«Андрэй ніколі не напіша, што яму дрэнна». Амаль 4 месяцы расеец сядзіць за кратамі ў Беларусі


Мужчыну ўзялі пасля аднаго з дазволеных мітынгаў Сяргея Ціханоўскага.

18 верасня – Дзень народзінаў Андрэя Новікава. Але ў роднай вёсцы Прусы, што на Пастаўшчыне, сам Андрэй адзначаць паўвекавы юбілей не будзе. Бо сядзіць за кратамі, у СІЗА №1 на Валадарцы. У зняволенні імяніннік ужо 3,5 месяцы, практычна ад моманту, як яго затрымалі пасля дазволенага мітынгу Сяргея Ціханоўскага 6 чэрвеня, дзе ён даваў яму інтэрв’ю. Андрэю Новікаву прадʼяўлена абвінавачванне паводле арт. 342 ч. 1 Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Суду яшчэ не было. Праваабаронцы прызналі мужчыну палітычным зняволеным. Belsat.eu паразмаўляў з роднымі пра яго.

Дома Андрэя чакае жонка Вольга з двума дзецьмі: малодшай дачцэ ўсяго год, старэйшая – з інваліднасцю, патрабуе пастаяннага догляду. Сам Андрэй – пенсіянер. Да пенсіі служыў у расейскім МУС: палкоўнік паліцыі, займаў пасаду начальніка УУС. Калі сышоў на пенсію, то вярнуўся жыць у Беларусь. Мае грамадзянства РФ і від на жыхарства ў Беларусі.

– Жывём як і жылі. Спраўляемся паціху. Дапамога ёсць, родны брат Андрэя дапамагае ды і іншыя родныя, сябры і знаёмыя. Дапамаглі бульбу выкапаць, зараз дапамагаюць перабраць і спарадкаваць ураджай. А ў астатнім спраўляемся. Я чалавек звыклы да працы, паціху спраўляемся, – кажа Вольга Новікава.

– А як з грашыма, ці хапае на жыццё?

– Ёсць дапамога на дзяцей. Да нядаўняга часу была пенсія мужа, прыходзіла на картку. Зараз карткі Андрэя заблакавалі. А так дапамагаюць людзі, і не толькі знаёмыя. Вельмі ім удзячная. У нас гаспадарка свая. І ў асноўным мы жывем з яе. У вёсцы лягчэй пражыць у параўнанні з тым, як раней мы жылі ў горадзе. Тут прасцей выжываць. Вядома, для малечы трэба асобнае харчаванне набываць і розныя рэчы. Родныя дапамагаюць. Прызвычаіліся ўжо, выжываем.

– Колькі часу прайшло з моманту затрымання мужа?

– Будзе роўна чатыры месяцы 5 кастрычніка. Зараз ужо тры з паловай месяцы, як яго з намі няма. Лісты прыходзяць вельмі дрэнна. То паўтары месяцы няма, то потым адразу штук 8-10 перададуць. Зараз ізноў даўно не было лістоў. І так ад яго не толькі я атрымліваю, а і іншыя родныя і знаёмыя, з кім ён перапісваецца.

Андрэй Новікаў. Фота Радыё Рацыя

– Што піша Андрэй з-за кратаў?

– А нічога такога не напіша, бо ўсе лісты праходзяць цэнзуру. Піша, што жыў-здароў, усё нармальна, наколькі яно можа быць нармальна. Ва ўсялякім разе, Андрэй ніколі не напіша, што яму дрэнна, ён ніколі не будзе скардзіцца, гэта адназначна. Таму і піша, што ўсё добра. Хаця, насамрэч, я не ведаю, як там усё добра ці нядобра. Думаю, што не хоча мяне засмучаць, таму і піша, што ўсё добра.

Зараз знаходзіцца на Валадарскага ў СІЗА №1. Яму прад’явілі абвінавачванне па арт.342 ч.1 КК РБ, але суда яшчэ не было. Магчымасці сустрэцца і пагаварыць пакуль не было. Раней я пісала зварот, каб дазволілі спатканне, прыйшоў адказ, што будзе магчымасць на спатканне. Але ў мяне на той момант не было з кім пакінуць гадавалую дачку, таму спатканне не адбылося. А потым Андрэй напісаў, што не трэба нікуды звяртацца і ехаць у такую дарогу з дзіцём, бо яны могуць спачатку даць згоду на спатканне, а потым адмовіць. Раіў не мучыць дачку, а яна ў нас такая, што з чужымі не застаецца, таму няма сэнсу траўмаваць дзіця.

– Андрэй мае расейскае грамадзянства. Ці звярталіся вы па дапамогу ў Расейскую амбасаду?

– Куды мы толькі ні звярталіся: і ў амбасаду, і ў суд, і да генеральнага пракурора і яго намесніка, і ў Міністэрства замежных спраў. Нідзе ніякай станоўчай рэакцыі не было. Генеральны пракурор адправіў у следчы камітэт, і астатнія ўсе ад сябе адпіхваюць. І адвакат наш займаецца гэтымі пытаннямі, але ўсюды цішыня. Чакаю 8 кастрычніка: Андрэй атрымаў пастанову аб працягненні тэрміну яго затрымання да 8 кастрычніка. Будзем чакаць, што будзе пасля 8 кастрычніка, можа якія змены будуць.

Мы задалі пытанне Вользе, што яна думала пра сітуацыю да затрымання мужа і цяпер, пасля выбараў?

– На сённяшні дзень свой пункт гледжання я нідзе наагул не агучваю. Лічу, што так будзе лепш.

Крысціна Авакумава belsat.eu

Стужка навінаў