і, што самае галоўнае, прымальны для ўладаў Беларусі?

Складана сказаць, бо «Коммерсантъ» аперыраваў інфармацыяй, якую яны пабачылі ў нейкім дакуменце. Сам дакумент не прыводзіцца. Таму ўзнікае пытанне, наколькі гэтая інфармацыя адпавядае планам праекту пагаднення паглыбленай інтэграцыі, які распрацаваны ўрадам. Іншы момант, што гэта трактаванне інфармацыі, якая ёсць. У самым артыкуле размова пра адно, а высновы зусім іншыя.

Гэта такая своеасаблівая маніпуляцыя і можа выглядаць цалкам як інфармацыйны закід ці нейкія часткі рэалістычнага сцэнара ўсё ж ёсць?

Сам дакумент можа існаваць і нават можа быць у гэткіх фармулёўках. Але каб зразумець агульны сэнс, трэба бачыць дакумент цалкам. Другі момант: трэба памятаць, што будучыня вызначаецца гісторыяй. Гэта не першая спроба паглыбленай інтэграцыі ў фінансава-эканамічнай сферы паміж Беларуссю і Расеяй. Раней таксама з’яўляліся нейкія планы, расейскі рубель меўся быць у якасці адзінага плацежнага сродку, але мы бачым, што нічога не здарылася. Таму тут можа быць элемент замовы з боку адміністрацыі Пуціна. Хачу нагадаць, што фактычна з федэральных медыяў абсалютна незалежная і непадкантрольная адміністрацыі прэзідэнта Расеі толькі «Новая газета». Астатнія ў той ці іншай ступені ўзаемадзейнічаюць з крамлёўскай адміністрацыяй.

Шмат сцэнароў гэтай інтэграцыі зʼявілася – і вайсковы, і палітычны. А які мы можам уявіць як найгоршы для Беларусі? Які будзе найгоршы і для рэжыму Лукашэнкі, і для такой краіны, як Рэспубліка Беларусь у прынцыпе?

Мы можам паглядзець на той варыянт, які найбольш адпавядае расейскім памкненням і інтарэсам – гэта адносіны Расеі і Паўднёвай Асеціі. Гэта азначае такую марыянеткава-манетачную незалежнасць пры поўным эканамічным, фінансавым кантролі з боку Расеі над эканомікай гэтай тэрыторыі. Плюс поўны кантроль над сфераю бяспекі з улучэннем нават часткова асецінскіх аддзелаў у склад расейскага войска. Плюс кантрольны пакет у прыняцці найбольш складаных і найбольш важных палітычных рашэнняў з боку паўднёваасецінскага кіраўніцтва. То бок такая сістэма васалітэту. Гэта тое, да чаго імкнецца Расея ў стасунках з постсавецкімі краінамі. Гэта тое заданне максімум крамлёўскага кіраўніцтва, якое на сёння, як мне падаецца, стаіць. Гэта вельмі дрэнны варыянт, бо гэта азначае фактычнае прывязанне да краіны, якая дэградуе тэхналагічна, сацыяльна і палітычна, якая не збіраецца ісці на мадэрнісцкія праекты. Гэта азначае і паскораную дэградацыю краінаў, якія прывязваюцца да Расеі. Тут ёсць яшчэ момант, які фактычна зʼявіўся за апошнія пару гадоў: раней для Расеі самаю галоўнаю была палітыка і бяспека. Цяпер трэцім чыннікам іхнай актыўнасці становяцца грошы. Яны хочуць атрымаць прывілеяваны доступ свайго капіталу на рынкі краінаў СНД, скажам так, партнёрскіх, якія іх цікавяць. Яны хочуць не толькі кантраляваць і забяспечваць уласную бяспеку, яны хочуць на нас зарабляць. Гэта нармальная каланіяльная палітыка.

Эксперт: Аляксандр Лукашэнка саступіць у эканамічнай інтэграцыі

У сувязі з гэтым абсалютна лагічнае пытанне: ці ёсць у гэтай дзяржавы, што дэградуе, дакументальны і рэальны інструментарый, каб зрэалізаваць гэты сцэнар у дачыненні хаця б Беларусі?

На сёння, калі мы адкідваем гэткія брутальныя крокі, як наўпроставае вайсковае ўварванне ці вайсковая канфрантацыя з Беларуссю, галоўны інструментарый – інструментарый эканамічнага ціску, але ён таксама даволі абмежаваны. Бо Беларусь – краіна Еўразійскай эканамічнай прасторы. Калі ў Беларусі праз ціск Расеі адбываецца поўнамаштабны эканамічны крызіс або калапс, гэта фактычна дэградуе любую ідэю эканамічнай інтэграцыі постсавецкай прасторы пад расейскім лідарствам. Другі важны інструмент – інфармацыйны ўплыў. Але гэта зноў жа абмежаваная рэч, бо беларусы не вельмі цікавяцца замежнаю палітыкаю. Беларусаў больш цікавіць лакальная праблематыка, якая датычыць іхнага раёну, гораду, месца, дзе яны жывуць. Я б сказаў, што на сёння галоўны капітал і інструмент расейскага дамінавання ці ўплыву на Беларусь – асабістая папулярнасць Уладзіміра Пуціна як палітыка. То бок ён самы папулярны палітык, і не проста самы папулярны з замежных, а папросту самы папулярны палітык у Беларусі. Менавіта ягоная асабістая папулярнасць на сёння – самы галоўны інструмент расейскага ўплыву.

Ці ёсць у Лукашэнкі нейкая пляцоўка для манеўру ці магчымасць пазбегнуць гэтых інтэграцыйных памкненняў, неяк супрацьстаяць гэтым інструментам? І калі гэтая інтэграцыя праляціць міма, як будуць выглядаць беларуска-расейскія стасункі?

Як выглядаюць расейска-азербайджанскія стасункі ці расейска-ўзбекскія стасункі? Безумоўна, гэта кошт фінансава-эканамічнага падтрымання Беларусі з расейскага боку. Гэта патрабуе вельмі сурʼёзнай перабудовы дзяржавы ды эканомікі, патрабуе рэформаў, якія ў гэтым выпадку адбудуцца непазбежна. Не трэба казаць, што Лукашэнка загнаны ў кут. Ён не загнаны, і расейскія чырвоныя лініі яшчэ далёка ад беларускага кіраўніцтва. Таму ёсць вялікае поле для манеўру. Але трэба зразумець, што за кожны крок і рашэнне трэба плаціць, і вельмі часта – грашыма. Трэба сказаць, што мы не збіраемся адмовіцца ад суверэнітэту. І калі гэта будзе каштаваць нават нейкіх эканамічных прэферэнцыяў, мы на гэта гатовыя пайсці.

Не можа аказацца так, што Лукашэнка проста зацягвае час, каб, як пішуць у расейскіх медыях, сысці на Захад і г. д? Увогуле ці гатовы Захад на такія крокі – на фінансавае падтрыманне і прыняцце гэткага чалавека, як Аляксандр Лукашэнка?

Адназначна Лукашэнка абсалютна антызаходні паводле свайго менталітэту чалавек. На ніякі Захад ён сыходзіць не збіраецца. Пры гэтым ён дастаткова адэкватны, каб разумець, што на Захадзе ён таксама нікому не патрэбны. Таксама трэба разумець, што Захад збольшага змірыўся з тым, што Беларусь застаецца ў сферы палітычнага і вайскова-палітычнага ўплыву Расеі. Яны не збіраюцца змагацца за Беларусь хаця б таму, што не ведаюць або вельмі мала ведаюць пра Беларусь і разумеюць беларускія рэаліі. У гэтым выпадку Лукашэнка манеўруе, адцягвае час, але не для сыходу на Захад, а каб змяніліся нейкія абставіны, якія б маглі сыграць на карысць афіцыйнага Менску. Гэта могуць быць змены палітыкі ў амерыканскай адміністрацыі, новыя крызісы ўнутры Расеі і г. д. Цяпер галоўнае заданне афіцыйнага Менску – цягнуць час і спадзявацца, што нейкае вакно магчымасцяў адчыніцца ў будучыні. Як, дзеля чаго, у якім фармаце – ніхто не ведае.

Наколькі для Расеі пытанне інтэграцыі з Беларуссю важнае? Возьмем расейскі парадак дня – вонкавы і ўнутрана-палітычны: дзе месціцца гэтае пытанне і калі, напрыклад, Лукашэнка адкіне чарговыя прапановы, якая можа быць рэакцыя?

Важнасць краіны для вонкавай палітыкі Расеі вызначаецца колькасцю людзей, адмыслоўцаў, экспертаў, якія цікавяцца гэтаю краінаю, то бок наяўнасцю запыту на экспертызу адносна палітыкі гэтай краіны. На сёння ў Расеі няма адэкватных экспертаў пра Беларусь, якія б былі пагружаныя ў беларускую праблематыку. Адпаведна таму, што няма і плацежаздольнага запыту на гэтыя паслугі. Таму Беларусь, безумоўна, важная для Расеі, але ў іх падыход такі: гэта тая страва, якую мы зможам зʼесці ў той час, калі мы будзем гатовыя і калі нам гэта спатрэбіцца, нікуды яны ад нас не падзенуцца. Я б не перабольшваў страх Крамля перад тым, што Лукашэнка ідзе на Захад. Былы амбасадар Расеі ў Беларусі зрабіў вельмі добрую справу. Ён упершыню правёў аналіз унутранай сітуацыі ў Беларусі. І атрыманыя звесткі сведчаць, што Беларусь вельмі залежная ад Расеі – і псіхалагічна, і фінансава-эканамічна. І ніякі Захад нават сёння ніколі не дасць столькі фінансавага падтрымання ды прэферэнцыяў, якія нават цяпер дае лукашэнкаўскай Беларусі Расея. Як у свой час сказаў расейскі эканаміст Вячаслаў Іназемцаў, 2-3 мільярды долараў за год, каб у найгоршым выпадку набыць лаяльнасць Лукашэнкі, – для Расеі гэта не крытычна.

Інтэрв’ю выйшла ў праграме «ПраСвет» 20. 09.19

Іншыя тэмы выдання:

Фота вокладкі: Forum

Глядзі таксама
Каментары